Showing posts with label Нешта з жыцця. Show all posts
Showing posts with label Нешта з жыцця. Show all posts

08/03/2021

Крыху пра сябе

Бог дзейнічае праз людзей. Вядома, не толькі, але праз людзей Ён любіць, клапоціцца, спачувае, спадарожнічае, падказвае. Праўда і тое, што, паколькі гэта ўсё робіцца праз людзей звычайных і грэшных, гэтыя падказкі не заўсёды такія тактоўныя, каб нам падабацца.

Рукі бацькоў прыносілі, а потым прыводзілі мяне ў касцёл у Астраўцы з самага ранняга дзяцінства. Я была падлеткам калі ў Ашмянах аддалі касцёл, спачатку адну бочную наву. Менавіта ксяндзы-салезіяне пачалі там працаваць і аднаўляць будынак і парафію. Мая старэйшая сястра стала тады арганісткай. Памятаю, як уразіў мяне вялікі абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на блакітным фоне ў той наве, дзе ніяк не змяшчаліся парафіяне. Калі я праз некалькі год стала вучыцца ў Ашмянскім тэхнікуме, то ў парафію якраз прыйшлі дыяцэзіяльныя святары, але ў моладзі ўжо была трывалая традыцыя збірацца ў араторыі, маліцца, дапамагаць, размаўляць, ладзіць святы і г.д. З вялікай цеплынёй успамінаю тыя часы.

23/05/2016

Рытм



На беразе Эгейскага мора я стаяла, прыціхшы. Вельмі даўно хтосьці з грэкаў сказаў, што душу лечыць мора. Са здзіўленнем успомніла, як хацелася мне ў дзяцінстве ўбачыць гэты бераг, калі чытала старажытныя міфы. Адчуванні? Аняменне, нейкая пустка і жаданне абярнуцца ў слых. Назіраць, як нараджаюцца з цэлага мора асобныя хвалі, дазваляць ім кранацца босых ног і вяртацца назад "да сябе", глядзець, як празрыстая вада згладжвае сляды на пяску. І адчуваць, што адначасова знікаюць сляды нягодаў і стомы недзе глыбока ўнутры цябе.

Колькі ж трэба маўчаць каля мора, каб пачалі нараджацца хоць якія-небудзь словы... Нават не ўяўляю сабе. А пачаць будаваць? А займацца філасофіяй? Вялікае багацце думак, мастацкх твораў, тэорый і канцэпцый дайшло да нашых дзён са Старажытнай Грэцыі.  Цікава, як гэтая спадчына ўздзейнічае на сучасных грэкаў? За некалькі дзён не разбярэшся.

17/01/2016

Нічога не змянілася

На мінулым тыдні ездзілі на пару дзён у Літву. У Вострую Браму апошнім вечарам мы прыйшлі, калі ўжо добра звечарэла. На віленскіх марозных вуліцах было мала людзей, як і ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай, і ў касцеле св. Тэрэсы ад Дзіцятка Езус. Для мяне гэтыя месцы, як само дзяцінства. І калі ў Астраўцы, дзе я нарадзілася, шмат што змяняецца, то прысеўшы каля фігуры сваей патронкі, я адчула палегку: тут не адчуваецца ніякіх уплываў часу. Калі гэта толькі ілюзія, то таксама няблага. Змены бываюць розныя ж, некаторыя спробы паляпшэння спрычыняюцца да згубы, а сур'ёзныя працы часта застаюцца нябачнымі звычайнаму воку.

Св. Тэрэска стаяла ў ценю, на ўзбоччы, як даўней. Дзесьці там у галоўным алтары – залатыя калоны, аздабленні, электрычная яркасць і рух. Яна сціпла і ціха застыгла з крыжом і ружамі, не на першых месцах, але затое так блізка да людзей. Каб можна было прыстаць побач і памаўчаць у літасцівым паўзмроку...

