19/08/2018

Каб мець жыццё



У адзін з нядаўніх цёплых вечароў перад маімі вачамі разгарэўся і згас агонь у каміне. Назіранне за ім шмат дало спажытку вачам і душы. Зрэшты, гэта агульнавядомы досвед, хоць кожны вогненны “танец” непаўторны. Пакрысе дровы дагарэлі, гарачыя вуглі пачалі гаснуць у попеле, і я загледзілася ў свой манітор. Калі ж праз некаторы час перавяла вочы на камін, то ўразілася поўнай адсутнасці святла ў каміне. На мяне глядзеў чорны, здавалася, бяздонны правал без ніякіх прыкмет жыцця. 

Так, той агонь павінен быў згаснуць, каб людзі маглі спакойна разыйсціся спаць. Але з “агнём”, які гарыць у сэрцы чалавека, – з агнём жыцця – не павінна такога здарацца.


Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Ян 6,53


На гэтыя словы Езуса Хрыста з сённяшняга Евангелля “адгукнуўся” той вобраз зчарнелага каміна, які не можа палаць жывым агнём сам па сабе, не можа падтрымліваць агонь сваёй цэглай, з якой ён складзены. Ён уладкаваны дасканала, каб быць бяспечным і адпаведным месцам для палымнеючых дроў, якія і ёсць спажытак агню. Не хацелася б множыць метафары. Дагэтуль выраз “спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай” гучыць брутальна для нашага вуха, і мы аўтаматычна замяняем яго на “прымаць Эўхарыстыю”. І гэта так, і вакол Эўхарыстычнага стала мы збіраемся ў нядзелю. Але чаму Езус не змякчае выразу для юдэяў, якія слухалі Яго? Не тлумачыць, не супакойвае, нібы хоча менавіта перавярнуць ім душу дагары нагамі Сваім Словам. “Калі не з’ясі і не вып’еш Мяне, не будзе ў табе жыцця”. Што гэта значыць без метафар, сёння, для мяне? 

Нездарма святая Імша пачынаецца з Літургіі Слова. Кожны дзень можа пачынацца з малітвы Божым Словам. Можна наталіцца адным сказам, часам нават адным словам, калі прыняць яго менавіта як ежу, адначасова будзённую, як хлеб, і надзвычайную, як з вельмі шаноўных рук. 

Другое вымярэнне – уласны вопыт. Пэўным адкрыццём для мяне стала думка, што парада св.Ігнацыя Лаёлы “шукаць Бога ва ўсіх рэчах” значыць не проста знайсці, заўважыць, адчуць Яго, але і “ўзяць” знаходку. Не адзначыць і пайсці далей, а засвоіць якраз так, як мы спажываем ежу. Праўда, у сучасным свеце ўсё цяжэй засяроджваць увагу на самім працэсе: які смак таго, што я ем і п’ю, які ў яго пах, выгляд, тэмпература, асаблівасці, з кім я вячэраю ці снедаю, чым жыве гэты чалавек і г.д. Такая ўсвядомленасць важная сама па сабе, але яшчэ і таму, што яна можа навучыць, як трэба адносіцца да сустрэчы з Панам “ва ўсіх рэчах”, пералічыць якія проста немагчыма.

“Вяршыняй і крыніцай” хрысціянскага жыцця з’яўлецца Эўхарыстыя: Цела і Кроў Хрыста ў постаці хлеба і віна. Сапраўднае ўсведамленне і ўшанаванне гэтай таямніцы не павінна прызвычайваць нас да думкі, што нічога такога асаблівага, вядомая справа, Споведзь і Камунія, але пераварачваць душу, дасягаючы самых глыбіняў чалавечага існавання, ды распальваць яе так, каб у ёй было жыццё, і гэтым жыццём была любоў.

15/08/2018

Светлая празрыстасць


Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: "Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?" Ён адказаў: "Так". І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: "Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў, ці з чужых?" Калі ён адказаў: "З чужых", Езус сказаў яму: "Значыць, сыны свабодныя. Але, каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе. Мц 17, 24–27
Мноства дыялогаў Езуса з Пятром не захавалася, а вось пра падатак ёсць. І зноў такі знаёмы Езусавы рух: "Просяць у цябе – дай", каб сталі вольнымі і даўжнік, і збіральнік ад дарэмных згрызотаў. Неўзабаве аказваецца, што Пётр сапраўды мае, што даць. У жыцці бываюць такія моманты, калі відавочна ўсё складваецца найлепшым чынам і лёгка палічыць гэта шчаслівым супадзеннем. Неяк так само па сабе, адно за другім, у патрэбны час... Нават невядома, як гэта ў іншых так не атрымліваецца.