28/09/2016

Кветкі за чужым плотам

Мамін успамін з дзяцінства. Аднойчы яна надумалася вырваць некалькі кветачак за суседзкім плотам. Надта ж былі прыгожыя, хоць і пустазелле. Ружовыя. Працягні толькі руку.
І вось панесла яна іх сваёй маці паказаць, падзяліцца захапленнем.
"Дзе брала?" "Там і там". "Я ж табе дам чужое браць!"
І накрычаўшы на малую, павяла да суседкі прасіць прабачэння. Маме было сорамна так, што дагэтуль памятае тыя кветкі.

Так даўней гадавалі. Тое, што за чужым плотам – ані руш. Ці падабаецца нешта табе, ці дрэнна ляжыць, ці на выгляд нікому не патрэбна – не чапай.

Гадавалі, каб не чырванець за сваё дзіця перад людзьмі, не хаваць вачэй, і, вядома, каб не прыйшлося папраўляць шкоду, учыненую дзіцём. А калі ўжо здарылася, то каралі вінавайцу спачатку самі, а потым вялі прасіць прабачэння на каленях і ў руку цалаваць. Не ведаю, ці ўсіх дзяцей так сурова трымалі і да якой пары, але маёй маме хапіла аднаго ўрока.

Узгадваючы зараз бабуню, я не ўяўляю, што яна пачала весці доўгія размовы, нешта тлумачыць ці выказваць жаль, г. зн. рабіць хоць нешта з таго, што зараз прапануюць псіхолагі. Але побач з ёй заўсёды было бяспечна і спакойна. Не вагаючыся, яна ведала, што менавіта добры ўрок будзе абаронай дачцэ на ўсё жыццё, дзе б яна не апынулася. Калі побач не стане мамы, толькі яе настаўленні дапамогуць быць чалавекам і жыць з людзьмі ў згодзе. Мне здаецца, што ў яе маглі быць і памылкі ў выхаванні, але ў самым істотным Бог даў ёй упэўненасць і станоўчасць.

А якія ўрокі нашае пакаленне дае сваім дзецям?..


04/09/2016

Небаракі і рызыканты

Шмат людзей ішло за Езусам. Лк 14, 25
Як збіраліся гэтыя натоўпы? Чаму, паслухаўшы гадзінку, яны не разыходзіліся? Цяжка ўявіць, што мелі шмат вольнага часу, жывучы з працы сваіх рук. А ім жа хацелася кінуць усё і хадзіць за Езусам. Значыць, Ягоны голас быў мацнейшы за голас неапрацаванага поля, кашоў і скрыняў, сетак для ўлову, утульных пасцеляў пасля доўгага дня, нават за галасы блізкіх і прыяцеляў. Непазбежна ўзнікае пытанне: ці надоўга?

Калі я спрабую ўявіць сябе ў гэтай грамадзе самых розных людзей, то адказ прыходзіць сам сабой: я буду тут, пакуль не прагоняць. Кожны з таго натоўпу туляўся па сваіх сцежках, пакуль не знайшоў Езуса. І цёмна, і самотна бывала на гэтых сцежках. І кожнага чалавека, які набліжаўся да Яго, здалёк спатыкаў невымоўнай любові позірк. Ён прымаў людзей без умоў, аддаючы Самога Сябе. Ці не там хочацца застацца, дзе цябе так любяць, дзе сэрца спявае ад радасці?
Толькі... ці надоўга?