03/06/2021

Крышынкі тыя

Немагчыма ведаць, што адбываецца ў духу чалавека, калі ён становіцца ахвярай несправядлівасці, ахвярай у найбольш сціслым значэнні – ідзе на смерць. Да нас зрэдчас даходзяць апошнія словы, жэсты. Нам застаюцца здагадкі. Гэта адбываецца побач, цяпер, адначасова з тымі справамі і падзеямі, з якіх складаецца нашае ўласнае жыццё.

І ў сённяшняй урачыстасці Цела і Крыві Хрыста паўстае той самы вечар, той парог, на якім Езус, ведаючы, што Яго чакае страшная смерць, раздае Сябе як крышынкі хлеба, дзеліць на глыткі віна паміж тымі, хто застаўся пры Ім. Евангелісты захавалі для нас месца, словы, звароты, нават пачуцці, якія тады праявіліся. "Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх", – сказаў Ён. Ад пачатку – любоў, затым сяброўства, жыццё, якое аддаецца за кагосьці, да не так, што за таго, хто годны такой ахвяры, але за названага сябрам. Хіба той, хто кладзе сваё жыццё, не свабодны называць сваімі сябрамі ўсіх, каго захоча? Якая вялікая таямніца ў гэтым Хрыстовым жаданні ўзняць кожнага, наблізіць, напоўніць... І, здаецца, яно абрынаецца разам з Яго смерцю ў нябыт, у немагчымасць, дарэмнасць, а тыя "сябры" з Апошняй вячэры адчуюць гэтае двукоссе і гэтую пустку так востра. А колькі тых, якія ўвогуле жывуць, як жылі, нават не ведаючы, што за іх заплачана так дорага. 

Свята "Божае Цела" са сваімі алтарыкамі, пялёсткамі, ідэямі для ўпрыгожвання, прагай выйсці за касцёльныя муры, на першы погляд, дэманструе не заўсёды зразумелы трыумф, нейкае жаданне "кінуцца ў вочы", аднак, сутнасць усё ж у іншым: ва ўшанаванні той любові, якую меў (і мае) Езус да людзей; ва ўдзячнасці за Яго ахвяру, за Яго жаданне прыйсці ў целе і крыві не на імгненне ў гісторыі, але застацца да сканчэння веку; ва ўзаемнасці, якой Ён так чакаў і чакае; ва ўпэўненасці, што Ён разумее тых, хто ідзе Яго шляхам.