13/11/2015

Знаходкі апошняга тыдня

Усяго за тыдзень два разы дачушка Янка губляла тэлефон. А добрыя людзі званілі потым нам і вярталі яго, адмаўляючыся нават ад цукерак.
Таксама ў гэтыя дні вельмі часта знаходзіліся вадзіцелі маршрутак, якія не бралі з дзяцей грошы, падвозячы іх з Ляскоўкі да школы чатыры прыпынкі.
А я два дні шукала рыфму для радка з дзіцячай песні. Словы ўсплылі толькі ў стомленай пустой галаве, у якой больш не засталося ніякіх думак.
Прачытала шмат цікавых тэкстаў, аўтары якіх вельмі добра перадаюць тое, што і самой думаецца, так што і пісаць адпадае ахвота, бо ўсё ж напісана. А потым натрапіла на словы, якія напоўнены любоўю да людзей, і зноў хочацца сказаць нешта сваё.
Купілі і пасадзілі саджанцы чарэшні, антонаўкі і грушкі. Пакуль што ёсць надзея, што прыжывуцца.
І столькі насамрэч было гэтых малых і вялікіх знаходак усяго за некалькі дзён... Раўнавага патрабуе ўспомніць выпадкі, калі падарункам я сказала "Не-а, не хачу". Але зноў жа знайсці такія сітуацыі, усвядоміць свае страты, разабрацца ў прычынах і наступствах – гэта... проста скарб нейкі. Бяры, вучыся, карыстайся.

04/11/2015

Адведзіны тых, якія былі перад намі

Напярэдадні Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, "адведалі" некалькі магільнікаў у розных частках Беларусі. Мы з мужам і дзецьмі забіралі з сабой то адных бабуль, то іншых, не толькі таму, што ім таксама хацелася папрыбіраць магілы сваіх бацькоў і крэўных, але і таму, што без іх мы не ведалі б, дзе і каго шукаць сярод крыжоў і помнікаў.

30/08/2015

Фотарэкалекцыі ў Баранавічах: справаздача з лірычнымі адступленнямі

17–21 жніўня 2015 года ў кляштары сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах прайшлі фотарэкалекцыі. Анонс абяцаў 5 дзён практыкаванняў, сумеснай і індывідуальнай малітвы, фатаграфавання і адказаў на пытанні. Асабіста мяне заахвоціла да ўдзелу заўвага: "прымаюцца ўдзельнікі любога ўзроўню ўмення фатаграфаваць". А я ні разу не фатограф, але ўжо двойчы была на "ціхіх" ігнацыянскіх рэкалекцыях і ведала, што ...добра, падазравала, што ўменняў ніякіх не спатрэбіцца. Канешне, хвалявалася, ці не апынуся адна няўмека сярод прафесіяналаў. Зноў жа, чаму будзе "сумесны прагляд" фотаздымкаў, а не не індывідуальны?..

28/02/2015

Спазненне

Я выйшла сёння з працы акурат так, каб забраць малодшага сына з садочка і паспець на Крыжовы Шлях у капліцу. Спачатку ў машыне загарэўся сігнал запраўкі, канчалася паліва. Павінна хапіць дадому, падумала я. На МКАД адразу ж уткнулася ў корак, які, праўда, павольна сунуўся наперад, але ве-е-ельмі павольна. Паспець на 18.30 у капліцу было нерэальна. Потым усе ж такі запраўка, садок, мокрая дарога...
Уваходзім у капліцу – "Стацыя 14. Пахаванне".
Прыйшла... Усё прамінула без мяне: жыццё Езуса, абвяшчэнне Евангелля, цуды, дарога ў Ерусалім, Гэтсэмані, суд, крыжовыя пакуты і нават "Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі"... Толькі цяжкі камень над гробам і змрок.

Крыжовы Шлях – традыцыя, малітва, разважанне, і нарэшце, можа быць індывідуальным, калі спазняешся. Але людзі, да якіх мы "не паспяваем", якіх адкладаем, на якіх шкадуем часу – іх не "перажывеш" яшчэ раз, у індывідуальным парадку. Мы адбываемся зараз. Заўтра можа быць позна...

О, Божа другіх шансаў і новых пачаткаў. Вось я зноў...


28/09/2014

"Разбудзіце мяне, калі скончыцца верасень..."

Ёсць такая песня ў Greenday, і я кожны год яе ўспамінаю і згаджаюся, што лепш было б да кастрычніка спаць салодкім сном, чым пачынаць новы навучальны год. Вось 2 гады таму я пісала пра празрыстасць, пра вяртанне да рэальнасці... А сёлета нават няма прыгожых словаў, каб акрэсліць гэтае напружанне, гару працы і няяснае адчуванне, што нешта ўсё роўна не паспела, не дагледзела. Магчыма, толькі цяпер, апоўначы, я здагадваюся, што найбольш недагледжанай засталася я сама.

