31/10/2012

Сцежкі для босых ног

Малюся каб яго не абвясцілі святым
не малявалі
не тыкалі пальцам
не засмечвалі біяграфіяй абавязковай і непатрэбнай

без фатаграфіі настолькі дакладнай што ажно несапраўднай
без рэкламы смерці
без веры адпаліраванага шкельца
каб быў сцежкаю непрыкметнай як жыццё
нахіленаю як калоссе
па якой прабег Езус
нясмелы і босы

Ян Твардоўскі "Сцежка"

Каб дзіцяці прабегчы па сцежцы, яна павінна быць бяспечнай, надзейнай, і не толькі з выгляду, але насамрэч. Спраставанай, не тое, што брукаваныя шляхі, на якіх можна не толькі да крыві збіць босыя ногі, але й змарнаваць час, бо шырокія дарогі часта даюць кругаля замест таго, каб прывесці чалавека ў патрэбнае месца, як мага зручней.

Сцежкі заўсёды ціхія, прыхаваныя ад людзкіх натоўпаў. Не абяцаюць камфорнага праезду на аўтамабілі, але дапамогуць убачыць нязведанныя мясціны. Не губляюцца ў гушчары, але выводзяць з яго. Не знікаюць з зямлі, нават тады, калі робяцца нябачнымі.

Мне давялося сустракаць такіх людзей у дзяцінстве, і зараз таксама. Іх жыццё падобна на такія сцежкі. Вострыя свае камяні яны пакаяннем і малітвай рассыпалі ў мяккі пыл. Яны ўмелі дзень за днём рабіць вялізарную працу, адкрываць вочы на важныя рэчы, быць незаменнымі і заставацца непрыкметнымі. Прамытыя дажджом (салёным такім, ведаеце, яго яшчэ называюць слязьмі), прагрэтыя сонцам любові, адкрытыя нясмеламу і босаму Богу.

Езус ідзе басанож, а мы? Так і пхнёмся ў ботах.

29. I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды...
радок з "Апокрыфа" Максіма Багдановіча

Колькі іх, невядомых простых сцяжынак?
Усе святыя Божыя, маліцеся за нас...

27/10/2012

Бігас, добрае чырвонае віно і згушчанае малако. Пры чым тут антонаўка?

Антонаўку я проста вельмі люблю. Паважаю здольнасць гэтых яблыкаў рабіцца з часам толькі смачнейшымі і ўсёткі заставацца кіслымі, так што многа не з'ясі. Яны патрабуюць адвагі і шмат цукру, калі спрабуеш нешта з іх прыгатаваць, запячы, напрыклад. І нават згушчанага малака – у варэнні.

І менавіта яны, антонаўскія яблыкі, найлепш надаюцца для бігаса, прыгатаванне якога само па сабе – цэлая паэма. З дзесятак год таму мая хросная мама падаравала незвычайную кнігу пад назвай "В старопольской кухне и за польским столом". Аўтары – Марыя Лімніс і Гэнрык Вітры – зрабілі сапраўдны гістарычны экскурс з легендамі і паданнямі, з апісаннем трыдыцый каралеўскіх сталоў,  правіл гасціннасці і старадаўніх звычаяў. Цяпер яна лічыцца букіністычнай, але знайшлася спасылка для спампавання.

Я не адразу ацаніла гэты падарунак. Не дзіва: выглядае кніга вельмі сціпла, рэцэпты доўгія і дзіўныя... І толькі "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча з пахвальнымі словамі наконт бігаса і хлодніка літоўскага прыгадалі недачытаную кулінарна-гістарычную кнігу.

23/10/2012

Я за тваімі дзвярыма стаю

Пэўны час я думала, што Езусавы стук у чалавечае сэрца – гэта вельмі ўзнёслы і прыемны момант, паўната пачуццяў, добры настрой і любоў да ўсяго чалавецтва. Як нічога гэтага няма, значыць, гэта хвіліна яшчэ не настала. Можа, трэба папрасіць і яшчэ пачакаць. Вось толькі з цягам часу ўсё больш пачынаюць перашкаджаць розныя справы, панурыя думкі, надакучлівыя людзі, хуткія на гнеў і марудныя на ўдзячнасць... Можа, прысніўся мне той стук?

