25/03/2016

Тыдзень сёмы. Многія ўсе

"Гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца..." Мк 14, 24

"...прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі " Мк 14, 43
"...многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго" Мк 14, 46
І г.д., і г.д. – многія, некаторыя, усе – з'явіліся амаль адразу пасля ўстанаўлення Новага запавету, адразу пасля Хрыстовай запаведзі любові. З'явіліся не адсвяткаваць, але зруйнаваць, нібы спяшаючыся ўнесці ў гэта сваю "лепту".

Такі натоўп адпудзіць любога, загоніць за замкнёныя дзверы малых пакояў, прымусіць дрыжаць ад страху, але – не Маці Езуса, якая глядзела толькі на Яго і ішла за Ім крыжовым шляхам.
Каб жа вочы ўсіх адкупленых глядзелі толькі на Яго...


20/03/2016

Тыдзень шосты. Бачыць, чуць і верыць

Вучы мяне Тваім шляхам

Вучы мяне Твайму спосабу глядзець на людзей:
як зірнуў Ты на Пятра пасля яго адрачэння,
як пранікнуў сэрцы багатага юнака і сваіх вучняў.

Я б хацеў спаткаць Цябе такім, якім Ты ёсць,
у той момант, калі Твой вобраз змяняе тых,
да каго Ты прыходзіш.

Помніш Яна Хрысціцеля першую з Табой сустрэчу?
І ў сотніка - пачуццё нявартасці?
І дзіваванне тых, якія бачылі цуды?

Як Ты ўразіў сваіх вучняў,
натоўп у Аліўным Садзе,
Пілата і яго жонку,
і сотніка ля падножжа крыжа. .
. .
Я хачу слухаць і быць захопленым
Тваёй манерай гаварыць,
пачуць, напрыклад, Тваю дыскусію ў сінагозе Капернаўма
ці Казанне на Гары, дзе твая аўдыторыя
адчувала, што Ты "вучыш, як той, хто мае ўладу".

а.Пэдра Арупэ SJ


Бываюць моманты, калі евангельскія аповеды нібы ажываюць. Узнікаюць маляўнічыя вобразы, амаль адчувальнымі робяцца гукі, і ты нават "бачыш" выраз твараў. Не так важна, ці гістарычна дакладная там вопратка і інтэр'еры. Мае значэнне сутнасць. Малітва з дапамогай свайго ўяўлення можа быць вельмі багатай у плёны. Як піша а.Пэдра: каб вучыцца ў Езуса, бачыць Яго, чуць і паглыбіць сваю веру, калі на тое воля Божая.

На мінулым тыдні найбольш закрануў мяне адзін вобраз: Езус бярэ за руку сляпога і вядзе яго за вёску. Там Ён вяртае чалавеку зрок і адпраўляе дахаты. Сам па сабе захапляльны гэты цуд, але ж і шлях да яго... Ісці, сляпому, па вуліцах з Кімсьці, каго ты не бачыш... Ён, незнаёмы і блізкі, трымае цябе за руку, і напэўна, маўчыць. Ты нічога не бачыш, а Ен - наскрозь...
"Бог – у цемры", – сказаў адзін святар-астраном. І ў гэтым вялізным, мала знаёмым нам космасе, Ён водзіць за руку сусветы, планеты і малых чалавекаў, якія самі не даюць рады.
Цішыня,
цяпло Далоні,
давер
і дарога.

14/03/2016

Тыдзень пяты. Вольнасць сэрца

І больш нічога. З ласкі Божай, больш нічога не спатрэбіцца, каб пайсці за тым Чалавекам, фігура Якога сустракае кожнага, хто прыходзіць у Міхалішны касцёл. Прыгледземся ж да яе бліжэй (і да фігуры, і да вольнасці).

Неяк нялюдзка Яго постаць звязалі вяроўкай: нібыта яе лёгка можна скінуць, як недарэчную мішуру. Але адначасова так адмыслова яна апляла Езусу рукі і закруцілася вензелем, што позірк заблытваецца ў ёй. Езус, здаецца, толькі на момант стомлена прыхінуўся да сцяны, пакуль Пілат вымаўляе сваё "Esse Homo!"

Так, вось Чалавек! Вольны, нягледзячы на вяроўкі і смяротны прысуд. Вось -  больш, чым кароль, чым самы ўплывовы прэзідэнт і багацей. Не зведаў на зямлі шаўковых строяў і высокіх прывілеяў. Не атрымаў ганаровых адзнак. Не прыдбаў сабе нават невялічкай арміі. Пот, пыл, цярпенні. І ў выніку - на тым судовым ганку Пілатавага палаца Бог-Чалавек стаіць адзін. Хоць мог бы, ды не скідвае з Сябе вяровак і жудаснай кароны.

Хто ж тыя, якія ідуць за Ім? Чаму яны абіраюць Ягоны бок, а не бок зла, якое выглядае мацнейшым, пэўным сябе, добра аплочаным?