27/11/2019

Удзячнасць як выбар (+практыкаванне)


Столькі ўжо, здаецца, чытала, перакладала і пісала пра яе, але толькі з практыкай прыходзіць зразуменне, што да паставы ўдзячнасці мне яшчэ вельмі далёка. Трапілася не так даўно цудоўнае выказванне ў адным з разважанняў на "Прасторы малітвы". Брат Дэвід Штэйндл-Раст, заснавальнік сусветнага руху “Удзячнасць”, піша, што “корань радасці – удзячнасць... Не радасць робіць нас удзячнымі, а якраз удзячнасць робіць нас радаснымі".

Сапраўды, шукаць карані радасці не заўсёды прыйдзе ў галаву. Як добра, то і добра, дзякуй Богу. А вось калі нешта не так, то прыходзіцца разбірацца (калі не ўдаецца пазбавіцца непрыемнасці адным махам). Так, карані ёсць, хоць і нябачныя. І па ўсім выходзіць, што чалавек можа выбіраць "насенне", якое пусціць карані і даць адпаведныя ўсходы. Часам кажуць, што хтосьці сее вакол сябе радасць. Гэта ўжо бачны іншым учынак, а вось калі і як сеецца ўнутраная ўдзячнасць? Непрыкметная з'ява, але такая неабходная... Радаснаму чалавеку лягчэй брацца за любую справу. Лягчэй благаслаўляць, чым праклінаць. Прабачаць і каяцца, трымаць абяцанні, знаходзіць нестандартныя рашэнні, заўважаць, як Бог адчыняе вокны там, дзе зачыняюцца дзверы.

І на першым кроку рахунку сумлення трэба дзякаваць, а не шкадаваць. "Насенне" ляціць у глыбіню сэрца, губляецца, здавалася б, але дарэмна сядзець і ўглядацца, калі ж там з'явяцца парасткі радасці. Як і трава вясной, невядома, як яна расце.

19/11/2019

Малітва на парозе дня

Позняй восенню, калі ночы робяцца даўжэйшымі, большасць з нас адкрывае вочы задоўга да світання, у змроку. Занятыя сваімі справамі, не заўважаем, як пачынае днець – раніца мінае хутка. Але менавіта ў пачатку дня, як і перад любым важным заняткам, варта стаць перад Богам, даручаючы Яму той шлях, які маем прайсці.

Ранішні час, калі навокал яшчэ цёмна, калі адчуваеш сябе недаспаным, зрушаным з цёплага ўтульнага месца, – добры час для асабістай малітвы, роўна як і жыццёвы крызіс, змрок у душы, смутак, невядомасць. Бог прысутны побач у кожную пару, нават калі не бачым ні промня святла ў прамым і пераносным значэнні.