31/12/2014

Разгарнуць падарункі старога года

З рознымі пачуццямі мы развітваемся са старым годам. З ноткай удзячнасці азіраемся назад і  перакладаем спадзяванні на год наступны, чакаем падарункаў... Але абмінаем нешта вельмі важнае ў мітуслівым гэтым чаканні. Нас бы здзівілі паводзіны людзей, якія атрымаўшы прыгожы пакунак, не адкрываючы, адставілі яго набок і больш не ўспаміналі аб ім. Гэта ўвогуле цяжка ўявіць. А між тым мы так і робім.

Што значыць удзячнасць за дар? Па-першае, заўважыць яго, разгледзець, навучыцца карыстацца, калі гэтага вымагае складаная рэч, і г.д. Па-другое, падзякаваць. Па-трэцяе, падзяліцца з іншымі тым добрым, што прынёс падарунак, прынамсі радасцю, калі ён  вельмі прыватны.

Правесці стары год – не значыць толькі ўзняць за яго тост. Трэба разгарнуць Божыя падарункі, якія мы атрымалі за гэты час. Многія з іх можна зразумець толькі з цягам часу. Няўдачы, якія нечаму навучылі, паражэнні, які прымусілі задумацца, матэрыяльныя страты, якія вызвалілі. А колькі было сустрэч, прыгожых, добрых людзей, дапамогі, прабачэння, падтрымкі... Перажыць гэтыя светлыя моманты яшчэ раз, напоўніць сваё сэрца радасцю і ўдзячнасцю, дзівячыся зноў і зноў, якая вялікая Божая любоў да чалавека.

Новы год робіць першыя крокі якраз за Божым нараджэннем. Усё зноў толькі пачынаецца, і кожнаму з нас дзень па дню пісаць сваю гісторыю. Няхай яна будзе напоўнена добрымі падзеямі, здарэннямі і падарункамі, адметнымі, непаўторнымі, шчодрымі, каб дзяліцца з тымі, каго давядзецца сустрэць, прымаць тое, чым дзеляцца іншыя, і дзякаваць штодня за безліч ласкаў Божых.

Адзін з маіх любімых здымкаў 2014-га:


20/12/2014

Пра мужнасць не толькі на Каляды

Аднойчы нараніцы я гатавала пончыкі. Кроіла на кавалачкі цеста, смажыла ў алеі, залацістыя перакладала на талерку з сурвэткай, пасыпала цукровай пудрай... Дзеці былі ў сваім пакоі, гулялі ў свае – планшэтныя, шчыра кажучы – гульні. Пончыкаў станавілася ўсё больш, а дзеці, вядома, не ішлі. І я думала, што зараз я іх паклічу бязгучна, потым, калі яны не пачуюць, да іх дойдзе смачны пах печыва, які прывабіць іх. Ім стане цікава, што там гатуецца. Нарэшце, яны ж галодныя там сядзяць, прыбягуць на кухню. Прыбег самы малодшы, паглядзеў, усміхнуўся радасна. "Пакліч астатніх", – папрасіла я. Пабег і не вяртаецца. Загуляўся. Давялося выйсці ў калідор і паклікаць. "Зараз-зараз", – быў адказ. Я недаверліва ўсміхнулася я. Але прыбеглі хутка, мелі мужнасць выключыць планшэт. А можа сапраўды згаладаліся...

Бог, каб аднавіць Свой Запавет з людзьмі, прыйшоў на зямлю, дзе мы зачаравана гуляем ў свае гульні. Так, мы не чулі Ягоны ціхі голас, не звярталі ўвагу на святасць і веліч Ягоных спраў, заглушалі свой голад, хоць гэта патрабуе немалых высілкаў. Ён прыйшоў, каб быць побач. Ці заўважым мы Бога, калі Ягонае прыйсце выклікае нашмат менш эмоцый, чым дэвальвацыя?.. Будзем шукаць Ягоныя вочы, ці лічбы на цэнніках? Радасць ахіне сэрца, ці расчараванасць?

