20/09/2021

Узрастаючая няспыннасць

Валадарства Нябеснае падобнае на тое і на гэта, як у прыпавесцях тлумачыць Езус: вось, напрыклад, і як дрэва расце, і як хлеб заквашваецца. Прыгожыя вобразы, штосьці ў іх паэтычнае, жывое. Дрэва, якое ўвайшло ў сілу і прытуліла на галінах птушыныя гнёзды, цеста, гатовае да выпякання, абуджаюць нейкую радасць: адбылося штосьці добрае і слушнае.

Потым Езус параўноўвае Валадарства з людзьмі, што мяне здзіўляе па праўдзе. Нават  падзагаловак гэтым прыпавесцям дадзены з іншым акцэнтам: "Прыпавесць пра скарб і пярліну"
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 44-46).

Я і разважала звычайна пра каштоўнасць знаходак і захапленне шукальнікаў ды пра тое, дзеля чаго яны ўсё прадаюць, што маюць... Пакуль не затрымалася над пытаннем: а навошта ўсё ж было купляць цэлае поле? Скарб жа, лічы, у руках. І паглядзеўшы на купца, у якога сапраўды ў руках спачывае тая самая пярліна, адчула, як ён з усмешкай адмоўна пахітаў галавой: не, ён не перастане шукаць, знайшоўшы адну незвычайную. Ён, які толькі што прадаў усё, што меў, які пачне цяпер усе свае гандлёвыя справы з нуля, адначасова не думае спыняцца ў дбайных пошуках новых пярлінаў. Езус не кажа, што няма яшчэ прыгажэйшых, яшчэ каштоўнейшых.