22/02/2013

Пра хатнюю працу – толькі факты


  1. З пылу ўтвараюцца чароўныя зайчыкі, якія вельмі ціха сябе паводзяць.
  2. Не трэба так часта пыласосіць зношваецца ж дыван.
  3. Лямпачкі, злёгку пакрытыя пылам, даюць мяккае рамантычнае асвятленне.
  4. Пыл – выдатны акцэнт для канры-стыля памяшкання.
  5. Тонкая плёнка на нявымытых вокнах бароніць ад шкодных сонечных промняў.
  6. Дзеля навуковага эксперыменту падтрымлівайце ўсё, што расце ў халадзільніку. Гэта ваш шанец вынайсці лек ад сур'ёзнага захворвання.
  7. Хай павуцінне збіраецца на працягу года для сапраўды фантастычнага інтэр'ера на Хэлоўін.
  8. Толькі пасля прыбірання збіраецца шмат бруду і пылу. Праз некаторы час ужо не становіцца горш, так што няма неабходнасці падтрымліваць чысціню.
  9. Паркетныя падлогі патрабуюць толькі штотыднёвага вальса ў разношаных тэпцях.
  10. Калі вы спяшаецеся, проста падмяціце пакой адным позіркам.
  11. Пакіньце пыласос сярод хаты  –  і госці падумаюць, што яны заспелі вас падчас прыбірання.
  12. Памятайце: чыстыя хаты не трываюць доўга, але абдымкі і пацалункі – так!

15/02/2013

Пост, малітва, міласціна


 Тры аспекты посту, пра якія можна вельмі часта пачуць, прачытаць, нават узяцца практыкаваць. Пра Вялікі пост гаворыцца, як пра "выключны час". На жаль, тое, што падчас яго "выключаецца", пасля Вялікдня працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Тады атрымліваецца так, што ўвесь астатні перыяд года – нармальны? А зараз трэба сябе перазагрузіць, каб нешта адчуць?

Яшчэ зусім нядаўна мне здавалася гэта лагічным і патрэбным. Менавіта так – бярэш сабе пастановы і чакаеш асаблівых перажыванняў. Ды вось не працуе без навяртання такі посны "перамыкач". Мы ставім каня за вазом і чакаем, калі ж ужо рушым наперад. Сядзім, нешта вакол сябе перакладаем, а нічога не змяняецца. Чаму? Ужо і пярыны мяккія выкінулі, і ядзімо праз дзень, і адзенне параздавалі... А можа на самой справе мы так едзем, памалу, бо куды спяшацца?

А трэба спяшацца, бо кожны пост мінае хутка, як кароткі шанец агледзецца, зрушыць з месца, вярнуцца да праўды. Як проста і добра напісаў Бэнэдыкт XVI у Папяльцовую сераду:

У перыяд Вялікага посту, які мы пачынаем, адновім наша навяртанне, даючы больш месца Богу.

Успомні, ты ужо вяртаўся. Падумай, як пасунуцца набок, садзьмуцца і даць месца Богу, даць Яму магчымасць навучыць цябе ставіць у сваім жыцці ўсё на належныя месцы...

Таму постна сябе, на сваю ўсюдыпрысутнасць, на нецярплівасць і мітуслівасць, пустую балбатню і насмешкі. Стрымайся, дай свету адпачыць.

Дай свету сваю малітву. як таямніцу, як прысутнасць, як глыбіню, малітву красамоўную і маўклівую, сумную і спеўную, якая патрабуе месца, часу і зместу. І якой нічога не трэба, бо яна сама – дар з нябёсаў.

Міласціна. Дзе тое ахвотнае сэрца, каб шчодра сябе раздаваць? Любові той маленькі агеньчык – як ад сябе забраць і таму, хто не заслугоўвае, аддаць? Рабі дабро. Хоць бы так, як украўшы. Хтосьці ўмее шчодра і прыгожа, а ты ціха, патроху – але дабро. Асабліва тым, хто дзякуй не скажа.

12/02/2013

11 лютага. Божы дар

Сённяшні дзень пачаўся і ішоў, як звычайна са сваімі справамі, размовамі, інтэрнэтамі і кавай са смайлікамі ў скайпе... Але раптам ленты навінаў выбухнулі весткай пра адмаўленне Бэнэдыкта XVI ад папскага пасада. Неверагодна, дзіўна, сумна...

 "Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра."

Пакуль свет займаўся сваімі справамі, аслабелы чалавек у белай сутане зноў і зноў "у сумленні перад Богам" задаваў адныя і тыя ж пытанні, каб зразумець, пачуць Божую волю, упэўніцца ў ёй... Звычайна адбываецца наадварот: людзі ідуць на многае, каб выпадкова не пачуць, чаго хоча Бог.

За гэтыя кароткія 9 год мы прайшлі шлях ад пытання "Хто ён такі? Што ён скажа?" да роздуму над ягонымі словамі, да любові, здзіўлення, гонару, даверу...


Ён не адлятае на іншую планету, не пакідае Рым, не перастае маліцца за нас, служыць і разважаць.

"Усё з'яўляецца Божым дарам: толькі пазнаўшы гэту жыццёвую залежнасць ад Стварыцеля знойдзем свабоду і спакой." (Бэнэдыкт XVI праз "Твітэр", 6 лютага 2013 г.)


11/02/2013

Лямпачка

З кім не бывае – глядзіш на прыгожую рэч і адчуваеш, што тваё шчасце залежыць ад валодання ёю. Вось будзе, напрыклад, на тваім стале гарэць гэтая дызайнерская лямпа – і паселіцца ў хаце ўтульнасць, цяпло і радасць, і знойдзецца час чытаць добрыя кніжкі, і зменіцца тады ўсё навокал, і потым... Карацей, зразумела, што на такія схемы выдаюцца большасць рэкламных бюджэтаў.

