Showing posts with label Нешта з жыцця. Show all posts
Showing posts with label Нешта з жыцця. Show all posts

08/03/2013

Зачэпкі

Карысна ісці за рэкамендамі і сваёй цікаўнасцю. У жніўні падчас экскурсіі па Гродне вельмі спадабалася цеплыня і павага, з якімі гродзенцы расказвалі пра Элізу Ажэшка. І я падумала: што ж яна напісала, калі Дагэтуль... І пачала чытаць "Nad Niemnem". Сапраўды, напісана вялікай і мудрай жанчынай.

Потым,  не вагаючыся, паверыла сяброўскаму "У Лема пачытай Салярыс". Добры пераклад на беларускую мову Максіма Валошкі. А сам твор, як лабірынт на тваёй далоні. Зверху глядзіш – так проста і лагічна, сыходзіш ніжэй, углыб – гэта толькі брама ў невядомае, і магчыма, бясконцае...

Сёння гляджу нямецкі фільм "Небо над Берлином" 1987 года. Рэкамендацыя яшчэ аднаго чалавека, які глянуў на мяне і сказаў: табе спадабаецца. Добры фільм, сапраўды. Няўлоўны, як тыя анёлы, што прысаджваюцца побач з дзецьмі і самотнікамі. "Мы назіраем толькі за духоўным жыццём..."

Не праспаныя світанні

commons.wikimedia.org
Калі хмары не замінаюць сонечным промням, то ўзыход сонца заўсёды, у кожную пару года, выглядае дзівосна і ўрачыста. Цябе, нібы тую змрочную гару, да дна кожнай тваёй маршчынкі залівае святло, сантыметр за сантыметрам, з галавы да ног... Хочацца проста сядзець і слухаць цёплы дотык промняў.

Наваколле можна стаць зусім іншым, калі ж сонца не ашчаджае сваёй моцы, каб займала дух ад звычайных рэчаў на кароткі час світанку.

Напрыклад, вось гэты дом у акне кватэры на сёмым паверсе, у якой мы жылі два гады таму. Здымак зроблены якраз 8 сакавіка. Так "загараліся" шыбы кожны ранак у яснае надвор'е. Мімаходзь зірнеш у акно – і не можаш адарвацца. Цікава, ці ведалі самі жыхары аб такой ранішняй метамарфозе.

21/01/2013

Ад цямна да цямна

Так называецца зімой працоўны дзень. Праўда, зараз я пачала прыходзіць на ўсходзе сонца, і гэта мне больш падабаецца. Выходзіш на прыпынку і ідзеш на ўсход. Сення нават не ўтрымалася і зняла на тэлефон засыпаны снегам сквер. Марозным ранкам ляціш хутчэй у цяпло нават скрозь такую прыгажосць.

19/12/2012

Чаго можа не быць

Вядома, не кожны дзень, але часта ўспамінаецца мне адна размова з урачом-гінеколагам, якая вяла маю першую цяжарнасць. Першую – самую незразумелую, новую, дзіўную, калі верыш дактарам больш, чым сабе. Вялікі знак пытання, а не 9 месяцаў – ці ўсё добра, ці правільна, а як там дзіця, а што далей, а як там са мной будзе... А тая ўрач таксама любіла розныя даследванні, гіпотэзы, і сумненні, прычым агучвала магчымыя наступствы без пастаноўкі дыягназаў. Статыстыку розную невясёлую ведала. Такім чынам, нашы сустрэчы не дадавалі мне супакою.

Верыфікаваць усе яе словы не было з кім (дакладней кажучы, тады я не шукала іншага доктара). Я шукала падтрымкі ў блізкіх, з першых месяцаў прыдумала сабе вершаваную малітву на кожны дзень за маленства і нашу сям'ю. Нарэшце, усе тыя цьмяныя негатыўныя наступствы і ўплывы пачалі супярэчыць майму даверу да Бога. І аднойчы, выслухаўшы чарговае: "Гэта можа прывесці да ..." з пералікам непрыемнасцяў для дзіцяці, я спыталася: "Але можа і не прывесці?". "Так, – раптам згадзілася яна, нібы і ў яе нешта адлягло ад сэрца, – можа і не прывесці".

Мне палягчэла не на 100 – не менш, чым на 200%, нібы нехта адпусціў на волю. Дзіця нарадзілася здаровым. З той пары аб варыянтах развіцця падзей я стараюся ведаць, але не тануць у пакутлівых здагадках, што яшчэ дрэннага можа здарыцца.

