23/10/2015

Таямніцы Святла. Разважанні для дзяцей – у інтэнцыі настаўнікаў


1. Хрост Езуса ў Ярдане

Праз Хрост мы сталі Божымі дзецьмі і пазбавіліся ад першароднага граху, каб у сваім жыцці выракацца ўсяго грэшнага і злога, верыць у Бога і імкнуцца да дабра. Настаўнікі вучаць адрозніваць дабро ад зла, даюць веды, якія разганяюць цемру. Яны выбралі шлях асветніцтва і служэння людзям. Але змагацца з невуцтвам не так проста. Гэта доўгія бітвы, якія расцягваюцца на гады і забіраюць усе сілы.
Разам з Маці Божай папросім у Бога для настаўнікаў трываласці, веры і натхнення ў іх працы.

2. Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане

Маці Божая заўважыла, што не хапае віна, якое дадае людзям весялосці, мае свой непаўторны смак, які на вяселлі не замяніць вадой. Настаўнікам таксама часам не хапае сілаў, каб ісці далей, паўтараць адно і тое ж па дзясятаму разу, працягваць сваю працу, нягледзячы на расчараванні і горыч.
Маці Божая, падтрымай усіх настаўнікаў, якія перажываюць зараз цяжкасці, асабліва тых, якім не хапае радасці.

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

Падчас абвяшчэння Евангелля, Езус сустракаў шмат розных людзей. Многія Яго называлі Настаўнікам і прыходзілі да Яго за радай і мудрасцю, за ацаленнем і палёгкай. Ягоныя вучні часта былі сведкамі цудаў. Больш таго, Езус хацеў, каб вучні таксама маглі несці Добрую Вестку, прамаўляць, аздараўляць, дапамагаць людзям.
Вельмі важнай з'яўляецца праца настаўніка. З кожным вучнем адбываецца цуд, таму што веды даюць крылы чалавеку, і ён можа лётаць, як птушка. Дапамажы, Божа, каб настаўнікі ў Табе чэрпалі мудрасць, разважлівасць і велікадушнасць, а вучням улі ў сэрцы любоў да навукі і ўдзячнасць настаўнікам за іх працу.

4. Перамяненне Езуса на гары Табор

Звычайныя і шэрыя непрыкметныя рэчы ў Божым святле могуць перамяніцца ў ззянне і бляск, на які цяжка глядзець. Што ў вучэбным годзе будзённае і шэрае? Штодзённая праца настаўніка, які крок за крокам, урок за ўрокам імкнецца навучыць дзяцей нечаму новаму. Ён імкнецца, каб гэтыя веды змянялі вучняў да лепшага, дапамагалі ім станавіцца сапраўднымі людзьмі, знаходзіць свой шлях у жыцці, думаць сваёй галавой.
Папросім Маці Божую маліцца за настаўнікаў, каб яны ніколі не апускалі рукі ў штодзённай працы, якая рыхтуе неверагодныя перамены ў іх вучнях.

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

Езус застаецца з намі Нябесным хлебам – Эўхарыстыяй, аддае Сябе людзям, напаўняючы іх Сваімі дарамі і любоўю. Дзякуючы Хрысту за Яго вялікі дар, будзем вучыцца ў Яго быць хлебам для сваіх бліжніх – дапамагаць ім, з радасцю дзяліцца тым, што маем, маліцца за іх, быць вернымі і шчырымі сябрамі і добрымі вучнямі.
Дапамажы, Пане Езу, нашым настаўнікам ісці за Табою з адданасцю, адвагай і любоўю, адары іх здароўем і Сваім супакоем.

На пачатак

"Узнясу рукі ў праслаўленні"
Калі брацца штосьці рабіць, то толькі з любові. Рукі спакойна ляжаць на каленях. Націскаеш на клавішы ці бярэш аловак, гачку ці скальпель, зямлю, ваду ці паветра – любоўю напоўніць гэты зямны момант, які ўжо тут сустракаецца з вечнасцю.

Не чакаць ніякага "дзякуй". І ўзаемнасці, бывае, таксама. Рабіць, бо любіш, а не таму што аддзячаць, дацэняць, пагладзяць.

Сцішыцца.
Маліцца аб любові.
Спрабаваць. 

21/10/2015

Ткацтва палатна любові

Ойча, хочам аддаць Табе мужчын і жанчын гэтай зямлі,
сувязі з якімі парушыў гвалт,
тых, жыццё якіх знішчылі нянавісць, помста і прыніжэнне.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
з якімі повязі зніклі – парваныя, растаптаныя,
тых, каго прыгнятае самота,
забытых усімі, пакінутых, пагарджаных.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
жыццё якіх трымаецца на тоненькай нітачцы,
якія пакутуюць ад хваробы, старасці і жалобы,
якіх іншасць аддаляе ад рэшты.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
каторых горыч мінулага,
няшчасце, адмова кахання, цяжар і абыякавасць
звязалі, скруцілі, замкнулі ў сабе. 
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.

pastor Jacques Juillard

08/10/2015

Поўнач. Сяброўская размова

Размовы паміж даўнімі сябрамі не вылучаюцца далікатнасцю. Я маю на ўвазе, далікатнасць выразаў, а не адсутнасць павагі. Калі твой сябра пагрукае ў дзверы сярод ночы, вырываючы цябе з салодкага сну без дай прычыны, то гаворка будзе весціся без уступаў і прывітанняў.
– Што сталася? – Тое і тое. – Ат, гэта можа пачакаць да раніцы, адчапіся ад мяне.
А той зноў: "Дружа, пазыч мне хлеба", і не адыходзіць. Няўжо сябра не мае сэрца і не ўстане? Магчыма, ён мае здаровы розум і ведае, што справа можа (а то й павінна) пачакаць да раніцы і разлічвае, што надакучлівы сябар зразумее гэта.