31/01/2013

Боршч, які не вараць

Надакучыла сядзець на кухні і варыць боршч? Тады гэты рэцэпт – для вас!

Чырвоны боршчык


Спатрэбіцца:
  • бурачкі – 1/2 кг,
  • 1 морква, 
  • 1 пятрушка, 
  • 1 сэлер,
  • 1 цыбуліна,
  • 2 зубкі часнаку,
  • духмяны перац, лаўровы лісцік,
  • лімонка (або расол ад агуркоў),
  • соль і цукар.
Гародніну вымыць, аскабліць, калі трэба. Нацерці на тарцы з буйнымі дзірачкамі.
Дадаць прыправы, заліць вараткам (ці мясным булёнам), усыпаць крыху лімонкі або ўліць расол.
Пакідаем настойвацца на ўсю ноч.
Нараніцы – закіпяціць і адцадзіць. Дадаць соль, цукар, зеляніну. Пакаштаваць. Яшчэ трошкі сыпануць любімай прыправы (толькі акуратна).
Вельмі смачна, хоць і без гушчы. Наліваем і п'ём.

Канешне, вельмі пасуюць да такога боршчыка сырныя палачкі або "вушкі" з сушанымі грыбамі (знешне – не адрозніць ад пяльменяў), але часцей такое спалучэнне сустракаецца на Вігілію Божага нараджэння. Сам рэцэпт, як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, знойдзены ў польскіх кулінараў. Смачна есці!

27/01/2013

Толькі Ты

толькі Ты Пане
здольны быць са мною
ў маёй самоце
для прысутнасці
трэба любоў
не дастаткова часу
які можа скамянець
як сэрца чалавека
і можа аслепнуць
як адкрытыя вочы
што абыякава
паўз слёз праходзяць
загледзіўшыся ў сябе занадта

24/01/2013

Шлюбнае благаслаўленне

Няхай дарога выходзіць вам насустрач.
Хай вецер заўсёды будзе для вас спадарожным.
Няхай сонца грэе вашыя твары,
а дождж – палівае вашыя палеткі.
Сонца сяброўства няхай вядзе вас па адных шляхах.
Хай дзіцячы смех напоўніць ваш дом.
Няхай радасць жыцця адно для другога
выклікае усмешку на вашых вуснах
і асвятляе ззяннем вашыя вочы,
А калі вечнасць узгадае вас напрыканцы жыцця,
прасякнутага любоўю,
хай добры Бог прыме вас у свае далоні,
якія падтрымлівалі вас усе доўгія,
поўныя радасці дні.
Няхай жа Ён схавае тады вас у Сваіх абдымках.
А сёння няхай Дух Любові паселіцца ў вашых сэрцах.
 
Амэн.



Урывак з рамана Элізы Ажэшка "Над Неманам" у перакладзе Анатоля Бутэвіча. З прамовы шафера:

Які ж прыгожы гэты лаўровы вянок – быць паненкай! І як жа яго не
шкадаваць! Трэба абліць яго горкімі слязьмі, бо якое ж то было б сэрца гэткай
пекнай панны, калі б яна сённяшнім днём не паплакала? Але я так скажу,
што няма на свеце нічога больш натуральнага для чалавека, як жаніцьба,
якую Бог, што стварыў неба, зямлю і залацістыя зоркі, устанавіў для шчасця
чалавечага. Няма тут прычыны плакаць і гараваць. Бо ты, панна маладая,
хоць і пазбаўляешся бацькоўскага пеставання, але набываеш сябра вернага
на векі вякоў, аж да самага скону. А ты, пане малады, вазьмі сабе на ўвагу,
як Бога весяліць яркае сонца, так весяліць мужа добрая жонка. <...>

Дык няхай дні вашага жыцця звіваюцца, як у гэтым вянку
перапляліся светлыя кветкі з цёмнымі; усе яны адчуваюць аднолькавую
асалоду, бо ўсе абдымаюць адна адну. І трывогі, што змяняюцца радасцю, і
радасць, што змяняецца трывогамі, пераносьце з душэўным спакоем,
чэрпайце суцяшэнне ва ўзаемным каханні.

21/01/2013

Ад цямна да цямна

Так называецца зімой працоўны дзень. Праўда, зараз я пачала прыходзіць на ўсходзе сонца, і гэта мне больш падабаецца. Выходзіш на прыпынку і ідзеш на ўсход. Сення нават не ўтрымалася і зняла на тэлефон засыпаны снегам сквер. Марозным ранкам ляціш хутчэй у цяпло нават скрозь такую прыгажосць.

20/01/2013

Санька



Вчера мы ходили в гости к друзьям, талантливым и замечательным Наташе и Славе Дунаевым и братьям-близнецам Артуру и Саньке. Старшая Надя (студентка) гостила у бабушки. Братьям по 5 лет. Артур – живчик и непоседа, Санька – сердце этого дома – тяжелый инвалид. До 12 месяцев они были очень похожи...