Я не хачу сказаць, што не трэба звяртаць увагу на страты, якія здарыліся нечакана, на ўмовы існавання ў нашай краіне, якія для вельмі многіх пагоршыліся. Чалавек павінен клапаціцца пра годнасць існавання, каб мець магчымасць захоўваць сваё здароўе, клапаціцца пра сваіх блізкіх, аднаўляць свае сілы, працаваць сумленна, атрымліваць справядлівы заробак. Чалавеку дадзены розум, каб мудра кіраваць маёмасцю, планаваць будучыню, паляпшаць існуючыя ўмовы. Але таксама трэба памятаць пра тое, што жыццё і ўсе намаганні павінны імкнуцца ў вышыню, да Бога, а не адварачваць чалавека ад Бога. Пасля ўсведамлення таго, што адбылося, перад некаторымі з нас паўстане выбар: вярнуць свае даходы (або пакрыць страты) коштам іншых ці не. Здавалася б, ёсць права на нейкі рэванш. Толькі ў дадатак трэба пайсці супраць свайго сумлення, "зачараваць" яго апраўданнямі і разлікамі.

К.С.Льюіс пісаў, што "мужнасць – не проста адна з цнотаў, але форма кожнай дабрачыннасці ў адказны момант". Адказны момант здарыўся і зараз. Маленькі Езус прыходзіць, каб дадаць нам мужнасці застацца людзьмі, нават калі асяроддзе вымагае нечалавечых паводзін. Ён прыходзіць, каб падтрымаць нашу чуласць да іншых, каб наталіць голад любові Самім Сабой. Давайце ж сустрэнем Яго там, дзе мы ёсць, з тым, што маем, і адкрыем Яму сэрцы ў нашых бліжніх, каб знешнія абставіны і адсутнасць снегу не перашкодзілі каляднай радасці і надзеі.

28/11/2014

Выйсці насустрач

Кніга Лічбаў расказвае пра аднаго чалавека на імя Балаам, які жыў з цвёрдай пастановай "і ў малым, і ў вялікім" слухаць Бога, адразу папярэджваў князёў, што нават за "поўны дом срэбра і золата" не перакрочыць слова Пана, а ў падарожжы звычайна выбіраўся на сваёй асліцы, якая аднойчы ўбачыла Анёла і спалохалася. (Ліч 22-24). Магчыма, многія памятаюць, як Балаама збянтэжыла ўпартасць асліцы, якая не хацела рухацца наперад, але ніяк не тое, што яна пачала на чалавечай мове задаваць яму пытанні. Уяўляю сабе, каб мая "Шкода" раптам спыталася: "Чаму ты здзекваешся нада мной? Ці я хоць раз цябе падвяла?" Ох, нават не ведаю, што са мной было б...

05/11/2014

Прыхадні і госці

"Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?”  Той прамаўчаў."
http://users.stlcc.edu/nfuller/crown08/MedievalFeast400.gif
Чаму ён маўчыць, гэты госць? Каб каго-небудзь баяўся, то не прыйшоў бы зусім. Каб не меў магчымасці "апрануцца прыстойна", не прагучала б пытання. Вельмі падобна на стаўленне "хачу й маўчу", але не падлеткавы пратэст замыкае яму вусны, а свая выпешчаная ганарлівасць.
Мы ж не такія, праўда? І не мы, пачуўшы "Дружа...", сталі б азірацца па баках, шукаючы, да каго Кароль звяртаецца, і думаць з недаверам: "Калі гэта мы сталі сябрамі? З якой такой радасці Ён мне друг?" Вось у тым і справа – ніякай радасці ў чалавека, што Бог прапануе яму сяброўства...