Сапраўды, добра, што з часам такія ілюзіі і прывіды развейваюцца. Бо часта "перашкоды" і ёсць гэтым стуканнем у дзверы, як правакацыйнае пытанне: "Цябе ўдарылі па правай шчацэ, не выключаны пералом сківіцы, боль, звон у вушах – твая рэакцыя? На адказ – 5 секунд!" Варыянты ведае кожны: адпомсціць, даць волю эмоцыям, зашыцца ў кут са сваім болем ці ...адчыніць сэрца Таму, хто навучыць падстаўляць левую шчаку? Навучыць маліцца, а не помсціць, рабіць нечакана добрае, разбіваць шаблоны, ратаваць, а не руйнаваць... 

19/10/2012

Лепш

Лепш запаліць свечку, чым праклінаць цемру.

Маці Тэрэса з Калькуты

Малітва да Маці Божай


Благаслаўлёная Багародзіца, Беззаганная Дзева, падтрымай мяне ў патрэбе. Прыйдзі на дапамогу і пакажы, што Ты – мая Маці. О, Святая Марыя, Маці Божая, Каралева неба і зямлі, я ўсім сэрцам пакорна прашу, ратуй мяне ў немачы маёй (выкажы просьбу). 
Ніхто і нішто не можа супрацьстаяць Тваёй уладзе. 
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае! (3 разы). 
Святая Марыя, аддаю гэтую малітву ў Твае рукі! (3 разы). 
Духу Святы, які вырашаеш любыя праблемы, асвятляеш усе шляхі так, што я магу дайсці да мэты, Ты, які даў мне Божы дар прабачаць і забываць усё зло супраць мяне, – ва ўсіх падзеях майго жыцця Ты са мной. Дзякуй за Тваю Міласэрнасць да мяне і маю.

Маліся 3 дні запар. Апублікуй малітву. 
(Аб няўдачы невядома)


Арыгінал адсюль:

Prayer to the Blessed Virgin

(Never known to fail)

Blessed mother of the Son of God, immaculate Virgin assist me in my necessity. Help me & show me you are my mother. Oh, Holy Mary, Mother of God, Queen of Heaven and Earth, I humble beseech you, from the bottom of my heart to succor me in my necessity (make request). There are none that can withstand your power. Oh, Mary conceived without sin pray for us who have recourse to thee. (3 Times). Holy Mother, I place this prayer in your hands. (3 Times). Holy Spirit, you who solve all problems, light all roads so that I can obtain my goal, you who gave me the divine gift to forgive & forget all evil against me, in all instances in my life you are with me. Thank you for your Mercy toward me and mine.
Say this prayer 3 consecutive days. Publish it.


 

15/10/2012

Латы і прарэхі


І прылепіцца жонка да мужа... – нібы гэтая латка з жончынай адзежыны, што захінула прарэхі мужу. Жыла-была сама па сабе – і "прырасла" да другога чалавека. І цяпер яны – адно, але такія розныя...Кожны свайго колеру і кшталту, але адно без другога – толькі "з кроўю можна адарваць".

Але ж не было б дзіркі, навошта была б лата? Сапраўды, адкуль бярэцца ў сэрцы мужчыны тая прарэха, якую не можа закрыць нават Сусвет? Вунь Адам зажурыўся пасярод рая, адчуўшы горыч самоты, тугу па блізкім-найбліжэйшым чалавеку. Ёсць у кожным сэрцы такія прадонні, якім патрэбен толькі Бог, ёсць і дзіркі наскрозь, з якімі хадзіць да смерці, бо ніхто іх сабой не залатае...

І ўсё ж – які велізарны ў нас запас выратавальных латак для бліжніх: усмешка, падтрымка, добрае слова, час і ўвага...  Падобна на тое, як людзі шкляць вокны. Сам сабе шыбы не ўставіш, а іншыя людзі – могуць. Так хочацца верыць, што самыя блізкія – могуць, што менавіта яны бачаць найлепш, што з намі адбываецца... Бывае, што "тварам да твару аблічча не ўбачыць..." і без падказкі не абыйсціся, а гэта самае цяжкае – паказаць свае пустыя вокны і глыбокія раны, калі нават ад сябе іх хаваеш.