З чалавекам у гэтым свеце можа стацца процьма непрыемнасцяў, нават канец свету паслязаўтра. Старэйшыя людзі так і скажуць: усё можа быць, усюды саломкі не падсцеліш. Але побач з асцярогами часцей за ўсё крочыць шанец "а можа й не быць". А найлепш, слухаць парады, не губляючы здаровага сэнсу, і паволі (або раптам) выйсці з цёмнага лесу выпадковасцяў і шансаў на прастор веры і Божай любові.

07/09/2012

Практычныя заўвагі, як не запрацавацца


З цягам часу паток інфармацыі, рад і даведак атрымліваецца фільтраваць больш-менш удала, стасуючы да сваіх патрэб і густаў. Дарастаючы (або дэградуючы), змяняеш "ліст для чытання". Вядома, яго змест таксама ўплывае на будучыя перамены. За апошнія тры гады адпала вялікая колькасць рэсурсаў і крыніц, бо інфармацыя здаецца мне ілюзорнай, упрыгожанай і фальшывай. Нават калі аўтары і не хацелі да мяне нешта данесці, а толькі выклікаць пазітыўныя эмоцыі, то звычайна час лічу змарнаваным. Гэтага мала, знешняга і лёгкага. Сапраўдная змена эмацыянальнага стану адбываецца ў глыбіні чалавечага сэрца. Было б дзіўна дапускаць туды павярхоўнасць незнаёмых людзей і думак. Але тэма завялікая для двух сказаў, вядома.

Канешне, больш зразумела было б прыводзіць прыклады, пісаць рэцэнзіі, але я безадказна іх пакіну ўбаку. Увогуле, я рэдка даю парады. На жаль, не з-за прыгожай прычыны "а што пра мяне падумаюць людзі", а з-за сваёй няўважлівасці і ляноты. Пакуль здагадаешся, няма каму казаць :)

Але тлумачыць тое, што кожнаму трэба перажыць самому і прапусціць праз сваю глыбіню? Напэўна, не. Вось як адрозніць: дзе святло маяка, а дзе падманлівыя агні – такіх "падказак" я й сама заўсёды шукаю.

29/07/2012

З мінулага тыдня. Ваколіцы Астраўца

Вяртаючыся дадому.... Але ж не, маю на ўвазе, прыязджаючы да мамы пагасціць... Больш правільна? Нічога не зробіш: як напісана, так ёсць – вяртаючыся. Там я фізічна адчуваю запавольванне часу. Гадзіны не мільгаюць перад вачамі, як хвіліны, можна проста стаяць і дыхаць, убачыць зоркі над стрэхамі хатаў, абрысы якіях знаёмыя з дзяцінства.

Адвыкаеш у горадзе жыць у натуральным вымярэнні: сярод кветак, якія зацвітаюць у свой час, сярод ягад, якія спеюць з дня на дзень, і ты не можаш затрымаць летні дзень – заўтра нешта зменіцца. Напрыклад, зжоўкнуць агуркі, які трэба было выбраць учора :)


Ледзь не спазнілася на аўтобус у 3.25 нараніцы, бо стаяла сярод пустой дарогі, загледзіўшыся на ранішнюю зорку над яснеючай паласой неба. Нібы ўсход сонца – нейкі цуд, падумаеш, кожную ж раніцу. Але насамрэч – цуд, з тых, што мы не заўважаем.

12/06/2012

Звычайная нібыта нядзеля

Але не зусім. Якраз у нядзелю 10 чэрвеня споўнілася маёй дачушцы 6 год (мілае слова дачушка, праўда?). Нараніцы мы былі ўпэўненыя ў дзвюх рэчах: у тым, што ў 10.30 мы будзем у капліцы на Святой Імшы, і што ў 13.00 да нас збяруцца госці. Наконт таго, што з гасцямі рабіць пэўнасці не было. Але ўсё па чарзе.

Урывак з Евангелля на Св. Імшы Мк 3, 20–35: "І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая...?" Пытанне, разважанне ці запрашэнне, а можа – перасцярога? Здаецца, усе вакол ведалі, ніхто не задаваўся пытаннем, хто маці Езуса. Тады Ён спытаўся Сам, толькі не ў Сябе, а ў нас...

