28/03/2012

Споведзь. Умовы i формулы


"Верны Бог не можа адмовіцца ад самога сябе, не можа адмовіцца ад нас, не можа адмовіцца ад сваёй любові, не можа адмовіцца ад свайго народа, таму што любіць нас. Такая яна — вернасць Бога...
Калі прыступаем да сакрамэнту пакаяння, калі ласка, давайце не думаць, што ідзём у хімчыстку, каб змыць бруд. Не. Мы ідзём, каб увайсці ў любячыя адбымкі гэтага вернага Бога, які заўсёды нас чакае. Заўсёды..." Папа Францішак.

Грэх – гэта не толькі свядомае і добраахвотнае парушэнне Божай запаведзі альбо касцёльнага наказу; гэта не толькі канфлікт з сумленнем. Грэх - гэта адыход ад Бога, парушэнне годных узаемаадносінаў паміж чалавекам і Богам, чалавекам і супольнасцю Касцёла. Гэта асабістая знявага бясконцай велічы Бога і Яго Айцоўскага Сэрца.

Кароткiя падказкi для споведзi на беларускай мове, польскай i рускай

27/03/2012

Бабуня & K₀

“От пры Польшчы жылі дык жылі!..”- любіла казаць мая бабуня Стася. А пажыла і бачыла, як той казаў, за 94 гады ўсяго. Але найлепш памятала і з найбольшым замілаваннем гаворыла, канешне, пра дзяцінства, дзявоцкую сваю маладосць. Менавіта на часы “пры Польшчы” прыйшоўся гэты час.

Нарадзілася яна ў весцы Варашылкі, побач з Віленскім шляхам. Да Нарачы верст 25 якіх. Але пешшу ў іншы бок хадзілі - у Вільню ў Вострую браму 50 вёрст... От, што там, выйшаў і пайшоў сабе. Трывалыя былі людзі, куды звяліся?..

Ці трэба

Кропачка на Зямлі, дзе мяне пасадзілі расці, называецца Астравец. Калісьці зваўся ён мястэчкам, потым – пасёлкам, недзе наперадзе нібыта праступае горад. І вось дзіўная рэч: пасля школы я была ўпэўнена, што жыць у гэтым паселішчы я не здолею, бо хацелася большага, а зараз усведамляю, як моцна я прывязана да яго, як хочацца абараніць яго…

Ці ад будучыні? А можа светлай і лепшай? Магчыма, ёсць, канешне, пэўны кансэрватызм у адносінах да родных мясцін. Хочацца, каб сады былі на тых самых месцах, каб рагі вуліц былі такімі, як у часы першых спатканняў, каб незабудкі гэтаксама цвілі ў маі ў густой траве пад касцёлам.

26/03/2012

Дзеля чаго


"Каб я калі, каму, дзе, што, якое,
дык я ж ніколі, нікому, нічога, ніякага,
ну а калі, каму, дзе, што, якое -
ну дык што ж там такога?"

Вершык гэты трэба прагаварыць у хуткім тэмпе, з адпаведнай самавыбачальнай мімікай. Пачула я яго ў дзяцінстве ад сваёй сяброўкі, г.зн. паходжанне - астравецкае.

Не проста смешна склалі, а выглядае на пэўны светапогляд. Яно й трэба часам так незразумела паціснуць плячыма: "ну дык што ж там такога?" Асабліва, жанчыне :))

Але нездарма й посцяць людзі, і задумваюцца: а што я каму якое зрабіў? Як гэта я? Чаму?

Не ведаю, як наконт ежы, а вось разважыць, прынамсі, трэба ў гэты час. І на гэты раз не паціскаць плячыма, бо ўбачыўшы свой грэх, нельга рабіць прыгожую міну. Занадта небяспечны перакос.

А дзеля чаго заглыбляцца ў сябе? Магчыма, каб хадзіць проста, глядзець адкрыта, любіць сапраўдна...

Розная самота


Прыйшоў я Табе падзякаваць
за самоту такую розную
за тую калі няма анікога
альбо калі разам плачуць
і такую што нібыта добра
але зусім іначай
за самую блізкую калі невядома нічога
і тую што паціху я ведаю але не скажу нікому
за тую калі кахаецца і калі верыцца
што шчасце зруйнавана бо мне яно не належыць
і вестка ёсць самотай
ліст вакзал апусцелы маўчанне
грошы геніяльна хворы
хвіліны як камяні цяжкія
час заўсёды шчыры бо кажа ісці далей і спяшацца
ёй нават могуць быць валасы
якіх дакрануліся рукі

ёсць розная самота
на зямлі у пекле і ў небе
столькі рознай самоты што адна з іх
тая да Цябе што прыводзіць.

Ян Твардоўскі
Пераклад - мой

Што не так


Кажуць: "Як што не так - даруйце!" Вельмі лёгка і вельмі фармальна. Насамрэч, не ўсё тое, што робіцца не так, мае вінаватых. Прычын павесіць нос амаль кожны дзень - процьма. І справа не толькі ў недасканаласці людзей і абставін. Нешта адбываецца, нібыта міжволі. Хтосьці прыдумаў плысці, не змагаючыся з плынню. Хтосьці ўпарта сунецца насуперак. А рэальнасць рана ці позна вытыркаецца з любой плыні нечаканай перашкодай, вадаспадам ці мелкаводдзем. Ну, паспрабуй тады плысці ці змагацца. Давядзецца адчыніць вочы і пачынаць дзейнічаць.

