21/04/2017

Спевы і гукі

У самым пачатку красавіка было некалькі цёплых дзён. А раніцы тады былі таксама сонечныя і вясёлыя. Мы бралі равары і каталіся па наваколлі: па вясковых вуліцах, палявых дарогах, лясных сцежках. І быў адзін момант, калі я проста стаяла тварам да сонца, заплюшчыўшы вочы. Некалькі хвілін прыслухоўвалася да гукаў вясновай раніцы. За спіной размерана і павольна хтосьці тынкаваў сцяну новага дома. Па дарозе ляцелі адна за адной машыны. Гагаталі гусі, раз пораз клікаў гаспадара конь на выпасе. Усе асобныя і рэзкія гукі патаналі ў няспынным лагодным спеве птушак. З іх галасамі цёплыя сонечныя промні на маім твары пранікалі глыбока ўнутр, асвятляючы нават самыя аддаленыя яе закавулкі. Калі раптам моўкла адна птушачка, хацелася зноў яе пачуць, хоць дакладна я не ведала, ці адрозню я ейны спеў ад іншых. Але галасы нашых сяброў мы помнім і ведаем вельмі добра. Часам яны змаўкаюць надоўга, а мы нібы не адчуваем гэтага. Адкладаем тэлефанаванні і лісты, пакуль... Аж пакуль не будзе зусім позна. Ці тужыць Бог па нашых галасах, калі мы сціхаем у сваіх кутках, перабіраючы нейкія справы і трывогі? Ці адчувае Ён нястачу асобнага сціплага спеву сярод шматлікіх хораў праслаўлення? Той раніцай я ведала, што ТАК.