19/03/2021

Малітва дзіцяці за бацьку

Дарагі святы Юзаф,

дапамажы майму таце быць добрым бацькам.

Дапамагай яму, калі ён стомлены,

калі хвалюецца,

калі спяшаецца.

Дай яму гонар за працу і

крыху больш часу на вясёлы адпачынак.

Дапамажы мне паказаць майму таце,

як моцна я яго люблю.

Амэн. 

 

Крыніца: For My Father. A Child's Prayer

08/03/2021

Крыху пра сябе

Бог дзейнічае праз людзей. Вядома, не толькі, але праз людзей Ён любіць, клапоціцца, спачувае, спадарожнічае, падказвае. Праўда і тое, што, паколькі гэта ўсё робіцца праз людзей звычайных і грэшных, гэтыя падказкі не заўсёды такія тактоўныя, каб нам падабацца.

Рукі бацькоў прыносілі, а потым прыводзілі мяне ў касцёл у Астраўцы з самага ранняга дзяцінства. Я была падлеткам калі ў Ашмянах аддалі касцёл, спачатку адну бочную наву. Менавіта ксяндзы-салезіяне пачалі там працаваць і аднаўляць будынак і парафію. Мая старэйшая сястра стала тады арганісткай. Памятаю, як уразіў мяне вялікі абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на блакітным фоне ў той наве, дзе ніяк не змяшчаліся парафіяне. Калі я праз некалькі год стала вучыцца ў Ашмянскім тэхнікуме, то ў парафію якраз прыйшлі дыяцэзіяльныя святары, але ў моладзі ўжо была трывалая традыцыя збірацца ў араторыі, маліцца, дапамагаць, размаўляць, ладзіць святы і г.д. З вялікай цеплынёй успамінаю тыя часы.