Які ўбор да твару нам, нечакана пакліканым з далёкіх скрыжаванняў маленькіх мястэчак і каменных джунгляў, на пір, гаспадаром якога ёсць сам Кароль Сусвету? Штодзень накрыты стол, на якім няма нястачы. Мабыць, не госцем зайшоў той няшчасны на вяселле, апрануты не ў радасць і сардэчнасць, а ў фанабэрыстасць і насцярожанасць: "Ну, паглядзім, што у вас тут... Чым кормяць? Якія напоі падаюць? Не падумайце, што я – адзін з вас, убогіх, я толькі з уласцівай мне ветлівасці прыйшоў."

І такім прыхадням ты кажаш "Дружа", Пане?.. Які цудоўны шанец апамятацца, скінуць з сябе цяжкія шаты фарысейства і апрануцца ва ўдзячнасць і любоў! Не маўчыце ж, не галадуйце, сядайце за стол.

03/10/2014

За што такі кошт?

Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 45-46)
Цудоўны завершаны твор у два радкі, праўда? Колькі разоў чую гэтую прыповесць, дзіўлюся гэтаму. Часам узнікаюць вобразы купца і пярлінаў, раскіданых па свеце, і торбы з манетамі, у якую ператварылася ўся маёмасць рухомая і нерухомая... Часам перабіраю ў галаве свае "манеты", каб разабрацца, ці моцна я за іх трымаюся...

Калі паміж купцом і пярлінай стаў толькі кошт, ён заплаціў яго. Езус не гаворыць, ці лёгка яму было, ці не вагаўся ён. У прыповесці няма перашкод, толькі вольная плынь: знайшоўшы, ідзе, і ўсё, што мае, прадае... Гэта азначае, што заўтра ў яго не будзе грошай, каб нават купіць сабе ежу. Не кожны мае адвагу заплаціць такі кошт. Вам не здаецца, што сказ не закончаны? У тым і справа: мы засяроджваемся на кошце і не бачым тое, за што трэба ўсё аддаць.

Трэба чытаць спачатку. А спачатку чалавек пэўнай прафесіі шукаў прыгожых пярлін... Значыць, ён ведаў іх кошт, іх адрозненні, асаблівасці. Ці лёгка шукаць нешта сапраўднае, добрае, прыгожае,  можа сказаць толькі той, хто шукаў сам, не задавольваючыся падробкамі. І толькі такі чалавек можа аддаць усё за адну каштоўную пярліну, перад якой усе папярэднія знаходкі аказваюцца пясчынкамі.

Праглядаючы свае зборы і калекцыі, цяжка не заўважыць, што ўсё мела свой кошт. Так ці іначай ён заплачаны, і вельмі часта заплачаны Божымі дарамі... Толькі ці за Валадарства Нябеснае?

28/09/2014

"Разбудзіце мяне, калі скончыцца верасень..."

Ёсць такая песня ў Greenday, і я кожны год яе ўспамінаю і згаджаюся, што лепш было б да кастрычніка спаць салодкім сном, чым пачынаць новы навучальны год. Вось 2 гады таму я пісала пра празрыстасць, пра вяртанне да рэальнасці... А сёлета нават няма прыгожых словаў, каб акрэсліць гэтае напружанне, гару працы і няяснае адчуванне, што нешта ўсё роўна не паспела, не дагледзела. Магчыма, толькі цяпер, апоўначы, я здагадваюся, што найбольш недагледжанай засталася я сама.

Пра што першы клопат? Каб сям'я не была галоднай. Гэта сняданні, абеды, вячэры. Раней праблему сняданняў і абедаў вырашала школа, але ў новай школе дзеці атрымліваюць толькі адзін гарачы пасілак, які, вядома, імкнуцца не есці, бо ім, глядзі ж ты, нясмачна. Раніца: прыгатаваць нейкі сняданак, разбудзіць дзяцей, заплясці Янку, сабраць Віталю, даць заданні Міколку. На працягу дня – праца, пераплеценая дзіцячымі званкамі і пытаннямі, напамінамі і просьбамі – з рога ўсяго многа. Але горш, калі дзеці перастаюць браць слухаўку... Вось як тады іх дазвацца?

