26/03/2012

Адкуль я

Прыгадалася цёплае сонца дзяцінства ў роднай хаце, з бацькамі, з лесам і рачулкай побач. За плотам жыла сяброўка-равесніца. Мы разам гойсалі па весцы, прыдумлялі гульні, знаходзілі сабе заняткі. Я была не вельмі гаваркой, нават, звычайна, сама па сабе. І прычынай таму былі не толькі гены, вядома. Жыццё прывучыла асцерагацца.

Я расла пры касцеле, бо бацька працаваў арганістым і мама была (і ёсць) веруючым чалавекам. А час быў савецкім. 70-я - 80-я гады... Мала таго, што маё імя было "немодным, старым, як у бабуль" - хадзіць у касцел было нязвыкла, а так часта - проста глупствам. "І што ён табе дае, гэты Бог?" "О глядзіце, дачка арганістага!" Так, наколькі помню 2 хлопцы пару разоў білі крыху, а адчуванне, што за табой назіраюць - помню вельмі выразна. Бо і ў школе былі праблемы з-за касцёла, і ў камунікацыях з іншымі. Вядома, негатыву было менш, чым нармальных зносін, але але

Ды не, крыўды не засталося. Толькі ўздзеянне на характар і стаўленне да іншых - засталося. Я і зараз не дзіўлюся, што спачатку мяне сустракаюць "па адзенні". Нічога, прыгледзіцца і ўбачыць...

No comments:

Post a Comment