Картачныя домікі


Не будуйце іх, хоць гэта й вельмі лёгка. Асабліва, калі карціць узвесці іх на пэўным, хай сабе і добрым, чалавеку. Бо можа яму праз хвіліну прыйдзе час пакінуць вызначанае месца.

Не варта прыдумляць нешта сабе ў галаве, а потым цешыцца гэтым, а яшчэ потым – расчаравана злавацца на таго, хто не стаў падмуркам вашага "праекту"...

Будаваць мае сэнс на скале. Будаваць побач з тым, каго выбралі, каб стаяць, працаваць, рухацца плячо да пляча, саграваць у цяжкія часы, адчуваць холад і боль, калі чалавек адыходзіць.


Цяжка бачыць, як у вачах блізкіх людзей рассыпаюцца картачныя палацы...Можа, проста надыйшоў час для рэальных цаглінак на лепш выбраным месцы?

07/10/2012

Побач

Фота В. Палінеўскага
5 кастрычніка 2012 г. пачалася перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях нашай краіны. У гэты дзень адбылося ўнясенне копіі абраза ў мінскую архікатэдральную парафію Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Маці Божая Будслаўская ў архікатэдры так блізка, што многія працягваюць рукі, каб дакрануцца да прыгожай драўлянай рамы.

А сама Яна – усмешлівая, уважлівая – нібы на хвілінку прысела з намі, каб быць і слухаць, але вось-вось устане і паляціць далей. Толькі ты адвядзеш позірк, а Яна ўжо недзе падтрымлівае бабулю на слізкіх сходах, выцірае дзіцячыя слёзы, распутвае перакручаныя чалавечыя лёсы... Паспрабуй, дагані Яе лёгкія крокі...
Заўваж, як блізка...

Шчаслівыя тыя, хто падчас перэгрынацыі застане Яе на абразе, каб даверыць Ёй сэрца, веру і будучыню.
Шчаслівыя тыя, да каго Яна заспяшаецца з паратункам, пакінуўшы ўсе шыкоўныя рамы свету...

04/10/2012

9 магических точек

Творчество - занятие нескучное, и более того, творить можно с юмором. Возможно, эта задачка вам знакома. Возможно, вы, как и многие другие, думаете, что есть только одно решение. Так забудьте его, и найдите новое.

Вот они – 9 магических точек:

Задача: не отрывая карандаша от бумаги, провести 4 пересекающиеся прямые линии, которые коснутся всех девяти точек только 1 раз.

Потратьте на поиск решения не менее 5 минут, прежде, чем читать дальше.

01/10/2012

Моцныя сцены, вузкія дзверы і паўднёвы вецер

Калі доўга б'ешся аб сцяну галавой, важна не правароніць адзін момант. Той, калі маланкай прабівае цябе здагадка, што балюча не таму, што сцяна цвёрдая, а з-за таго, што галава – не суцэльная костка. Задумаўшыся так перад сваёй сцяной, варта азірнуцца навокал. Вось жа яны, побач – расчыненыя дзверы, адкрытыя вокны... Што? Дзверы завузкія, а вокны – завысока? Дык прыдумай што-небудзь!

Ёсць такая старая прымаўка: "Чужым розумам не пражывеш". Але так хочацца! Вядома, каб зберагчы свой розум для вялікіх спраў і крышачку пакарыстацца чужым... Ад неўжывання рэчы і здольнасці чамусьці марнеюць, кожны ведае.
І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж  будзе”,  і  так  адбываецца.
А  калі  дзьме  паўднёвы  вецер, кажаце: “Спякота  будзе”,  і  так  адбываецца.
Крывадушныя,  аблічча  зямлі  і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?
Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?  Лк 12, 54-57


Так, сіноптыкі-аматары, па сумяшчэнню крывадушнікі, хопіць нам час марнаваць па ўтульных кутках з асвоенымі сценамі. Якая хмара напаўзае, ці ёсць страха над галавой у бліжняга?...
Паўднёвы вецер зазірае ў вочы – усё ж будзе адліга.

Даволі таго, што ўмеем і маем, каб распазнаваць гэты час, разважаць у сваім сэрцы, разумець Божую волю і, закасаўшы рукавы, ствараць, будаваць, трываць, выходзіць насустрач, забывацца пра сябе, дзякаваць, радавацца, любіць.