24/09/2014

"Супакой ёсць абавязкам, супакой – магчымы"



"Супакой – абавязак, таму што кожны жыхар Зямлі, нягледзячы на тое, з якой краіны ён паходзіць, на якой мове выражае свае думкі і пачуцці, якое палітычнае і рэлігійнае credo кіруе ім у жыцці, заўсёды належыць да адзінай сям'і "чалавечага роду", якую ўжо старажытны мудрэц Цыцэрон лічыў "супольнасцю без межаў". 
Тым больш у гэтым перакананы чалавек веруючы, які ў кожным сваім бліжнім распазнае вобраз Таго, які "учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй паверхні зямлі" (Дз 17, 26). <...> Супакой – дар Хрыста, які для нас, хрысціян, становіцца заданнем.

Супакой – магчымы, бо захоўваць яго дазваляе асаблівы дар, дадзены чалавеку – дар розуму,
а менавіта:
здольнасць адрозніваць дабро ад зла,
здольнасць пазнаваць свае правы і, адначасова, правы іншага чалавека, і такім чынам, – абавязкі адносна іншых людзей;
здольнасць накіроўваць сваё жыццё да добрых мэтаў,
здольнасць выпраўляць памылкі, калі здарыцца іх зрабіць.

Вядома, магчымасць супакою не заўсёды бывае лёгкай: у незлічоных выпадках перашкоды выглядаюць такімі вялізнымі, што іх нельга пераадолець. Але яны ніколі такімі не з'яўляюцца:
калі два бакі здольныя даць доказы ўзаемнага разумення сваіх і чужых інтарэсаў, не выключаючы правільна зразуметага пачуцця нацыянальнага гонару;
калі здолеюць адзначыцца шырокімі поглядамі, якія ахопліваюць дабро іншых народаў і ўсяго чалавецтва;
калі будуць дальнабачнымі ў тым, што датычыцца наступстваў сваіх дзеянняў,
і калі велікадушна будуць мець добрую волю, якая ні ў чым не ўшчамляе абавязак адказнасці за свой край і суайчыннікаў.
Гэта вялікія вымаганні, але абавязковыя. Яны з'яўляюцца сапраўды "людзкімі", істотнымі для дабра ўсяго чалавецтва.

Кожны чалавек з пачуццём адказнасці павінен сур'ёзна задумацца над перспектывамі, перад якімі асцерагаў мой папярэднік папа Пій ХІІ: "З супакоем нічога не страчана, але ўсё можа быць страчана з вайной".


З гаміліі св.Яна Паўла ІІ напярэдадні візіта ў Велікабрытанію. 1982 год

15/09/2014

Турботы і пошукі


Пшанічнае поле. Ван Гог
У англійскай мове ёсць дзеяслоў disturb (у перакладзе, перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню), вельмі сугучны беларускаму турбаваць.  Адны і тыя ж турботы яднаюць людзей, замінаюць нармальнаму існаванню: як пракарміцца, што апрануць, дзе знайсці бяспечнае месца...  Празмерны клопат пра гэтыя рэчы можа зрабіць чалавека нявольнікам матэрыяльнага свету, адабраць радасць і пачуццё меры. “Сцеражыцеся прагнасці... Шукайце найперш Валадарства Божага”, – гаворыць Хрыстус. А паміж гэтымі выразамі – прыповесць пра багацея, таго самага, які сказаў сам сабе: “Еш, пі і весяліся” (Лк 12, 13:34).  Які ж добры ён наш знаёмы, нібы родны...

10/09/2014

Церушынкі ў вачах

У нядзелю нараніцы старэйшы сын пачаў вельмі скардзіцца на боль у левым воку. Звычайна вірус не выклікаў такіх моцных скаргаў, кропелькі ў вока не дапамагалі. Паехалі ў шпіталь. Пад мікраскопам урач хутка ўбачыла, што ў воку невялічкае іншароднае цела, церушынка, якую не дастанеш сам. Умелыя рукі доктара з тонкай іголкай добра зрабілі сваю справу – вызвалілі вока ад болю, а нас усіх – ад трывогі.

