27/01/2015

Разважанні з іголкай і ніткай

У нашай Бараўлянскай парафіі ў снежні (2014г.) утварыўся дзіцячы тэатральны гурток. Вядома, у першай пастаноўцы дзеці рыхтаваліся паказаць гледачам гісторыю Божага нараджэння. Пакуль старэйшы сын вучыў словы святога Юзэфа, я павінна была падоўжыць яму вопратку, каб ён меў больш прыстойны выгляд.

Для таго, каб прымерыць, прымятаць, падраўняць, прышыць, мне спатрэбіўся кавалак часу, рукамі – не машынай. І за работай (не памятаю, у сувязі з чым) успомніўся выраз з Евангелля св. Лукі: "Маці Яго захавала ўсе словы у Сваім сэрцы". Перашываючы адзенне для св.Юзэфа, хоць бы для тэатральнага, я ўслухалася ў гэты сказ з новым пачуццём. Зараз нам лягчэй незвычайна адносіцца да Маці Божай, чым зразумець, што Яе святасць узрастала сярод звычайных рэчаў, заняткаў і клопатаў. Усё, што Марыя саткала, пашыла, згатавала і зрабіла, не толькі матэрыяльнае, усё адбылося пад гучанне тых схаваных у глыбіні сэрца слоў.

Што трэба, каб загучала Божае слова ў сэрцы? Магчыма, як гэта ні парадаксальна, схаваць яго як найглыбей, бо штодзённая мітусня змывае з паверхні сэрца не толькі словы, але і людзей, рэчы, падзеі. А пра сэрца лепш, чым у энцыкліцы Lumen fidei, мне не сказаць: "Паводле Бібліі цэнтрам чалавека з’яўляецца сэрца, у якім сустракаюцца ўсе яго вымярэнні: цела i дух; глыбіня асобы і яе адкрыццё на свет і іншых; розум, воля і пачуцці. Вось жа, калі сэрца здольнае яднаць гэтыя вымярэнні, то дзеецца так таму, што яно з’яўляецца месцам, дзе мы адкрываемся на праўду i любоў i дазваляем, каб яны ў глыбіні закранулі нас i перамянілі."

Ад таго, што схавана ў цэнтры чалавека, залежыць кожнае "шво" на тканіне нашага жыцця. Якім быў бы свет, каб усе яны былі выкананы з любоўю да Бога і бліжняга?..

06/01/2015

Зорка Бэтлеемская

Сёння я прачытала кароткае і цудоўнае разважанне пра шлях Трох Каралёў, які скончыўся каля Маленькага Хрыста. Яны не ведалі, што і каго шукаюць, але ішлі, сумняваліся, распытваліся, радзіліся, шукалі далей, даверыліся зорцы, якая вяла іх.

Як падобны наш шлях на іх пошукі! І як моцна мы патрабуем зоркі, якая прывядзе нас у дом, дзе ўбачым Хрыста, каб аддаць Яму ўсё, што маем, усе свае здабыткі і падарункі.

Можна задаць сабе пытанне: што з'яўляецца маёй зоркай? І можна прасіць Бога, багатага міласэрнасцю і ласкай, даць кожнаму з нас гэтую зорку, за якой можна прыйсці дадому.