30/11/2013

Адвэнт. Знайсці сваё чаканне

 А чакаць жа ніхто не любіць. Людзі здаўна вынаходзяць нейкія рэчы, сэрвісы, аптымізацыі і паслугі, каб скараціць чаканне, не марнаваць час, пазбегнуць непрыемных перажыванняў.

Чаму ж такім каштоўным з'яўляецца адвэнтавае чаканне? Чаму нельга атрымаць адразу Свята Божага Нараджэння? Катэхэты ведаюць, што такія пытанні часта задаюць дзеці. А дарослыя ўжо спрабуюць высвятліць самі, што будзе, калі не рыхтавацца, не пасціць, не абцяжарваць сябе пастановамі, а "атрымаць" адразу свята. А потым на наступны ж дзень сказаць: "Вось і прайшло, нібыта  нічога й не было". Сумна, праўда? Больш таго, чаканне "за кампанію з іншымі" таксама прыносіць мала карысці. Пражыць гэты перыяд трэба сваім сэрцам, знайсці сваё чаканне і свае азнакі, што Божае абяцанне вось-вось споўніцца – прыйдзе Збавіцель, блізка выратаванне, цемра адступае перад Святлом.


Такім чынам, калі пазычыць чаканне не атрымліваецца, трэба шукаць сваё. Напрыклад, чакаючы, можна выйсці Хрысту насустрач, падрыхтаваць Яму падарунак. Толькі – што рабіць і як? Перабіраем у галаве пастановы, дзень, другі...  (Не страшна, лепш даўжэй падумаць, чым паабяцаць тое, што не датрымаеш.)  Што, калі перад табой час выпрабавання – малапрыемны, аскетычны, пазбаўлены карунак і мішуры? Толькі без кіслай міны і з прыстойным выглядам, памятаеш?

Чаканнем можа стаць рызыка: пачаць маліцца за свайго ворага, прапанаваць дапамогу, альбо наадварот, адмовіцца саўдзельнічаць у нядобрых справах. З рызыкай звязана і шчырасць, калі пачынаем называць рэчы сваімі імёнамі. Магчыма, камусьці трэба не пазбягаць канфлікту, а пачаць доўгую размову, дайсці да дробязяў, да вытокаў непаразумення. Прыціснуць сваю ганарлівасць і прызнаць памылкі. А іншаму – перастаць глытаць крыўды і пачаць гаварыць.

З іншага боку, калі кагосьці чакаеш, запавольваеш хаду, нават спыняешся. Так бывае, калі чалавек вырашае больш не грашыць. Усё. Стоп. Хопіць пустых сварак, нястрыманых абяцанняў, хлусні, абыякавасці, крывадушнасці...

Адвэнт – гэта шанец абвесціць мараторый на нараканні і зайздрасць, а таксама спроба падзяліцца з блізкімі і далёкімі тым, што маеш, адсыпаючы "меру добрую, утрэсеную"...

Гэта твой шанец наталіцца радасным прадчуваннем свята, услухацца ў словы адвэнтавай літургіі, гамілій, спеваў. Прачытаць добрую кнігу. Няспешна падрыхтавацца да свята, не адкладаючы на апошнія дні. Радасць вызвалення і прымірэння чакае пасля шчырай споведзі, якая таксама патрабуе падрыхтоўкі і малітвы, каб адкрыцца перад Богам.

А можа тваё чаканне ў тым, каб адчуць працягласць часу. Адчуць, як гэта адбываецца, калі надыходзіць "поўня часу". Сёння – яшчэ не. Заўтра – не. Праз 2 тыдні – не. Дні карацеюць, холад мацнее, настрой марнее, а надзея... надзея, як агеньчык раратніх свечак, свеціць, ёсць, гарыць. Якім чынам Бог спаўняе тое, што абяцаў? Што тады адчувае душа?

Ці не падказвае табе сэрца стаць Бэтлеемам – "найменшым з гарадоў Юды"? Тады час Адвэнту будзе часам служэння ўсім і кожнаму, часам "апошніх месцаў", лагоднасці, даверу, адрачэння ад сваёй "вялікасці".

Чаканне Дзіцяці без любові – штосьці нечалавечае. Калі твае раны – як глыбокія бязводныя студні, няхай напоўняцца яны любоўю. Няхай яна пераліваецца цераз край і знаходзіць мільёны шляхоў, каб атуліць сабой іншых людзей.

