31/01/2014

Марозная прыгажосць

Калі на вуліцы мінус 20 з нечым, наваколле заўважаеш адным вокам, хаваючы нос у шалік. Стыгнуць рукі, ногі самі нясуць людзей да цяпла. Застаюцца тыя, хто не можа пакінуць сваю варту, тыя, хто патрэбен іншым людзям, каб іх жыццё працягвалася ў звычайным тэмпе. А таксама тыя, у каго няма іншага выйсця. Дай, Божа, шчасліва перажыць маразы ўсяму жывому...
Прыгажосць людской салідарнасці, дапамогі, шчырасці нашмат мілей, чым зімовыя пейзажы.
Нават тыя, якія здымаеш уласнаручна.


27/01/2014

Вуснамі дзіцяці

Сёння Віталік сказаў мне нараніцы: "Ты, мамачка, добрая, але няправільная". Вельмі трапна. Каб наяўнае дабро ды ў адпаведнае рэчышча...
Акалічнасці нараджэння гэтай характарыстыкі такія: я спрабавала падказаць яму, як скласці канструктар :) Але ў яго заўсёды ёсць сваё меркаванне, як павінна быць.

Здымак восеньскі, галубы за вакном мясцовыя. Дзіцячая цікаўнасць


25/01/2014

Выйсці насустрач

tropical storm ingrid hurricaneЧасам здараецца так, што падзеі і думкі віруюць, як мора ў бурлівую ноч. Засяродзіцца на малітве не дапамагаюць ні месца, ні цішыня, ні добрыя тэксты, ні інтэнцыі. Можна, канешне, пакінуць усё так, як ёсць, учапіцца за борт свайго човенка і прасіць "Божа, змілуйся, суціш!"

Можна нават моцным голасам, калі ж бо хвалі ўсё большаюць, адчай залівае ўсё навокал і бездапаможнасць руйнуе сэрца... Дзе ж Ты, Божа наш?..
Узнікае пытанне: а дзеля чаго ты клічаш Бога? Дзеля свайго супакою, каб вярнуць былы камфорт, ці каб пачуць Яго? Сустрэць Яго?
Тады выходзь насустрач. Так, са сваёй утульнай схованкі НА бурлівую ваду.
Бог прыйдзе, не сумнявайся. І ўсе твае віры, цёплыя і халодныя цячэнні будуць, як на далоні, усе сполахі і вятры абрынуцца з розных бакоў... "Не бойся, толькі вер". На Яго рукі можна спадзявацца, а міласэрнасць Ягоная не мае дна.
Што з бурай зрабіць далей – суцішыць ці ўзмоцніць – толькі Яму вырашаць...