25/07/2013

Наскрозь



Гліняныя збаночкі, ды хмаркі ў споднях і спаднічках, ды асінавыя трапяткія лісцікі...
Хіба можна нам нешта даверыць, калі мы вось-вось рассыплемся ў пыл? Ці мы лепшыя за іншых? Ці мы ведаем, што сказаць, каб не сфальшывіць? Аб чым папрасіць, каб не пахіснуцца? Устаць і пайсці – куды? Растлумачыць адно, а зрабіць наадварот – умеем, так. Нясталыя, слабыя, патрэсканыя, з адбітымі кавалкамі ды пашарпанымі бакамі – навошта мы Табе, Пане Божа?...

Але павее лёгкі вецер – і раптам сонца засвеціць у вочы праз неспакойную лістоту...
І над галавой скрозь хмары прасочацца на зямлю сонечныя промні...
І ад іншага чалавека ліецца святло, часам такое яркае, што хочацца заплюшчыць вочы.
Думаю, апостал Якуб таксама сляпіў вочы тым ліхадзеям, што вырашылі забіць яго. Каб панавала цемра. Каб згаслі ўсе промні адзін за адным.

Але дзякуй Богу, так шмат – было і ёсць – небаракаў-збаночкаў ды нясталых хмарак, што Божае святло свеціць у цемры і дае надзею.

Чытаць:
2 Кар 4, 7-15
Пс 126
Мц 20, 20-28

Слабость или сила?
о. Янез Север ОИ, Москва

17/07/2013

Моц сяброўскіх рук

Убачыўшы
іх
веру...
Лк 5,20


У гэтай гісторыі пра ацаленне паралізаванага чалавека няма пралога. А мне здаецца, што Езус убачыў сяброў не толькі ў праёме разабранага даху, але значна раней.
Ён бачыў, як яны разгублена стаялі перад натоўпам людзей, пакуль Ён навучаў, і як не адступіліся ад свайго намеру: зараз або ніколі!
Бачыў, як няслі свайго хворага сябра праз горад, выціраючы пот і змяняючы рукі.
Бачыў, як наведвалі яго доўгія гады, таксама ў тыя цяжкія часы, калі ён закрываў вочы і адмаўляўся гаварыць і есці.
Езус бачыў, як яны, нават дранцвеючы ад уласных клопатаў і бедаў, не пакідалі свайго сябра, дапамагалі ягоным блізкім, жылі надзеяй, маліліся, шукалі лекі і сродкі.

Шукалі, стукаліся, прасілі, верылі – і атрымалі...

Я не пішу гэта дзеля таго, каб спытацца: а якія мы сябры? Я толькі хачу разам з Хрыстом паглядзець на сваіх сяброў. Таксама знізу ўверх. Бо што было б без іх?.. І, праслаўляючы Бога, падзякаваць за моц іхніх рук, за іх любоў і веру.

09/07/2013

Ад Марыі – з любоўю. Будслаў у ліпені 2013

– Януся, ты ведаеш, Маці Божая сказала мне, што вельмі цябе любіць. 
– А як ты з Ёй гаварыла?
– Яна гаворыць вельмі ціха, але я пачула.
– А Кольку? А Віталіка?
– І Кольку, і Віталіка. Таксама. Вельмі. Давайце я вам раскажу, дзе я была...

Дзеці ўжо ляжалі ў ложках. Быў позні вечар 6 ліпеня. У цёмным пакоі я пачала расказваць дзецям пра Будслаў, часам запінаючыся, бо так хацелася спаць, што зліпаліся вочы. Цікава, ці запомнілася ім хаця б што-небудзь з маёй справаздачы...

На наступны дзень Янка сказала:
– А пагавары з Марыяй яшчэ раз.

Магчыма, сэнс сведчанняў і аповедаў пра Бога якраз і знаходзіцца ў пераказванні праўды пра Ягоную любоў да чалавека. Я вырашыла запісаць некаторыя свае ўражанні і ўспаміны пра сёлетнюю ўрачыстасць, хоць не магу ўбачыць сваіх чытачоў. Але паверце, што гаворка ідзе пра Божую любоў да кожнага з вас, пра любоў, з якой Марыя спадарожнічае нам па жыцці.

04/07/2013

Зачем

Зачем Богу жертва Авраама? Ведь это сын обетования!
Зачем надо идти три дня? Ведь это продлевает страдания!
Как смотреть в глаза сына, который спрашивает тебя с таким доверием? Ведь ты должен его зарезать!
Как взойти на жертвенник? Ведь ты не готовился быть жертвой!

01/07/2013

Хто каму вораг, і калі ён не страшны

Любіце ворагаў вашых,
Дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае,
Маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
Лк 6,27

Калі прыходзіш у дзяржаўную установу, адзіная надзея, што сустрэнеш там чалавека, якому гэтыя словы Хрыста – не чужыя. Чаму? Бо ты ва ўстанове – якраз той самы вораг для тых, хто там працуе. Вось ты прыйшоў са сваёй (добра калі стандартнай, а не складанай) просьбай і адным гэтым фактам прымушаеш людзей займацца табой, а не іншымі, верагодна, больш прыемнымі і пільнымі справамі. Ну, і як цябе любіць?

І потым. Адстаяўшы ў чарзе, ты набліжаешся да вакенца ці ўваходзіш у кабінет, паспеўшы зненавідзіць ўсю гэту ўстанову, існуючы парадак і наймітаў гэтай агіднай сістэмы, па волі якой ты тут марынуешся.

Няўжо ты не праклінаў, перамінаючыся з нагі на нагу ў чарзе? Поўны трывогі ад невядомасці, чаму так марудна прымаюць, няўпэўнены ў адпаведнасці сваіх паперак адноўленым патрабаванням (а ўмовы змяняюцца перманентна), ты сканцэнтраваў свае прагненні і страхі на чалавеку, які працягвае руку за тваімі даведкамі. Нават цяжка ўявіць, што ўбачыўшы цябе, ён паставіцца прыязна да наведвальніка. Паблагаславіць? Амаль што неверагодна.

І нарэшце. Шчыра кажучы, сваімі патрабаваннямі і заявамі, якія не адносяцца да кампетэнцыі канкрэтнага служачага, сваімі паперамі і даведкамі, якія не адпавядаюць прынятым нормам і напісаны з памылкамі, сваёй павярхоўнасцю ў пытаннях, якія ты просіш разгледзець, у аднабаковасці, з якой налягаеш на прыняцце рашэння толькі на сваю карысць – ты сапраўды крыўдзіш тых, каго просіш. Але ж чыноўнік не ўзнімае вочы да неба з малітвай "Ойча наш", кінуўшы позірк на твае паперы.

Але нешта падобнае пэўна адбываецца, калі ж справы вырашаюцца станоўча, на пытанні знаходзяцца адказы, а на просьбы – дапамога і добрае слова... Магчыма, працаўнікі ўстаноў таксама разлічваюць, што да іх прыйдуць людзі, якія любяць ворагаў, чыняць дабро, благаслаўляюць і моляцца за іх. Стоячы ў чэргах, перапісваючы анкеты, губляючы цярпенне, сціскаючы зубы ад крыўды  –  яны (гэта значыць, мы) усёткі застануцца вернымі Хрыстовым запаведзям, хрысціянамі, адным словам.