Пра што першы клопат? Каб сям'я не была галоднай. Гэта сняданні, абеды, вячэры. Раней праблему сняданняў і абедаў вырашала школа, але ў новай школе дзеці атрымліваюць толькі адзін гарачы пасілак, які, вядома, імкнуцца не есці, бо ім, глядзі ж ты, нясмачна. Раніца: прыгатаваць нейкі сняданак, разбудзіць дзяцей, заплясці Янку, сабраць Віталю, даць заданні Міколку. На працягу дня – праца, пераплеценая дзіцячымі званкамі і пытаннямі, напамінамі і просьбамі – з рога ўсяго многа. Але горш, калі дзеці перастаюць браць слухаўку... Вось як тады іх дазвацца?

10/09/2014

Церушынкі ў вачах

У нядзелю нараніцы старэйшы сын пачаў вельмі скардзіцца на боль у левым воку. Звычайна вірус не выклікаў такіх моцных скаргаў, кропелькі ў вока не дапамагалі. Паехалі ў шпіталь. Пад мікраскопам урач хутка ўбачыла, што ў воку невялічкае іншароднае цела, церушынка, якую не дастанеш сам. Умелыя рукі доктара з тонкай іголкай добра зрабілі сваю справу – вызвалілі вока ад болю, а нас усіх – ад трывогі.

Літаральна праз пару гадзін сын амаль забыўся, што яму было балюча нават адкрыць вока. Асаблівы дыскамфорт выклікала святло. Ён стараўся схавацца ад сонца і лямпачак, а мы не разумелі, што адбываецца... Маленькая нябачная церушынка ў воку прыносіць такія цярпенні чалавеку. Міжволі ўзгадаеш евангельскае "а ў сваіх вачах бярвёнаў не заўважаеце". Так, бярвёнаў не бачым, а ад Святла чамусьці хаваемся, што ёсць сілы...


14/08/2014

Падтрымка непатрэбнага

І вось адбыўся пералёт за межы Мінска. Ляскоўка – ціхая вёска (прынамсі, пакуль што). Пераехаць аказалася намнога працей, чым пазбыцца непатрэбных рэчаў. Выкідаеш адзін вялікі пакунак – здзіўляешся, як шмат. Потым незаўважна ладуецца яшчэ адзін, і яшчэ адзін. І ты ўжо з ціхім жахам думаеш: "А навошта я столькі часу жыла са смеццем у хаце?"

Справа нават не ў тым, што ніхто не падказвае, калі і што выкідаць. Нейкі ж здаровы сэнс есць у кожнага чалавека, ідэя прыбірання перад вялікімі святамі таксама не новая. Справа ў адкладанні і ў ляноце. Ніхто, акрамя цябе, не возьме кожную рэч у рукі і не вырашыць: выкінуць ці пакінуць. Ну, магчыма, толькі тады, калі ты ўжо не здолееш сам гэта  вырашаць. Працей за ўсё – запхнуць у скрыню пад умоўнай назвай "а можа яшчэ спатрэбіцца калі-небудзь". Потым месца ў адной скрыні канчаецца, і ты заводзіш яшчэ адну. І даглядаеш, каб вакол гэтага смецця было чыста і суха, каб не сапсаваць ...непатрэбнае.

Так што "глыбокае" прыбіранне – не заўсёды азначае марнаванне часу. Каб не апынуцца сярод сметніка, трэба рэгулярна ад лішняга пазбаўляцца, а не ствараць для яго ідэальныя ўмовы. Вядома, усё вышэй сказанае не датычыцца антыкварыяту і таму падобных рэчаў, дарагіх, перш за ўсё, сэрцу...

27/07/2014

Запланаваны пераезд

Нарэшце, плануем пераезд у сваё жыллё. Будавалася кватэра 6 год, здоўжылася нам вельмі, і вось – ледзь пачаўся 13-ты год нашага сужэнства, як мы выбіраемся з чужога кута ў свой.
Зноў пачалі збірацца ўздоўж сцен торбы, скрынкі, пакункі. Адны падпісаныя, другія – не, хоць потым, пэўна, прыйдзецца губляць час, каб нешта знайсці.
Зноў, перапрашаючы іх за турботы, забіраем рэчы з месцаў, да якіх яны ўжо прызвычаіліся. Вядома, няпэўнасць. Бярэш у рукі кожную дробязь і выносіш прысуд – узяць з сабой, аддаць камусьці, пакінуць тут ці вынесці на сметнік. Дзякуючы дабрыні Божай, мы мелі ўсё неабходнае для жыцця. Тое, што знасілася і згубіла актуальнасць, складаем у асобным куце, развітваемся з лёгкім сэрцам.

