23/10/2019

Цуды незаўважаныя

Прачытала ў адным з каментарыяў на Евангелле паводле Марка, што напісана яно было для канкрэтнай супольнасці ды з яснай мэтай: паказаць чытачам (слухачам), што Бог можа зрабіць для іх праз Езуса, і які адказ на гэта яны могуць даць Богу. "Евангелле цудаў" называюць яшчэ гэтую кнігу.

Ах, цуды-цуды... Так, дайце іх паболей пад шэрае неба з кароткімі восеньскімі днямі, нязбытнымі памкненнямі, невыразным шэрагам аднолькавых падзей. Але хіба лёгка нам дагадзіць? Што праб'ецца скрозь няўважлівасць і зануранасць у сабе, каб мы палічылі гэта цудамі? Мы дыхаем імі, усміхаемся ім, працуем з імі, глядзім скрозь іх, прымаючы за слёзы, – і не бачым іх. 

17/10/2019

Малітва і дзеянне

Мінулым разам мы разважалі аб актуальнасці Святога Пісання. Калі чалавек успрымае Божае слова не як інфармацыю ці добрае пажаданне, але як сённяшняе пытанне, заклік, прапанову, якая прадугледжвае асабісты адказ, тады біблійны тэкст адкрывае сваё прагматычные вымярэнне, тады гэта прыносіць плён. Таму, як адзначае папа Бенедыкт XVI, “lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

На першы погляд, шлях ад малітвы да актыўнасці здаецца даволі кароткім: закрыў Біблію, устаў і пачаў дарыць сябе ў любові. Канешне, Бог можа даць яснае бачанне наступнага кроку, і тады важна не марудзіць і не адкладваць. Аднак звычайна нам патрэбны некаторы час і трываласць у малітве. Напэўна, многім знаёмае глыбокае выказванне св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”. Для любові няма дакладных вызначэнняў, але мы выдатна адчуваем, калі яе не хапае.

10/10/2019

Святло і вышыня


“Пра тое, што ў вышынях, думайце”, – піша св. Павел каласянам (Клс 3, 2), Той Павел, якога мы звязваем не толькі з нястомным апостальствам, але і з драматычнымі падзеямі, якімі суправаджалася ягонае пакліканне. Чытаючы ў Дзеях апосталаў, як падае і слепне на дамасскай дарозе Саўл, хочацца верыць Караваджо, што падзенне было менавіта такім, як на яго карціне: з каня, наўзнак, з раскінутымі рукамі. Хоць даўно вядома не толькі біблістам, што Павел ішоў пехатой.

Напэўна, тады, крок па кроку набліжаючыся да здзяйснення сваіх пагрозаў наконт хрысціян, ён не думаў аб вышнім. Улада давала магчымасць глядзець зверху ўніз. А нянавісць, трывожная і бязлітасна-нястомная, абмяжоўвала позірк, кіруючы яго “пад ногі”, каб нішто не замінала думкам круціцца вакол сябе. І сапраўды, хоць фізічнага каня не было, Караваджо “ўбачыў”, што гэтая нянавісць несла Саўла на сабе.

03/10/2019

Імя

Першага кастрычніка – успамін св. Тэрэскі ад Дзіцятка Езус. Так мне яе "прадставілі" ў дзяцінстве, таму зваць афіцыйна Тэрэзай не магу прывыкнуць. На яе абразы і фігуркі ў кожным касцёле паказвала мама і казала: "Твая патронка". Што яна зрабіла, раз запыталася я. – Чаму яна святая? "Яна была законніцай і памерла зусім маладой". Магчыма, яшчэ нешта апавядалі, але мне запомнілася толькі гэтая фраза з ранняга дзяцінства. І, вядома, найбольш вымоўным было сведчанне – бацькоўская любоў да гэтай прыгожай дзяўчыны з ружамі і крыжом. Можна любіць, нічога не ведаючы пра чалавека, вось што я пераняла тады. Проста паглядзець на яго і любіць. І нават веды – хто ён, што ён – не змяняюць стаўлення, хіба толькі дадаюць практычнасці: як любіць лепш, што канкрэтна зрабіць?

Толькі пару год таму я даведалася пра яшчэ адну прадгісторыю выбару майго імя. Мама расказала, што ў радзільным доме, калі я нарадзілася, яна падумала так: "Хто прыйдзе першы адведаць, той і будзе хрысціць". І першай прыйшла ў той самы дзень яе сяброўка, якую звалі Тэрэса. Сапраўды неверагоднай дабрыні і святла чалавек. І яе душэўныя якасці таксама ўцвердзілі маіх бацькоў у тым, якое імя мне даць.

Уяўляю сабе, або лепш сказаць, разумею з уласнага вопыту, які незвычайны гэты дзень, у які ты нараджаеш на свет дзіця. Як глядзіш на маленства, найцудоўнейшае на свеце, як дарэшты пранікае цябе пяшчота і радасць, што такое дзіва з'явілася ў свеце. Хто прыйдзе раздзяліць гэтую радасць? Хто паглядзіць на немаўлятка неабыякавымі вачамі? Такому чалавеку і хочацца даверыць дзіця, твая праўда, мама.

Усе гэтыя ўспаміны і аповеды атуляюць імяніны ў першы кастрычнічкі дзень, у які з гадамі перастаеш чакаць віншаванняў, бо не вельмі разумееш, з чым уласна кажучы, віншуюць, але проста радуешся і дзякуеш за тыя клопаты, малітвы блізкіх, і таксама за патронку, выбраную бацькамі. Між іншым, вучуся ў яе, што ўсё ж варта даведвацца больш пра людзей, адчуваць, што хаваецца ў глыбіні позірку, каб спрабаваць любіць іх не толькі на словах.

Св.Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Жнівень 1897 г. Апошні месяц жыцця.