25/02/2018

З дня на дзень

Гэтае няспыннае стваранне шансаў для адказу і можна назваць тым, што найперш робіць Стварыцеля і Нябеснага Айца "дасканалым". З разважанняў на сайце "Прастора малітвы"

даць магчымасць вярнуцца
таму, хто сышоў,
ухіліўся з дарог, 
так далёка застаўся,
прылёг
адпачыць,
каб ужо перастаць можа нават
быць

часам так карціць сысці
з гэтых вузкіх сцяжын,
і сабе мы даруем, а іншым...

а бывае наадварот,
занятыя толькі сабой,
аднымі сабой ізноў,
не бачым 
нічога па-за, па-над і звыш,
нікога – за крок, за ўздых.

а трэба ствараць ім шчыліны,
хады і пралазы
ды адчыняць вокны,
дзверы і брамы,
каб заўжды меліся шанцы
для адказу
і абдымкаў вяртання.

04/02/2018

Вернасць, якая вытрывала ноч

Бэтлеемскую ноч мы называем ціхай; першы крык Божага Дзіцяці прынёс зямлі супакой, які адчуваецца ў апісаннях падзей, постацях сведкаў, іх словах і ўчынках. Але была і іншая ноч. У Евангеллі паводле Мацвея чытаем: “Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа” (Мц 27,50). Тады, у момант смерці Хрыста, “заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся” (Мц 27, 51-52а). Марыя, Божая Маці, была побач з Сынам у першыя і ў апошнія хвіліны зямнога жыцця. Якімі ж адрознымі яны былі...