Но "Май изменил все. О том, что не все решают хирурги, мы узнали потом. Успешно проведенная операция, может быть испорчена передозировкой наркоза или не досмотром в реанимации, что собственно в праздничный день – естественно. Единственное объяснение случившейся остановки сердца, клинической смерти и длительной реанимации у нашего сына, которое мы услышали от заведующего – «Из области казуистики». У медиков случился казус, а мы потеряли сына. Сашку они оживили, себя реабилитировали…" Сашкина история, рассказанная его мамой:  http://sashadunaev.ucoz.ru/

19/01/2013

Шкодная кампенсацыя для цярпення


Better suffer a great evil than do a small one. (З анг.: Лепш сцярпець вялікае зло, чым учыніць малое)

Падобныя прыказкі ёсць і ў іншых народаў. Але ў мяне адчуванне зараз такое, што ўсе яны разам састарэлі і выйшлі з ужытку. Што значыць цярпець? Добра, бывае рознае ў жыцці, але – ну сцярплю – і што? Дарэчы, апошняе пытанне набрала зараз вялікую папулярнасць, асабліва калі гучыць у сэнсе "І што мне з таго?", "А дзе тут мае грошы?" і г.д. Хаця б маральная кампенсацыя за мае пакуты павінна ж быць? (Ледзь утрымалася, каб не прыпісаць у канцы слоўца "ну").

Нам так доўга казалі, што мы цярплівыя, што мы й паверылі, і самі каму хочаш раскажам. Толькі прыелася ўжо, сіл няма...А справядлівасці прагнуць небяспечна, таму мы крыўды кампенсуем дробнымі шкодамі. Патрабуе нешта начальнік – спаганю з падначаленых. Малы заробак – зраблю абы-як. Не даюць зарабіць – украду. Крыўдзіць хтосьці  – хай толькі адвернецца... Абы не заўважыў, бо ён жа сусед (ці радня, ці крэдытор, ці капейчыну плаціць...)

Дарэчы, продкі стагоддзямі моўчкі цярпелі – і што? Але розніца – ЯК. Цярпелі і даравалі, свайго няшчасця пад чужыя дзверы не падкідалі, таму і жылі сапраўдна, а не ўкраўшы. І галоўнае – сам чалавек не навучыцца цярпець. Злавацца – так, помсціць – выдатна, нават горш, чым вока за вока. Але не навучыцца здабываць у цярпенні лагоднасць, прабачэнне, любоў. Не здолее ствараць нешта добрае. Вырваўшыся з рабоў, паскача ў рабаўладальнікі...

"Ласка адрозніваецца ад свабоды: ласку дае Бог, свабоду дае чалавек... Пакорлівасць і паслухмянасць – плёны ласкі, а не разумнага рабаўладальніцтва." А.Якаў Кротаў.

Таму тыя, хто церпяць і не помсцяць, – не ідыёты...
Хіба што не заўсёды цвярозыя, але гэта ўжо іншая гісторыя.

06/01/2013

"Бізнес-план" з Кнігі Ісаі

Ужо што-што, а мадэлі развіцця бізнеса прааналізаваны эканамістамі ўздоўж і ўпоперак, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, і мае разважанні не прэтэндуюць на тэорыю або практычныя парады. Але некалькімі назіраннямі захацелася падзяліцца.

Так праз прарока Ісаю Бог наказаў дзейнічаць цару Эзэкіі.

А гэта будзе табе знакам:
у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана,
і на наступны год – што само нарадзілася,
а на трэці год – сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ежце іх плады.
Іс 37,30

04/01/2013

Адкрытасць, якую яшчэ трэба знайсці

На Полі Пастушкоў у Бэтлееме
Глядзіш на любую батлейку – Святая сям'я адкрытая кожнаму, хто прыходзіць. Ты не ўбачыш іх спінаў, Марыя і Юзэф не засланяюць Святое Дзіця, калі ж прыхадні бываюць розныя. Вось мы з табой – нібы сланы ў пасуднай краме, як ні павернемся, так нешта непапраўна разносім на дробныя кавалкі. Вядома ж, мы не хацелі, вядома ж, прабачаемся і больш не будзем. Але шчыра кажучы, небяспечна такіх пускаць на парог, а тым больш давяраць Дзіця...

А Святая Сям'я так і не зачыніла дзверы – не толькі перад безыменнымі пастушкамі і таямнічымі каралямі – а чакаючы нас з табой, хоць невядома дзе падзеліся нашыя сцежкі... Толькі надзея, што аднойчы мы згададаемся проста павярнуцца тварам да Таго, Хто заўсёды блізка. Як пераступіць парог Батлейкі і вярнуцца дадому...