Наперадзе яшчэ шмат клопатаў і працы па ўладкаванні на новым месцы, але гэты пераезд – справа доўгачаканая і прыемная. І ўсё-такі выявілася, што дагэтуль у нас няма яснага ўяўлення, якім чынам мы ў новай кватэры размесцім рэчы і мэблю... Не атрымліваецца з падрыхтоўкай –  будзем разбірацца на месцы. Адзін з пакояў у новай кватэры.


27/01/2014

Вуснамі дзіцяці

Сёння Віталік сказаў мне нараніцы: "Ты, мамачка, добрая, але няправільная". Вельмі трапна. Каб наяўнае дабро ды ў адпаведнае рэчышча...
Акалічнасці нараджэння гэтай характарыстыкі такія: я спрабавала падказаць яму, як скласці канструктар :) Але ў яго заўсёды ёсць сваё меркаванне, як павінна быць.

Здымак восеньскі, галубы за вакном мясцовыя. Дзіцячая цікаўнасць


26/11/2013

Бачнае і нябачнае або Завіруха, будаўніцтва, сонца і ўдзячнасць

Сапраўды, надвор'е не мае сумлення. Дом складаюць будаўнікі, а тут ні сонца, ні цеплыні, а зусім наадварот! Таму зараз пад перастук кропель па падваконні цяжка заснуць уночы, перад вачамі – прыгожыя звонкія бярвёны, што мокнуць на ўчастку. А так хочацца, каб атрымлівалася ўсё, як найлепш, каб не змарнавалася праца ніводнага чалавека, які спрычыніўся да будаўніцтва: таго, хто рабіў прыгожы і дакладны праект, тых, што залілі добры падмурак, тых, што валілі і звозілі на пілараму лес, складалі ў штабелі, перавозілі, выбіралі ў брусе заглыбленні і пазы, тых, што капалі і засыпалі пясок, тых, што зараз на холадзе складаюць сцены... А колькі людзей яшчэ прыйдзе і будзе працаваць!... Калі ласка, уздыхніце малітоўна за іх і за нас, каб сваімі рашэннямі і дзеяннямі прыносілі карысць і дабро.


Значныя і маленькія падзеі штодня пераплятаюцца ў дзівосны ўзор, які нават не можаш ахапіць позіркам, таму што тчэш яго часта з апошніх сілаў, лічыш недасканалым і бачыш толькі невялічкі кавалак. Убачыць жа ўсё давядзецца калі-небудзь, але напэўна не ў гэтым жыцці.

26/10/2013

Жыццё і Музыка ў стылі Grand

Так у Янкіным тэлефоне адлюстраваўся праспект каля філармоніі. Сапраўдны джаз
Учора мы (я, Мікалай, Яна) былі на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі. З праграмай Grand Piano выступаў Влодэк Паўлік. На сцэне былі толькі вялікі раяль і выканаўца, ён жа кампазітар, выкладчык, пераможца... Перад тым, як загучала музыка, канферанс'е зачытаў факты з біяграфіі, дасягненні, выказванні. Потым я ўзгадвала, што на 100% спраўдзілася адна з іх: "Паўлік грае, быццам дыхае..." Больш таго, хацелася навучыцца так "дыхаць", як ён. Навучыцца напаўняць жыццё такой радасцю, шматграннасцю. глыбінёй...

Я не здолею напісаць варты ўвагі водгук, толькі выказаць захапленне талентам гэтага чалавека. Гэтую гадзіну я проста жыла, радавалася і сумавала разам з ягонай музыкай. У ёй былі і сонца, і гукі лета, і бязмежнасць мора, гармонія свету, прыгажосць жыцця, і дысананс, трагічнасць няшчасця, надзея і пяшчота.

Жывая непаўторная імправізацыя (Паўлік перад канцэртам нават не ведаў, што і ў якім парадку будзе граць), якую ніхто не запісваў, але ніводзін слухач не забудзецца. Магчыма, у дзяцей застанецца толькі ўражанне, але гэта нямала. "Грай яшчэ", – ціха прасіла жанчына на суседнім месцы. І ён зноў апускаў рукі на клавішы. Але гадзіна праляцела вельмі хутка.