То якім жа будзе тваё чаканне? Каб жа стала яно тугою... Такой моцнай, якая дапамагла хаця б крыху зразумець, як Бог чакае чалавека. Тады адкрыецца табе моц чакання і напоўніць увесь Сусвет радасць сустрэчы.

26/11/2013

Бачнае і нябачнае або Завіруха, будаўніцтва, сонца і ўдзячнасць

Сапраўды, надвор'е не мае сумлення. Дом складаюць будаўнікі, а тут ні сонца, ні цеплыні, а зусім наадварот! Таму зараз пад перастук кропель па падваконні цяжка заснуць уночы, перад вачамі – прыгожыя звонкія бярвёны, што мокнуць на ўчастку. А так хочацца, каб атрымлівалася ўсё, як найлепш, каб не змарнавалася праца ніводнага чалавека, які спрычыніўся да будаўніцтва: таго, хто рабіў прыгожы і дакладны праект, тых, што залілі добры падмурак, тых, што валілі і звозілі на пілараму лес, складалі ў штабелі, перавозілі, выбіралі ў брусе заглыбленні і пазы, тых, што капалі і засыпалі пясок, тых, што зараз на холадзе складаюць сцены... А колькі людзей яшчэ прыйдзе і будзе працаваць!... Калі ласка, уздыхніце малітоўна за іх і за нас, каб сваімі рашэннямі і дзеяннямі прыносілі карысць і дабро.


Значныя і маленькія падзеі штодня пераплятаюцца ў дзівосны ўзор, які нават не можаш ахапіць позіркам, таму што тчэш яго часта з апошніх сілаў, лічыш недасканалым і бачыш толькі невялічкі кавалак. Убачыць жа ўсё давядзецца калі-небудзь, але напэўна не ў гэтым жыцці.

19/11/2013

Кожнай журбінцы – па журавінцы


Немагчыма намаляваць на твары чалавека ўсмешку замест горкай грымасы, як цяжка не скрывіцца, з'еўшы журавіну. Адкуль жа  бярэцца ў чалавека панурасць? З чаго вырастае, калі здаецца, што няма чаго бедаваць? Карані губляюцца недзе ў сардэчнай глыбіні, куды і сам чалавек не часта адважыцца зазірнуць, і мала каму дазволіць наблізіцца. 

Нават Бога будзе вадзіць па сваіх клопатах, нагадваць пра крыўды і паніжэнні, прасіць, настойліва перапытваць, маўчаць, думаць пра сваё... І не глядзець у вочы, не заўважаць, што Богу важна... Нібы трымаючы Яго за рукаў, гаварыць-гаварыць-гаварыць. Так нязручна, так цяжка яго адпусціць і даць Богу сваю руку, дазволіць вясці і паказваць. Ці не руіны за белымі фасадамі? Ці не аб прайграных бітвах свайму эгаізму так не хочацца ўспамінаць?

Кожны адкінуты Божы дар адгукаецца журбой, не вельмі заўважнай спачатку. Так... лёгкая прыкрасць, накшталт "падумаю аб гэтым пасля"... Вось было памкненне прабачыць – не, не дарую, не сёння і не проста так. Была магчымасць злітавацца – не, буду стаяць на сваім, маё права. Хацелася дапамагчы – а можа іншым разам, сёння столькі спраў... Не ачарняць – што вы, гэта была толькі праўда, і не ў вочы ж гэта казаць! Не спяшацца – дзе там, гэта ўжо лянота, а не натхненне... Ці не?

Нават расказаць пра такія "тонкія", няўлоўныя моманты можна па-рознаму. Нават сабе. І ніхто не аспрэчвае, што ты добры. Толькі прыглядзіся і падлічы –  колькі ж натхненняў змарнавана? "Лёгкі ветрык" прайшоў так блізка... Божая ласка, з якой можна было горы пераставіць у прасторы і часе, гатовая была праліца на цябе... Каб хоць шчылінку ў дзвярах свайго сэрца пакінуў, каб хоць стаўні прыадчыніў, калі насцеж смеласці не хапае... Ой, надта часта Бога сустракаюць глуха замкненыя нашыя хаты.

