02/02/2024

Спатканне

Успамін з мінулага тыдня дагнаў мяне сёння, у свята Ахвяравання Пана, Стрэчання, Спаткання. Ёсць у Браславе такі прыцягальны пахам і смакам “Булкін дом”, паўз якога я хадзіла-хадзіла і ўрэшце зайшла за вось гэтым неймаверна смачным смятаннікам. Прыдумалі ж форму, як човен ) І сёння, задаючыся пытаннем: як Сімяон пазнаў у святыні Езуса на руках у Марыі, вяртаецца на памяць той прыцягальны пах хлеба, які не зблытаеш ні з чым. Як часта людзей прыцягвае штосьці ў святыню, у касцёл, царкву, хрысціянскую супольнасць – нейкая надзея на наталенне голаду, на адшуканне таго, чаго прагне душа… Зусім як водар хлеба, што абяцае штосьці добрае і істотнае для жыцця. І Сімяон скрозь доўгія гады імкнуўся ў святыню, а ў той дзень Спаткання ўбачыў, дакрануўся, узяў на рукі і ў сэрца самога Бога. Аднак, ці не адыходзяць людзі (мы, я) расчараванымі, бо Спаткання не адбываецца? Хіба Бог дае зманлівую надзею? Штосьці, пэўна, залежыць ад “наведвальніка”: колькі ён можа і хоча змясціць святла і ежы. Бо можна пакласці чалавека ля крыніцы, але не прымусіш піць. Аднак горш, калі тыя, хто ўжо знаходзіцца ў святыні, і самі не ідуць на Спатканне і робяцца перашкодамі для іншых… Заклік да рахунку сумлення? І так, і не, бо ўспамін пра той цудоўны смак з Бласлава хутчэй заклікае цаніць важнасць асабістай сустрэчы з Езусам, каб, спазнаўшы яе жыццядайнасць, пажадаць яе і для іншых. Не толькі ў святыні, але ўсё ж асабліва там.