Бо нешта не так. Ужо не марыцца, як даўней. Ужо не вельмі прыгожа вымаўляюцца словы. Ужо свая абмежаванасць і прыгнечанасць цягнуць уніз... А побач - блізкія людзі са сваімі зачаканымі вачыма. А "нешта не так" бывае штодзень. І "даруйце" усё больш хіліцца ў бок звычкі. Бо нічога не змяняецца. Бо я не змяняюся. Якія ж недарэчныя ўсхліпы аб недахопе часу ці ведаў, ці здольнасцяў, ці магчымасцяў - атрымліваецца шэрая такая панурасць. Яна забірае сілы - так прыемна захутацца ў яе і пачаць ленавацца, пакутліва разважаць над сабой і спадзявацца, што нехта нешта зменіць...

Мінае побач каштоўны час, застаюцца ўбаку незаўважаныя магчымасці, замаўкаюць незразуметыя людзі. Бо трэба ўставаць і рухацца далей. Не ведаю, разам з плынню ці супраць, але насуперак сваёй схільнасці да тужлівага ступару.

Бо "не так" - многа што. Але яшчэ не ўсё.

Адкуль я

Прыгадалася цёплае сонца дзяцінства ў роднай хаце, з бацькамі, з лесам і рачулкай побач. За плотам жыла сяброўка-равесніца. Мы разам гойсалі па весцы, прыдумлялі гульні, знаходзілі сабе заняткі. Я была не вельмі гаваркой, нават, звычайна, сама па сабе. І прычынай таму былі не толькі гены, вядома. Жыццё прывучыла асцерагацца.

Я расла пры касцеле, бо бацька працаваў арганістым і мама была (і ёсць) веруючым чалавекам. А час быў савецкім. 70-я - 80-я гады... Мала таго, што маё імя было "немодным, старым, як у бабуль" - хадзіць у касцел было нязвыкла, а так часта - проста глупствам. "І што ён табе дае, гэты Бог?" "О глядзіце, дачка арганістага!" Так, наколькі помню 2 хлопцы пару разоў білі крыху, а адчуванне, што за табой назіраюць - помню вельмі выразна. Бо і ў школе былі праблемы з-за касцёла, і ў камунікацыях з іншымі. Вядома, негатыву было менш, чым нармальных зносін, але але

Ды не, крыўды не засталося. Толькі ўздзеянне на характар і стаўленне да іншых - засталося. Я і зараз не дзіўлюся, што спачатку мяне сустракаюць "па адзенні". Нічога, прыгледзіцца і ўбачыць...

Глядзі - якую Любоў...




Цяжка ўбачыць цуд, калі не даеш веры. Як той інжыр - стаяў і збіраўся засохнуць, плёну не было з году ў год, і ўвогуле што ж тады месца займаць - нерацыянальна. Трэба замяніць на новы, годны малады парастак, які аддзячыць за дагляд добрымі салодкімі пладамі...

І нават самой смешна з таго, як мне не верыцца, што Садоўнік можа, г.зн. мае моц і ведае як, даць дрэву яшчэ больш дагляду, угнаення, клопату, каб той дзівак-інжыр нарэшце пачаў даваць людзям салодкія карысныя плады.

Ну вось так, занішто - новы шанец, новая усмешка, яшчэ мацнейшая падтрымка, супакой і надзея.

Неверагодна. Але так, памылкі няма - бо Ён любіць :)

Крокі па вадзе

Так, жыццё нашае сям'і ў Мінску выглядае дзіўным балансаваннем паміж немагчымасцю і рухам наперад.
Больш за 9 год мы перасоўваемся з аднаго чужога жытла на другое. Сам пераезд - гэта стрэс, вядома. Адчуванне сябе толькі часовым госцем накладае свой адбітак. На думкі, стаўленне да падзей і да жыцця. Напрыклад, кааператыў - паабяцалі скончыць да 2013 г. будаўніцтва дому, дзе маецца быць наша кватэра... А нешта эмоцыяў у мяне няшмат. Только недавер. ТОлькі незразумеласць - чаму так дорага каштуе.

І вось мы жывем, гадуем дзяцей, адпраўляем іх у школу/садок, заводзім сяброў, працуем і набываем нейкія рэчы (якія потым пакуем у скрынкі)... Змяняем паліклінікі і бібліятэкі, крамы і цырульні... Толькі выпадкова трапіўшы ў раён даўняга пражывання, заўважаеш, як нейкія успаміны стаяць у вачах.

А дзеці смяюцца, гуляюць і таньчаць на новых кухнях... Прывыкаюць забываць свае пакойчыкі і згаджацца на новыя. Мараць аб сваiм.

Гэта не трагедыя жыцця. Гэта крокі наперад. Здавалася б - беспадстаўнае існаванне з трыма дзецьмі, невыразная будучыня і няўтульнасць. Але "вада трымае". З Божай дапамогай, якая якраз вельмі адчувальная, моцная, ціхая і спагадная. І рэальнасць такая, што гэта дапамога трымае нас, каменных, на паверхні.

Горшы недавер - да сяброўскіх словаў. Але "Тых, хто адыходзіць, не затрымлівайце, тых, хто вяртаецца, прымайце так, нібы нідзе не адыходзілі" Максiмiлiян М.Кольбэ. Я не затрымліваю. Кожны чалавек - вольны. Цяжка сабе даць рады са сваёй тугою па чалавеку. Вось яно што...
І падумалася зараз, што самота і туга - таксама глыбіні вялікай. Можна заглыбляцца ўсё больш і больш... падаць... глыбей... у боль і цемру... А ёсць варыянт: ісці па вадзе далей - неверагодны цалкам варыянт. Але ён ёсць, яго можна выбраць - паверыць і крочыць.