27/03/2012

Ці трэба

Кропачка на Зямлі, дзе мяне пасадзілі расці, называецца Астравец. Калісьці зваўся ён мястэчкам, потым – пасёлкам, недзе наперадзе нібыта праступае горад. І вось дзіўная рэч: пасля школы я была ўпэўнена, што жыць у гэтым паселішчы я не здолею, бо хацелася большага, а зараз усведамляю, як моцна я прывязана да яго, як хочацца абараніць яго…

Ці ад будучыні? А можа светлай і лепшай? Магчыма, ёсць, канешне, пэўны кансэрватызм у адносінах да родных мясцін. Хочацца, каб сады былі на тых самых месцах, каб рагі вуліц былі такімі, як у часы першых спатканняў, каб незабудкі гэтаксама цвілі ў маі ў густой траве пад касцёлам.
Сэрца прыемна шчыміць ад згадак сярод знаёмых сценаў. Усё гэта так. Але жыхарам не шкада дзіцячых ўспамінаў, каб толькі перамяніць існаванне ў лепшы бок. Наадварот, яны мараць аб зменах. Стаць сапраўдным Горадам, ого… Гэта ж прыедзе нехта і ўсё зробіць: працу дасць, дамоў набудуе, культуру наладзіць - Перспектывы… І будуць, нарэшце, грошы. Ідзі і купляй, што захочаш. Усё купляй: малако з іншых раёнаў, мёд, грыбы, мяса, лекі… Зрэшты, многія будуць спажываць тое, што на гародзе вырасла. Яно ж колер і смак не змяняе. Нашто ж грошы марнаваць. Дый у лесе – як і даўней, і вада ў студнях – чыстая.

Медыцыну ўзнімуць на новы узровень – гэта ясна. Радзільны дом зноў адчыняць, каб не ездзілі далёка. Новых дактароў прышле наш клапатлівы Мінздраў.

Дзіўна, але каталіцкая парафія і стары касцёл носяць імя святых Космы і Дам’яна – лекараў з першых хрысціянскіх часоў. Мой цярплівы бацька да апошняга не скардзіўся на хваробу, пакуль яна не стала бачнай. “Тата, чаму ты?” “А я пайду, памалюся святым Косме і Дам’яну. Каб лячылі…”

Каб лячылі… Ад нябачнага. Ад таго пагрозлівага, аб якім маўчаць улады зараз і будуць утойваць далей. “Здаровы лад жыцця – і не будзеце хварэць!” Лозунгі, заклікі, заклінанні…

Калі разам сказаць “Не будуйце!” – пачуюць. Але разам – гэта не для нас… Адзін знаёмы казаў, што ўступіць хоць куды, калі ў гэтым ёсць карысць. І ўступіў… у БРСМ. Пабудаваў кватэру. Смяецца з сябе “патрыёта”. Не змарнаваў шанец, як кажуць. І астраўчане таксама здавён умеюць лавіць вецер. Усё проста – клапаціся пра сябе сам, бо пра цябе – ніхто.

Дзяржава, якая табе заўсёды нешта павінна, колькі б ні давала. І якой нельга верыць. А раз так, то трэба цягнуць з яе, як мага больш. Браць, што дрэнна ляжыць і несці дахаты, бо ў гаспадарцы прыдасца. “Не магу спаць, як з работы нічога не прынясу,” – жартаваў з сябе адзiн знаёмы.

Такое адчуванне, што людзі ніяк не могуць кампенсаваць сабе савецкай калектывізацыі. Адказваюць на пагарду да сябе, як умеюць. Але справа не ў гэтым. Нават самыя гарачыя прыхільнікі будаўніцтва АЭС баяцца, што працаваць на будоўлі будуць такія вось клапатлівыя аб сваёй гаспадарцы людзі. Падазраюць, што зробяць працу “абы з рук”, трывожацца, хто прыедзе ў іх ціхае дагэтуль мястэчка… “Кажуць жа, што будзе лепш”. А калі будзе ўсяляк?



Касцел Св. Космы i Дамiяна на Google-maps

No comments:

Post a Comment