 "Хто будзе выконваць волю Божую," – просты ясны адказ, які слепіць вочы сваёй яскравасцю. Калі маці прапануе дзіцяці нешта супрацьлеглае Божай волі, яна ўжо яму не маці.

А як жа нюансы, жыццёвыя абставіны, цяжкае дзяцінства самой маці, і яе "цацкі, прыбітыя да падлогі"? Насамрэч, не да жартаў, бо як нельга быць "крышачку цяжарнай", так і маці – альбо ты ёсць, альбо не.

05/06/2012

Штормы патрэбны, каб жыло мора


Крыніца: http://www.hel.ug.edu.pl/okiem.htm

Шторм толькі з выгляду пагражае небяспекай паўвостраву Хэль. Штормы былі тут заўсёды, з тых даўніх часоў, калі ўтварыўся сам паўвостраў.  Яны стваралі яго і выразалі малюнак ягоных берагоў. Вялікая дынаміка хваль і перамяшчэнне вады спрыяюць насычэнню мора кіслародам. Балтыка тады аджывае.

14/05/2012

Воблачнае надвор'е ў Лідзе

Выходныя мы ўсёй сям'ёй правялі ў бабулі Стасі ў Лідзе. Не вельмі часта мы наведваем сваіх бабуль, кожная жыве за 150 км ад Мінска. Тым больш прыемна прыязджаць не з якой-небудзь нагоды, а проста так. Дзеці там увесь дзень лётаюць каля хаты, дзе нарадзіліся і выраслі іх дзед і  бацька. Толькі зараз яна абкладзена цэглай.

20/04/2012

Работа

Назвать профессию легко, но сегодня то, что я делаю на работе, увиделось несколько в ином свете. Я - дворничиха среди бумажек и цифр, которых накапливается целый ворох, если оставить их без внимания. Невидимой метлой я разметаю весь этот хаос по своим местам. Взмах - и цветные листочки накладных и счетов залетели в прозрачные файлы и заполнили нужные папки. Еще пара взмахов - и цифры заняли свои клеточки в строках отчетов и деклараций :)

Сколько таких взмахов бывает за день? За месяц? Результатом какой работы становится годовой отчет?

В общем, есть много параллелей с трудом тех, кто за нами убирает, особенно, рутинность. Это не наука, а практика, по большому счету. Многое зависит от инвентаря, то бишь, метлы, ой - программного обеспечения. Есть и принципиальная разница: для бухгалтера - а это и есть моя профессия - чем больше бумажек, тем лучше.

Хотя я все же надеюсь дожить до того дня, когда ситуация изменится. Когда отражение реальности, в которой функционирует организация, не потребует лишних справок и подтверждений, громоздких расчетов и трансформаций. В конечном счете, бухучет - это система, а любая система либо совершенствуется, либо отмирает

18/04/2012

Агонь

Вочы людзей глядзяць на агонь… Ён адбіваецца ў іх тысячы год, адзін і той самы, а яны не стамляюцца ўзірацца ў яго і нават сумуюць, шукаюць сустрэчы з ім, ціхім паслухмяным полымем на паленнях дроў. Нібыта, прыручылі яго…

Я расла ў простай вясковай хаце, дзе трэба паліць печку большую частку года, каб было цёпла. Агонь і цяпло былі непарыўна звязаны. А зараз маім дзецям дзіўна і цікава глядзець, як гараць дровы, як успыхваюць і гаснуць кінутыя імі паперкі. Чаму паленцы становяцца вугалькамі, куды знікае агонь і чаму потым чорна ў печцы і нельга кідаць зноў паперу? Але хутка забываюцца на ўсе свае пытанні і бягуць па сваіх справах. “Дзеці ўвесь час гойсаюць, бо хацелі б лётаць” (з верша Яна Твардоўскага). А я ў гэтыя рэдкія зімовыя прыезды сяджу і ўглядаюся ў агонь праз напаўадчыненыя дзверцы. Такая ўжо ў нас печка, што ўсё павінна быць адчынена напалову: юшка, дзверы, паддувала. Дровы гараць ціха і разважна, ўгараюцца, чырванеюць і зноў чарнеюць, становячыся вугалькамі і попелам.

