31/07/2019

Малітва любячай увагі. Заканчэнне

У двух апошніх артыкулах мы даволі пільна прыглядаліся да рахунку сумлення. Пачалі з яго класічнай формы, разабралі прагляд дня і малітву любячай увагі, іх адметнасці і этапы. Засталося зрабіць яшчэ адзін крок, а менавіта адступіць крыху назад, каб павялічыць шырыню агляду.

    У Божую прысутнасць я прыходжу як рэальны чалавек, а не выдуманы герой, які ўсё робіць на выдатна ды яшчэ з дня ў дзень удасканальваецца. Што сёння будзе маёй шчырасцю ў адносінах са Створцам і Збаўцам? Плынь слоў і думак ці маўчанне? Усмешка ці схаваны ў далонях твар? А можа, увогуле адмаўленне ад актыўнага пазнання сябе і простае прабыванне пад позіркам Бога, які бязмежна і безумоўна любіць мяне?

21/07/2019

Малітва любячай увагі

Рахунак сумлення, аб якім размова была мінулым разам, не абмяжоўваецца адной формай. Мы ўжо пагаварылі аб праглядзе дня, а сёння бліжэй пазнаёмімся з малітвай любячай увагі.

    Спачатку трэба адзначыць, што ігнацыянскі падыход да выкарыстання тых ці іншых малітоўных практык характарызуецца гнуткасцю. Гэта значыць, што св. Ігнацый, даючы нам пэўныя духоўныя парады, па сутнасці прапануе інструменты для творчага ўжывання ў канкрэтных умовах і жыццёвых сітуацыях.

Рахунак сумлення як штодзённая малітва

Нядаўна ў калідоры дзіцячай музычнай школы, чакаючы сына, я пачула, як настаўніца гаварыла юнай цымбалістцы: “Прапявай музыку самой сабе. Зайграла не тую ноту? Выпраўляйся і грай далей, не спыняйся”. Цікавы вобраз для разважання. Мы дапраўды часта “фальшывім” у жыцці, бяром не тыя ноты, не вытрымліваем паўзы, няўважліва слухаем Кампазітара і Дырыжора неверагоднай сімфоніі Сусвету, у якой маем уласнае непаўторнае гучанне. Але дзеля таго, каб выправіць памылку, трэба ведаць сваю партыю. Яна павінна гучаць дзесьці ўнутры, нягледзячы на знешні шум: мелодыя любові да Бога і бліжняга. Сумленне дапамагае адчуць фальш і страту гармоніі. Дастаткова толькі не заглушаць яго голас у сэрцы, а прыслухвацца да падказак.

    І гэтае добрае жаданне прыводзіць нас да такой цудоўнай формы малітвы, як рахунак сумлення. Многім здараецца карыстацца ім толькі па неабходнасці, падчас падрыхтоўкі да споведзі. І тое – не напоўніцу, а дзеля “падліку” грахоў і недахопаў. Варта вырашыцца на штодзённы рахунак сумлення, бо ў ім утоены вялікі духоўны скарб.

“Прасіце, і будзе дадзена вам”

У разважаннях пра малітву мы ўсё яшчэ знаходзімся на яе парозе. Але хіба гэта не парог роднага дома, дзе нас чакае хтосьці вельмі блізкі? Магчыма, пасля доўгага перапынку ў практыцы малітвы вяртаемся да гэтага “парога”, як блудны сын, з апушчанай галавой? Сама ж сустрэча з Богам, як запэўнівае Езус, азначае прыняцце і прабачэнне. Нават калі цяжка адчуць гэта, варта, прынамсі, памятаць, што Бог нас чакае.

    Кожны раз мы вяртаемся крыху іншымі, чым былі раней. З чым прыходзім, чаго прагнем, на што спадзяёмся? Выказваем гэта ў сваіх інтэнцыях, малітоўных намерах. Але і тут можна трапіць у крайнасць, а менавіта – паблажлівасць і апантанасць сваімі просьбамі. 

Божая прысутнасць

Мінулым разам мы спыніліся на захапленні гэтым светам, які Бог стварыў і працягвае ствараць, весці, развіваць і ў які нам прапануе ўвайсці Яго супрацоўнікамі. Вялікае пакліканне… Мы не здолеем дарэшты спасцігнуць яго, як і глыбіні Божай мудрасці ды любові, і ўсё ж, Ён чакае кожнага з нас.

    Кніга Быцця распавядае пра Бога ў Раі, з якім Адам і Ева маглі размаўляць тварам у твар. Наколькі цяперашняя малітва імкнецца да такой размовы, да прабывання побач з Усемагутным? Прыглядзімся да таго, як мы прыходзім, звяртаемся да Яго… Так, Бог прымае ўсе нашы просьбы, рады нават позірку ў свой бок. Але ці гэтага прагне? Ён чакае чалавека як асобу, якую любіць, а мы часта зводзім нашу лучнасць з Ім да свайго роду службы “Адно акно”. 

Кубак вады

Уявіце сабе такую сітуацыю: чалавек, які хоча піць і мае каля сябе кубак вады, проста не працягвае да яго руку і надалей пакутуе ад смагі. Ці ж не дзівак? Здаецца, вазьмі ды напіся! Сітуацыя, зазначу, без падводных камянёў: чалавек не паралізаваны, рукі слухаюцца, вада ў полі зроку, ніхто піць не забараняе… Не п’е, і ўсё. Што ты з ім зробіш? З вадой у пэўным сэнсе яшчэ ўдасца нешта прыдумаць, у горшым выпадку можна прымусіць піць. А з верай? З надзеяй, любоўю Божай і да Бога?

    Пагляджу на сябе. Мая прага Пана і той “кубак”, які Ён ставіць побач.

12/07/2019

Слухаць і адрозніваць

Самуэль спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія, і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль! Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі.
Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць. А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой. (1 Сам 3, 3-6, 8-10)

Самуэль спаў у цішыні святыні Пана. Яна была яго пакоем, дзе прабываў Пан, і больш ніхто. Магчыма, Элі знайшоў для хлопчыка найлепшае спакойнае і бяспечнае месца. У кожнага з нас ёсць такі пакой для сустрэчы з Панам: уласнае сэрца. Калі ў ім настае глыбокая цішыня, то сапраўды можна заснуць. І гэта не страшна. Не сорамна быць сабой у сваім жа пакоі – стомленым малым дзіцём, якому хочацца спаць. Бог сам выбірае час, калі паклікаць чалавека па імені. І той абуджаецца паслухмяна, але не адразу здольны распазнаць, хто яго кліча.

Мы блытаем Бога са знаёмымі фігурамі, значнымі для нас постацямі і нават (як гэта ні прыкра) рэчамі. Бяжым з гатоўнасцю адказаць на покліч і задыхана гукаем: “Вось я!” Але атрымліваем у адказ незразуменне: “Я не клікаў цябе”. Не кожны настолькі мудры і сціплы, як суддзя Элі, каб сказаць нам: “Вярніся і спі”. Раз мы ўжо прыйшлі – то знойдзецца і работа. Як не скарыстаць? Хіба мы самі не вылучаемся такой “вынаходлівасцю”, калі можна даручыць камусьці кавалак працы?