Вось і кацяцца горкія журбінкі адна па адной глыбока ў сэрца... Каб за кожную з іх хто-небудзь даваў табе па журавінцы, можна было б даўно варэнне зварыць. Праўда, карысней журавіны сцерці сырымі з мёдам, напрыклад. А дзе ўся слодыч? Ва ўдзячнасці. Гэта не значыць прымружваць вочы: здайся, ўсё ціха і дзякуй Богу, а наадварот – кожнае дабро адзначыць, як Божы падарунак, разгарнуць, прыняць, узрадавацца. Нават  заробку людзі цешацца, а то падарункам! У тым уся й справа, што ні за што. Вось тым, каго ты пакрыўдзіў, сапраўды ёсць за што, а табе?.. :)

Ну, як там? Соладка ці горка? Лекі, браце, салодкімі не бываюць. А вось скончацца журбінкі-журавінкі-разумнаму-навука, тады і смак зменіцца.

07/11/2013

Малыя людзі ў вялікіх натоўпах

Diong  Crowded Bus Ride
Да ўчарашняга вечара я ведала пра "бітком набіты аўтобус" толькі тэарэтычна. Да гэтага я ездзіла ў поўных і перапоўненых аўтобусах, але ў натоўпе, які сціскае цябе да болю і абцяжарвае дыханне, апынулася першы раз. Поручні ўжо непатрэбныя, нават мая торбачка вісела  невядома дзе, асобна ад мяне... Магчыма, я забылася, магчыма, проста даўно не была ў сапраўдных чэргах і на прыпынках у гадзіны пік. Нейкая жанчына каля дзвярэй уздыхнула: "Як скаціну возяць..." Але я сумняваюся, што гаспадар загнаў бы жывёлу ў такія ўмовы. А людзі ж ездзяць так можа штодня... А хворыя на калідорах у перапоўненых шпіталях? А доўгія чэргі беспрацоўных? Людзі ў лагерах для бежанцаў... Зняволеныя ў вязніцах...

Першая думка – не хочацца туды трапляць, далучацца, і нават ведаць... А Бог выбраў перапоўнены Бэтлеем, каб прыйсці на свет. Напэўна, у заездах бітком было людзей, а вось жывёлу і тады трымалі ва ўмовах больш-менш вольных і прыстойных. Але ж як убачыць Святую Сям'ю сярод людскога руху? Усе ў Бэтлееме ведалі, навошта папрыходзілі, перапіс выглядаў значнай гістарычнай падзеяй "усёй зямлі". А насамрэч важнае было побач, але не на відавоку.

Магчыма, каб кожнага жыхара і госця горада індывідуальна абудзіў анёльскі хор... Але зноў жа – ледзь-ледзь выбіў сабе ложак у гэтым, з вашага дазволу сказаць, гатэлі, прылёг, а тут кажуць "Ідзі, там радасць, яслі, Немаўля", ты заслухаешся й пойдзеш, вернешся – а месца занятае! Добра тым пастухам устаць і пабегчы, калі губляць няма чаго... Сапраўды, добра...

"Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі" – скажа Езус. Нават Яго заўважылі і сустрэлі дабром далёка не ўсе, а то Ягоных меншых, зусім маленькіх, у цяперашніх натоўпах?

Дай, Хрысце, тыя вочы, ды тую адвагу, каб не сябе, як асла, ахоўваць, а працягнуць руку свайму бліжняму ў патрэбе.


05/11/2013

Своечасовасць

Рабі не тады, калі хочаш, а калі можаш.
Беларуская прыказка

Любі
Змагайся
Радуйся
Слухай
Прабачай
Шукай
Вучыся
Пішы
Пазнавай
Гадуй
Успамінай
Аддавай
Сябруй
Трывай
Не спі


P.S. ... бясстрашна і свабодна служачы Таму, Хто дае гэтае "можаш".

02/11/2013

Пакуль жывём...

Dopóki żyjemy na ziemi mamy wpływ na statystykę mieszkańców nieba.

Пакуль жывём на зямлі, мы маем уплыў на статыстыку жыхароў Неба. 

Усіх памерлых вернікаў — адзначаецца 2 ЛІСТАПАДА, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых. У гэты дзень Касцёл у Літургіі моліцца за душы ўсіх памерлых вернікаў (адсюль назва) і складае за іх Эўхарыстычную ахвяру, просячы, каб яны, ачысціўшыся ад грахоў, маглі дасягнуць благаслаўлёнага прабывання з Богам. Адбываюцца спецыяльныя працэсіі на могілках. 
За наведванне могілак з 1 па 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст для кагосьці з памерлых. Адпуст можна атрымаць 1 раз на працягу дня.
УМОВЫ адпусту:
1. пабожнае наведванне касцёла або капліцы (або могілак - у гэтыя дні),
2. стан ласкі - споведзь, Камунія,
3. малітва ў інтэнцыях Святога Айца "Ойча наш", "Веру...".