І колькі ўсяго трэба (ці ўсё ж не варта?) купіць-апрануць-з'есці-убачыць чалавеку, каб зразумець, што пакуль у душы не загарыцца "лямпачка" Любові, шчасця не пакаштуеш?.. Любові сапраўднай – з усімі яе бясконцымі сэнсамі, пошукамі і ахвярамі, гарачкай і сцюжай, – якая ўвогуле не назоўнік, але дзеяслоў. І некалі акажацца, што яна ні разу не лямпачка, толькі жывы агонь.


08/02/2013

Малодшаму сыну Аарона

Бог не прамовіць табе асабіста ні слова, не пройдзе за тваімі  плячыма, не адкажа на ніводнае пытанне. Твой твар не будзе ззяць ад славы Божай, як у Майсея пасля размовы з Ім.

Людзі, за якіх ты прыносіш перамольныя ахвяры, не будуць лавіць тваё кожнае слова, не складуць пра цябе песняў. Іх просьбы – часта пустыя, а жаданні – супярэчлівыя.

Усё, што ў цябе ёсць – напоўненыя рукі, асвечаныя шаты, рэцэпты духмяных алейкаў і каноны ахварапрынашэнняў...

Але застанься.
Бо па-за Богам, Які шкадуючы цябе, хавае ззянне Свайго Аблічча, па-за Тым, Хто любіць цябе так, што пакідае выбар за табой, – няма нічога. І ў людзях – Ён таксама нябачны.

(па матывах Кнігі Зыходу)

04/02/2013

Святары XX стагоддзя. Кс. Юзэф Інгелевіч

Як успомніць пра чалавека, якога ты ніколі не бачыў? Можна заглыбіцца ў ягоныя архівы, каб ён сам расказаў пра сябе сваімі запісамі, лістамі, малюнкамі. Альбо прачытаць ці паслухаць успаміны ягоных сяброў і ворагаў, калі яны захацелі нешта расказаць.

Але ёсць і яшчэ адзін – самы надзейны спосаб – паглядзець на тых, хто жыў з ім побач. Убачыўшы адбітак ягонай асобы ў душах гэтых людзей, можна пазнаць, кім ён быў.

Я ведаю ксяндза Юзэфа Інгелевіча не толькі таму, што ягоны вялікі фотаздымак вісіць на сцяне бацькоўскай хаты, не толькі з аповедаў пра яго (дарэчы, вельмі сціплых). Я бачу, як ён паўплываў на маіх блізкіх людзей.

02/02/2013

Над Віліяй



Над Віліяй на ўзгорку стаяла купка моладзі. Была цёплая жнівеньская ноч. Ужо даспявалі і датанцавалі, згасілі вогнішча, збіраліся разысціся па сваіх намётах. Але нешта яшчэ марудзілі, смяяліся і гаманілі, паглядаючы адны на другіх.

Не хацелася адпускаць гэту дзіўную ноч. Вілія ўнізе выгіналася доўгім лукам, ціхая, павольная, нябачная ў лёгкім тумане, які ахутваў яе, не кранаючыся вады. Месяц сваім святлом рабіў наваколле чароўным, нібы выхапленым з прасторы і часу. Мы ўсе былі выхапленымі са звыклага асяроддзя, смяшлівыя дзяўчаты і вясёлыя хлопцы. Маладыя, якія лічылі сябе сталымі. І не памятаю, з якой прычыны, раптам два хлопцы пачалі спяваць “Ty pójdziesz górą”. Пэўна, хацелі павесяліць нас або ўразіць. Прынамсі, дзяўчаты так спачатку гэта зразумелі, бо стаўшы цесным гурточкам, мы пасмейваліся. Было смешна і неверагодна, што хлопцы сталі не проста сур’ёзнымі, а нават урачыстымі. Але спявалі яны так нечакана добра, такой сумнай і кранаючай была тая песня ўначы, што хутка ўсе смяшкі сціхлі. Мы стаялі і слухалі, раптам адчуўшы, што сапраўды, не ведаем, што нас чакае далей. Нездарма складалі калісьці людзі песні, нездарма…

А далей было проста жыццё, кожнаму – сваё… І як шмат рознага маглі б мы расказаць пра яго ўжо зараз, сустрэўшыся на тым узгорку і нагадаўшы адзін аднаму свае імёны… А напрыканцы шляху ці ўсім захочацца размаўляць?...

Аднекуль даўно

– Ведаеш што… – сказаў Бог аднаму чалавеку. – Зразумей, што калі Я прыводжу да цябе людзей, Я разлічваю, што ты проста будзеш шчырым. Што ты будзеш самім сабой… Гаваркім ці маўклівым, але – сабой. Зараз, не заўтра ці пасля абеду.

Я разлічваю, што ты не будзеш мармытаць сабе пад нос тое, што трэба сказаць уголас, і не будзеш такім пераканаўчым у глупстве.

Ты адчуваеш праўду ў сваім сэрцы, але баішся за яе, за сябе, нават за Мяне – што пра Мяне падумаюць людзі, гледзячы на цябе... Дзіця, ты губляеш час... З безлічы спосабаў паказаць іншаму чалавеку сваю любоў ты не бачыш ніводнага? А раптам памылка?… Горш нічога не рабіць, чым памыляцца. А яшчэ горш: нібыта сказаць, нібыта – не, нібыта ісці, нібыта застацца і мохам абрасці…