17/03/2018

Выпрабаванне

"Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?" Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго.  

Адказам было маўчанне. Абаронцы Закона пыталіся зноў і зноў, крык нарастаў, "але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі". Напэўна, ім хацелася хаця б убачыць Яго вочы, каб па-свойму растлумачыць позірк, ды была толькі рука, якая крэсліла штосьці нябачнае на зямлі. 
 
А жанчынакаго яна насамрэч хвалявала? Так, яна важная для Езуса, для Яна евангеліста, для нас, якія чытаюць урывак пра чужаложніцу, але не для натоўпу, які прывёў яе, паставіў пасярэдзіне і акружыў шчыльным колам, іх мэтай было выпрабаванне Настаўніка. Ёсць сумневы, што і для тых мужчын: мужа і яго суперніка, яна не была толькі рэччу, належнай і пажаданай, прадметам суперніцтва. І ўрэшце рэшт яна сталася прычынай ганьбы, крыўды, падзелу. Такія канфлікты могуць разрасціся да непрадбачаных памераў, будуць пакутаваць шматлікія людзі, і доўга не будзе спакою. І ўсё з-за каго? Здаецца, сапраўды, Майсей ведаў, хто ўсяму вінны. І няхай лепш толькі яна, чым... 

 Але пакуль Езусава рука яшчэ піша па зямлі, задумаемся: ці Закон у тым, каб кожны ведаў, як "правільна" забіваць чалавека? Ці ўсё ж Закон - у любові да Бога і бліжняга, у беззаганнасці перад Абліччам Пана? Хто ж нас настолькі палюбіў, што не мае граху? Хто выканаў Закон так дасканала, каб магчы асуджаць іншых на смерць? Хай жа гэты беззаганны кіне першы камень. Езус сказаў гэта так, што ў натоўпе ўсе пачулі. Не засталося нікога. Значыць, усё ж не Майсей выдаў смяротны прысуд, але сэрцы пераследнікаў. А Той, хто меў права дамагацца выканання Закона, пацвердзіў, што не жадае смерці грэшніка, каб усё выправіць. Навярніся і жыві, ідзі наперад. На што гэта будзе падобна, немагчыма сказаць – у кожнага прабачанага грэшніка свая гісторыя.

Ахвярай натоўпу стане сам Езус, Бязвінны, – за ўсіх асуджаных і суддзяў, ахвяр і ганіцеляў, за тых, хто  першым крычыць: "Укрыжуй!" ці хапаецца за камень, каб хутчэй "вырашыць праблему", забываючыся, што гэта ілюзія. Усё вырашыў Езус, не мы. Нам трэба толькі жыць, наследуючы Яго.

05/03/2018

"Высокія" парогі дому Айца

"І пачалі весяліцца." Так заканчваецца гісторыя пра марнатраўнага сына і пачынаецца аповед пра старэйшага. Пасля гэтай фразы міжволі ўсміхаешся, рэдка аж так яўна, але недзе ўнутры то заўсёды, нібы душа чуе гукі той "музыкі і танцаў" і імкнецца далучыцца да агульнай весялосці: "Сын мой ажыў, знайшоўся!"

"А старэйшы сын ягоны быў на полі." Жыццё малодшага і старэйшага мела такі розны рытм... Цалкам можа быць, што з самага дзяцінства. Мы добра ведаем, што малодшы паспеў за кароткі час нарабіць, колькі перадумаць, з якіх вышыняў упасці, вярнуцца ў бацькоўскі дом з апошніх сіл, без прэтэнзій на сыноўства, толькі на прабыванне недзе паблізу ад бацькі, каб хоць не галадаваць, не памерці. Можа толькі глянуць здалёк на родны дах, на ганак, з якога калісьці збягаў так хутка, пакідаючы дом... Але ён трапляе ў абдымкі свайго бацькі. Мы нават губляем яго з вачэй у гэтых абдымках прабачэння і радасці.

02/03/2018

Заручыны

Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
І ў той дзень, — кажа Пан, —
ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой»,
і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал».
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.


Ос 2, 16. 17b–18. 21–22

Абранніца, якая стала нявернай... Тая, што смяялася і спявала, танцавала і не адводзіла вачэй, паступова (ці раптам) стала глядзець у іншы бок, у розныя бакі. Пачала слухаць то адных, то другіх, займацца то тым, то гэтым, шукаючы наталення, і не ведаючы спакою. Стомленая, маўклівая, нібы чужая... "Ці ёсць у яе муж?" - спытайся. Яна пачне ўспамінаць: "Ці быў?" І будзе пазбягаць позірку, вымыкацца з размовы, ляцець да сваіх клопатаў, бясконцых спраў.  

Муж урэшце возьме яе за руку, словам ці рухам павядзе як мага далей – ад усёй той мітусні, нейкіх дзіўных навін, гучных галасоў, супярэчлівых патрэб, журбы і самоты. Усё застанецца ззаду, а наперадзе будзе цішыня і пустыня, якая свеціцца ад сонца, ад зор, ад "схаваных крыніц". Будзе адзін голас, адно жаданне, адзін адказ, а знакаў Любові – больш, чым пясчынак да небакраю. І тады, ёсць надзея, што яна пачне слухаць, глядзець, думаць і верыць у гэты спакой, у прыгажосць, у прыняцце, у вернасць. І вочы, і біццё сэрца, і спеў, і танец – усё вернецца. І можна будзе, нарэшце, пагаварыць.