Янка праз хвілін 20 заснула ў мяне на каленях. Калі мы потым смяяліся, сказала: "Ну і што, я чула, музыка была ў мяне ўнутры". Мікалаю цяжка было сядзець спакойна на адным месцы, але слухаў уважліва. Здаецца, яму найбольш спадабаўся вясёлы джаз, выкананы на біс. Музыка нагадвала бесклапотную хаду чалавека і міжволі выклікала ўсмешку. Магчыма, каб нам весялей было крочыць дадому.

Анонс канцэрта з вышэй узгаданымі цытатамі: Польскі Інстытут у Мінску. ВЛОДЭК ПАЎЛІК „GRAND PIANO” Канцэрт джазавай музыкі

26/09/2013

Запамінаючы адчуванні

Мне падабаецца прысутнічаць на занятках па спецыяльнасці ў Янкі. Музычная школа, фартэп'яна, невялічкі кабінет з высокім акном на паўсцяны, старыя дрэвы вакол будынку.

Першыя ўрокі – як трымаць руку, як апускаць і адрываць моцныя пальцы ад клавішаў, напаміны пра простую спіну і свабодныя мяккія запясці. Дзе ноты на клавіятуры, дзе на нотным стане. Рытм, ключы і шцілі... Шмат чаго трэба змясціць у галаве ў першыя месяцы навучання...

Заўважыла, як адрозніваюцца заняткі музыкай ад камерцыйнай дзейнасці. Нават вочы настаўнікаў зусім іншыя. Канешне, я зазірнула ў вочы далёка не ўсім эканамістам, але ўсё ж...

Учора прымерыла на сябе адну заўвагу, якая мне вельмі спадабалася. Педагог разбірала з дачкой новую песеньку.
"Вочы – у ноты, а рукі запамінаюць адчуванні", – і настаўніца падтрымлівала і выпраўляла паставу пальцаў і рук.
"Цяпер сама. Толькі вочы глядзяць на рукі, мелодыю ты помніш. Вочы зараз дамагаюць рукам трымацца правільна і прыгожа".

Што б такога рабіць у жыцці, каб хацелася запамінаць адчуванні? Каб хацелася іх пражываць, вучыцца ад іх? Можа, кожны з нас нешта робіць, толькі не заўважае, як пальцы дакранаюцца клавіш штодзённасці, даўно не трымае спіну простай, не спалучае ў руках моц і свабоду...

13/08/2013

Гавары, а я паслухаю

У аўтобус, што вёз мяне ў капліцу, зайшлі дзве жанчыны. Можна было здагадацца, што яны добрыя знаёмыя. Селі побач і працягвалі сваю гаворку. Праўда, адна з іх амаль увесь час толькі слухала і згодна ківала галавой, або задавала кароткія ўдакладняючыя пытанні. Другая ж без перапыку апавядала, як учора ў цэнтры горада доўга шукала малавядомую вулічку. Моцным голасам, у падрабязнасцях і асобах, кожны свой крок... На адным з прыпынкаў яе маўклівая сяброўка міла развіталася і выйшла.

Нібыта ўсталявалася цішыня, але заставалася адчуванне, што жанчына працягвае гаварыць, толькі ўжо маўчком, пра сябе. Унутраны аповед, не менш голасны, чым знешні, гучаў у паветры.

Здавалася б, замоўкнуць лёгка: закрыў рот – і цішыня. Але маналог не спыняецца. Увага застаецца падзеленай паміж тым, што (ці каго) стараешся пачуць, і сваімі думкамі, пачуццямі, жаданнямі... Пра ўменне сціхнуць і прыслухацца выпрацаваны тэхнікі, выдадзены кнігі. Толькі пакуль сам навуку не пражывеш, толкам нічога не зразумееш.

Расказваць і дзяліцца – добрая рэч, асабліва як застаецца час на ўважлівае пытанне: "А што ты (Ты) думаеш пра гэта?" І не падказваць адказы! Асабліва Найвышэйшаму.

Як сёння сказаў мне адзін сябра: "Ты не зразумела мяне, бо перабіла і не дала дагаварыць"...

25/04/2013

Так бывае, мама?

Гэтым пытаннем дачка скончыла сваё апавяданне пра пражыты ў школе дзень. Слушнае здзіўленне малога чалавека, якога ўвесь час вучаць дзяліцца, а аднакласніца гаворыць, што яе мама не дазваляе нічога свайго іншым дзецям даваць."І яна не дзеліцца. Нічым. А я ўсё роўна дзялюся з ёй".

