30/10/2017

Непрывабны выгляд прыхаваных згрызотаў

У спартыўнай медыцыне часта выкрыстоўваюць так званыя тэйп-стужкі. Кінэзіятэйпінг (накладанне гэтых эластычных стужак) дапамагае натуральнаму працэсу рэабілітацыі цягліц і суставаў тым, што захоўвае іх у супакоі, не абмяжоўваючы руху цела чалавека. Гэты сродак выкарыстоўваецца для паспяховага лячэння розных артапедычных, нервова-цягліцавых і неўралагічных захворванняў.

Добрая, адным словам, рэч, але сёння ўзгадаліся мне гэтыя стужкі ў якасці сумнага адлюстравання таго, што можа адбывацца з чалавекам у духоўным жыцці. Урывак Евангелля пра аздараўленне жанчыны, якая 18 год не магла выпрастацца. "А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?" (Лк 13, 10–17).

Што гэта за путы, якія не замінаюць рухацца, але паволі хіляць да зямлі ніжэй і ніжэй? Яны нябачныя, не маюць такіх яркіх колераў, як тэйпы, але ж неадчэпныя, моцныя, клейкія. Ох, падазраю, што кожнаму яны знаёмыя ў той ці іншай ступені.

16/10/2017

Вольныя сэрцы

У дзень вялікай радасці, калі дах здаецца зараз сарвецца і рынецца ўпрочкі, хочацца, каб усе-усе былі шчаслівыя. Ну, вось, каб кожны чалавечак, асабліва родныя і сябры. І каб яны ад шчасця свяціліся і смяяліся, каб частаваліся лепшымі стравамі і напоямі, каб забыліся з гэтага дня на ўсе свае нягоды. І на гасціну для іх не шкада ні капейчыны, ні сіл.

А яны, самыя блізкія, не прыйшлі. Штосьці знайшлося важнейшае, чым сэрца іх сябра. Страшна занятыя людзі. Некаторыя палічылі сваю згоду адгукнуцца на запрашэнне немагчымай настолькі, што скрыўдзілі пасланых за імі слугаў.

І гэты вялікі стол, выгодныя крэслы, дзівосныя кветкі, палаючыя паходні, музыка, пахі – навошта гэта ўсё без гасцей? Навошта ўсё, калі ніводная жывая душа не ўзрадуецца гэтаму, не пакаштуе, не заспявае і не затанцуе? Сум працінае сэрца...

Але Езус абяцае, што неўзабаве збяруцца на гэты баль вясёлыя госці, удзячныя, смяшлівыя, ахвотныя да спеваў і танцаў, да размоў і слухання. Яны запоўняць гэтыя залі і гасцёўні, лужкі ды алеі. І будзе любоў панаваць між імі, і ўсе свае беды забудуцца ад шчасця. І сустракаць іх адкрытыя ўдзячныя позіркі Валадару будзе так цудоўна.

Пакуль адно сэрца не нагадае тых, хто не прыйшоў. На той вячэры не будзе нічога схаванага, хіба яго не папярэдзілі? Сэрца, сціснутае да самых найменшых памераў, каб не змясцілася там нічога, апроч падтрымання свайго жыцця. дзе найменшая спагада да іншага адразу вымятаецца прэч, дзе жаданне любіць зруйнавана, прагненне любові задушана, сляды жывой радасці сцёртыя з памяці. Насцярожана пазірае з-за сваіх муроў. Які жалосны выгляд у гэтага сэрца, што палюбіла свой дрот, якім даўно апутана, якое не верыць, што яго запрасілі з любові. Чым вызваліцца яно? Якія пакутлівыя шляхі павінна яшчэ прайсці? Ці здолее сваімі, не чужымі слязамі, адмыць вопратку сэрца?

06/10/2017

Паслухай

Ёсць у Евангеллі радкі, якія я звычайна чытаю хутчэй за іншыя, нібы стараючыся бачком-бачком асцярожна абыйсці іх і рушыць далей – да цудаў, сустрэч, прыпавесцяў. Адзін з такіх урыўкаў:
"Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш." Лк 10, 13–15
Няўтульна з гэтым папярэджаннем, невядома, што з ім рабіць, як успрымаць, а прымерыўшы на сябе, як выкручвацца і рабіць выгляд, што не мяне датычыць і таму падобнае. Але гады ідуць, і перажыты досвед – менавіта, горкі – наступстваў сваёй непаслухмянасці, няўважлівасці, абыякавасці да Божых слоў, вучыць спыніцца на гэтым урыўку.

Уявім сабе вялікую ўніверсітэцкую аўдыторыю, запоўненую людзьмі, якія прыйшлі паслухаць вельмі выбітнага лектара, доўгачаканага, адзначанага як пахвальнымі, так і крытычнымі водгукамі, і проста ўлюбёнага прафесара многіх студэнтаў. Калі верыць аповедам, лектар закране пытанні, ад адказаў на якія залежыць жыццё кожнага чалавека. Вельмі верагодна, што студэнты выйдуць пасля яе іншымі людзьмі. Яна будзе унікальнай, другі раз такой не пачуеш. Нідзе. Хіба ў пераказе іншых, але відавочна ад гэтага яна многае страціць. Адным словам, шкада таго небараку, які яе прапускае, бо раптам захварэў, напрыклад.