27/03/2012

Ці трэба

Кропачка на Зямлі, дзе мяне пасадзілі расці, называецца Астравец. Калісьці зваўся ён мястэчкам, потым – пасёлкам, недзе наперадзе нібыта праступае горад. І вось дзіўная рэч: пасля школы я была ўпэўнена, што жыць у гэтым паселішчы я не здолею, бо хацелася большага, а зараз усведамляю, як моцна я прывязана да яго, як хочацца абараніць яго…

Ці ад будучыні? А можа светлай і лепшай? Магчыма, ёсць, канешне, пэўны кансэрватызм у адносінах да родных мясцін. Хочацца, каб сады былі на тых самых месцах, каб рагі вуліц былі такімі, як у часы першых спатканняў, каб незабудкі гэтаксама цвілі ў маі ў густой траве пад касцёлам.

26/03/2012

Адкуль я

Прыгадалася цёплае сонца дзяцінства ў роднай хаце, з бацькамі, з лесам і рачулкай побач. За плотам жыла сяброўка-равесніца. Мы разам гойсалі па весцы, прыдумлялі гульні, знаходзілі сабе заняткі. Я была не вельмі гаваркой, нават, звычайна, сама па сабе. І прычынай таму былі не толькі гены, вядома. Жыццё прывучыла асцерагацца.

Я расла пры касцеле, бо бацька працаваў арганістым і мама была (і ёсць) веруючым чалавекам. А час быў савецкім. 70-я - 80-я гады... Мала таго, што маё імя было "немодным, старым, як у бабуль" - хадзіць у касцел было нязвыкла, а так часта - проста глупствам. "І што ён табе дае, гэты Бог?" "О глядзіце, дачка арганістага!" Так, наколькі помню 2 хлопцы пару разоў білі крыху, а адчуванне, што за табой назіраюць - помню вельмі выразна. Бо і ў школе былі праблемы з-за касцёла, і ў камунікацыях з іншымі. Вядома, негатыву было менш, чым нармальных зносін, але але

Ды не, крыўды не засталося. Толькі ўздзеянне на характар і стаўленне да іншых - засталося. Я і зараз не дзіўлюся, што спачатку мяне сустракаюць "па адзенні". Нічога, прыгледзіцца і ўбачыць...

Крокі па вадзе

Так, жыццё нашае сям'і ў Мінску выглядае дзіўным балансаваннем паміж немагчымасцю і рухам наперад.
Больш за 9 год мы перасоўваемся з аднаго чужога жытла на другое. Сам пераезд - гэта стрэс, вядома. Адчуванне сябе толькі часовым госцем накладае свой адбітак. На думкі, стаўленне да падзей і да жыцця. Напрыклад, кааператыў - паабяцалі скончыць да 2013 г. будаўніцтва дому, дзе маецца быць наша кватэра... А нешта эмоцыяў у мяне няшмат. Только недавер. ТОлькі незразумеласць - чаму так дорага каштуе.

І вось мы жывем, гадуем дзяцей, адпраўляем іх у школу/садок, заводзім сяброў, працуем і набываем нейкія рэчы (якія потым пакуем у скрынкі)... Змяняем паліклінікі і бібліятэкі, крамы і цырульні... Толькі выпадкова трапіўшы ў раён даўняга пражывання, заўважаеш, як нейкія успаміны стаяць у вачах.

А дзеці смяюцца, гуляюць і таньчаць на новых кухнях... Прывыкаюць забываць свае пакойчыкі і згаджацца на новыя. Мараць аб сваiм.

Гэта не трагедыя жыцця. Гэта крокі наперад. Здавалася б - беспадстаўнае існаванне з трыма дзецьмі, невыразная будучыня і няўтульнасць. Але "вада трымае". З Божай дапамогай, якая якраз вельмі адчувальная, моцная, ціхая і спагадная. І рэальнасць такая, што гэта дапамога трымае нас, каменных, на паверхні.

Горшы недавер - да сяброўскіх словаў. Але "Тых, хто адыходзіць, не затрымлівайце, тых, хто вяртаецца, прымайце так, нібы нідзе не адыходзілі" Максiмiлiян М.Кольбэ. Я не затрымліваю. Кожны чалавек - вольны. Цяжка сабе даць рады са сваёй тугою па чалавеку. Вось яно што...
І падумалася зараз, што самота і туга - таксама глыбіні вялікай. Можна заглыбляцца ўсё больш і больш... падаць... глыбей... у боль і цемру... А ёсць варыянт: ісці па вадзе далей - неверагодны цалкам варыянт. Але ён ёсць, яго можна выбраць - паверыць і крочыць.