Так бывае, дачушка... Некаторым мамам страшна, што іх дзіцятка чужыя дзеці пакрыўдзяць, усё адбяруць, ні крышынкі не пакінуць, а грошы ж аддадзены, каб сваё хаця накарміць і забяспечыць. Са страху шмат што зробіш і іншых навучыш...

Але дарэмна, бо калі сёння побач з табой хтосьці застаўся галодным, то праз некаторы час ён і сапраўды забярэ сілай, калі захоча. А як ты не навучышся аддаваць, то свет абмяжуецца памерамі твайго заплечніка, дзе надзейна схаваныя твае і толькі твае цацкі і цукеркі, якія ўсёткі не здольныя любіць.

На самой справе, калі дзень за днём нагадваеш дзецям справядліва (а таксама – і велікадушна) дзяліцца, зусім не думаеш пра нейкія ўзнёслыя рэчы. Проста лічыш гэта нармальным. А нехта лічыць добрым бяспечнасць сваіх багаццяў.

Дачка прызналася, што зайздросціць таму, што тая дзяўчынка мае. "Вы будзеце падрастаць – і кожная з вас зразумее нешта сваё. Ты - што замест зайздрасці трэба радавацца за іншага чалавека, калі яму добра, а яна даведаецца, як файна дзяліцца з сябрамі тым, што маеш." Жыццё паказвае, што я сама дагэтуль вучуся і першаму, і другому...

22/03/2013

Глядзі, куды йдзеш

Сёння нараніцы я адвяла Янку ў школу. Ідучы назад, на школьным двары сустрэлася мне пажылая прыбіральшчыца, якая яшчэ вымушана была чысціць ходнікі ад снегу.
– Куды ж вы пайшлі па лёдзе? Там слізка! – раптам, не спыняючыся, з дакорам сказала яна.
Сапраўды, я чамусьці ўзбілася на ледзяны кавалак ходніка і асцярожна сунулася наперад. Побач  быў амаль сухі асфальт.

У жыцці сустракаецца няшмат людзей, якія папярэдзяць нас пра слізкую дарогу ці тонкі лёд. Яшчэ менш тых, якіх мы паслухаем. Таму каб аддзячыць тым, хто дапамог калісьці пазбегнуць падзення ці выбраць добры шлях, і ў пэўнай меры стаць тымі, якія мы зараз ёсць – будзем уважлівымі да іншых і да іх сцежак.

14/03/2013

"Міласэрнасці..."

Учора ўвечары быў выбраны новы папа – Францішак. У ім здзіўляе (і ўжо захапляе) вельмі многае. Быццам з ценю на святло выходзіць чалавек.

Успамінаю, як мы сядзелі і чакалі спачатку дыма, потым – імя, а потым – першых слоў і першага благаслаўлення. Радасць за тых і разам з тымі, хто на плошчы святога Пятра, дапамагала трываць недарэчных каментатараў. Сёння ўжо шмат інфармацыі, водгукаў, добрых слоў і спадзяванняў. Учарайшы вечар запомніцца здзіўленнем і нечаканай цеплынёй да папы Францішка.

Але асабіста мне больш за ўсё кінулася ў вочы вызначэнне "Апостал міласэрнасці..." і зараз раскажу, чаму.

У першых днях сакавіка мне дзве ночы запар прысніўся мой тата. Прычым у вельмі доўгіх выразных снах, што здараецца рэдка. Прысніўся такім, якім і быў пры жыцці: усмешлівым, зычлівым. Але з'явілася адчуванне нейкай просьбы. Аб малітве, падумалася мне. Як ні дзіўна, не за яго душу, а разам з ім.  

Адзінае, што прыйшло ў галаву – Навэнна да Божай Міласэрнасці. Гэта вельмі прыгожая, чулая і глыбокая малітва.  З кожным наступным днём яна ахоплівае
ўсё чалавецтва,
духавенства,
усіх хрысціянаў,
язычнікаў і няверуючых,
тых, хто застаецца па-за Касцёлам,
душы ціхія і пакорныя і дзяцей,
тых, хто асаблівым чынам ушаноўвае і праслаўляе Божую Міласэрнасць ("душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваiх"),
душы ў чыстцы,
і нарэшце, душы абыякавыя, якія былі прычынаю цярпенняў Хрыста Пана ў садзе Аліўным.

Апошні дзень Навэнны стаў днём абрання папы Францішка.