19/02/2017

Жаль, які чакае запрашэння

Рэдкі дзень праміне без якіх-небудзь, хаця б маленечкіх, скаргаў, шкадаванняў, згрызотаў. Рэчаіснасць пераплеценая радасцямі і смуткамі, няпэўнасцю і вяртаннем спакою, незразуменнем і прабачэннем, удалымі спробамі і памылкамі. Мілым госцем з'яўляецца радасць, затое сум мае столькі абліччаў... Ёсць адзін жаль, настолькі далікатны, што не ўвойдзе без запрашэння, пастаіць на парозе ды адыходзіцца, калі дзверы зачыненыя. Гэта жаль за ўчыненае зло, якое ў пэўным моманце ўсведамляеш сабе. Можна заняцца апраўданнямі, і жаль, нібы згадзіўшыся, што нічога страшнага не адбылося, з кім не бывае, не пераступае мой унутраны парог. Нават ніколі не было цікава, куды ён дзяецца потым. Невядомая доля непрынятага дара...

Але любоў да таго, хто на гэты раз апынуўся пакрыўджаным маёй несправядлівасцю, фальшам, глупствам і таму падобнай ліхасцю, урэшце рэшт шырока адчыняе дзверы, каб упусціць гэты жаль у сэрца, не баючыся салёных рэк, якія заўсёды бруяцца побач з такім шкадаваннем. З ім часта рэчы пачынаюць звацца сваімі імёнамі, цверазее позірк на сябе і іншых, пачынаецца пошук спосабаў хоць неяк, хоць часткова і недасканала, усё выправіць, аднавіць, склеіць. Трэба сказаць, што без запрашэння гэтага жалю рэдкім госцем стане і радасць, шчырая і глыбокая, а фальшывая - ці некага весяліць?

А любоў да Таго, Хто кожны раз церпіць разам з пакрыўджанымі і крыўдзіцелямі, - на што ж яна здольная?

15/02/2017

Сляды

За вокнамі – люты і вецер. Калісьці ў дзяцінстве гэта прадвесціла завеяную дарогу праз поле, не даўжэй за вярсту, якую цяжка было адолець, калі перад табой суцэльнае снежнае покрыва. Добра, калі перад табой хтосьці ўжо прайшоў і пратаптаў сцежку, ці хаця б пакінуў сляды ў глыбокім снезе. І вось чаму мне ўспомнілася ўсё гэта.
Адна малітва, што трапіла нядаўна на вочы, пачынаецца так:

У Твае сляды, Пане, я ўступлю,
бо яны - крыніца жыцця.
Па Тваіх слядах, Пане, буду крочыць,
бо яны - крыніца радасці...

Вельмі ясна я ўбачыла дарогу праз тое поле, калі наперадзе ішоў мой бацька, а я за ім - след у след. Ён захінаў мяне ад ветру, дапамагаў не набраць поўныя боты снегу і не асабліва змарыцца да шырокай дарогі. Татава "Ідзі па маіх слядах" азначала спагаду, клопат, імкненне зрабіць мой шлях лягчэйшым, бо ён, вядома, шкадаваў дзіця, якому трэба мясіць снег малымі нагамі.