Літаральна праз пару гадзін сын амаль забыўся, што яму было балюча нават адкрыць вока. Асаблівы дыскамфорт выклікала святло. Ён стараўся схавацца ад сонца і лямпачак, а мы не разумелі, што адбываецца... Маленькая нябачная церушынка ў воку прыносіць такія цярпенні чалавеку. Міжволі ўзгадаеш евангельскае "а ў сваіх вачах бярвёнаў не заўважаеце". Так, бярвёнаў не бачым, а ад Святла чамусьці хаваемся, што ёсць сілы...


14/08/2014

Падтрымка непатрэбнага

І вось адбыўся пералёт за межы Мінска. Ляскоўка – ціхая вёска (прынамсі, пакуль што). Пераехаць аказалася намнога працей, чым пазбыцца непатрэбных рэчаў. Выкідаеш адзін вялікі пакунак – здзіўляешся, як шмат. Потым незаўважна ладуецца яшчэ адзін, і яшчэ адзін. І ты ўжо з ціхім жахам думаеш: "А навошта я столькі часу жыла са смеццем у хаце?"

Справа нават не ў тым, што ніхто не падказвае, калі і што выкідаць. Нейкі ж здаровы сэнс есць у кожнага чалавека, ідэя прыбірання перад вялікімі святамі таксама не новая. Справа ў адкладанні і ў ляноце. Ніхто, акрамя цябе, не возьме кожную рэч у рукі і не вырашыць: выкінуць ці пакінуць. Ну, магчыма, толькі тады, калі ты ўжо не здолееш сам гэта  вырашаць. Працей за ўсё – запхнуць у скрыню пад умоўнай назвай "а можа яшчэ спатрэбіцца калі-небудзь". Потым месца ў адной скрыні канчаецца, і ты заводзіш яшчэ адну. І даглядаеш, каб вакол гэтага смецця было чыста і суха, каб не сапсаваць ...непатрэбнае.

Так што "глыбокае" прыбіранне – не заўсёды азначае марнаванне часу. Каб не апынуцца сярод сметніка, трэба рэгулярна ад лішняга пазбаўляцца, а не ствараць для яго ідэальныя ўмовы. Вядома, усё вышэй сказанае не датычыцца антыкварыяту і таму падобных рэчаў, дарагіх, перш за ўсё, сэрцу...

06/08/2014

Ціхі ветрык

Аўтар  BeatAltenbach SJ
 "Выйдзі і стань на гары перад Панам..." 1 Вал 19, 9а. 11–13а
А навошта мне пакідаць сваю пячору? Можа, я да яе ўжо прызвычаілася і не згадваю нават, што такога запудзіла мяне ў гэтую ракавінку. І што прымусіць мяне выйсці? Моцны вецер? Землятрус? Агонь? Не. Ціхі ветрык любові, які спагадліва абдымае навокал і лагодзіць кожны боль. Тады можна выйсці, прабываць і слухаць...

Толькі па ціхім ветрыку можна ўзняцца вышэй у неба. Па-птушынаму зрабіць адно кола, потым яшчэ, па спіралі вышэй і вышэй. Моцны вецер не будзе чакаць, пакуль ты раздумаешся і будзеш павольна ўзбівацца ўверх. Сядзі, дзе сядзіш, або ляці, зацяўшыся, да наступнай схованкі.

Лагодны ветрык пакідае рэчы такімі, якія яны ёсць. Не пераносіць будынкі, не вырывае з каранямі дрэвы, не сыпле пяском у вочы. Ён дорыць прахалоду ў спёку, калыхае галінкі, дапамагае дрэвам гаманіць між сабой і няспешна выказаць усё, што ёсць на душы.

Ціхі вецер не раздзьмухае пажар, каб выпаліць агнём эмоцый сэрца, пакінуўшы папялішча. Неўзабаве за спагадай пачнецца выратавальны дождж. Напэўна, ён крыху салёны, як слёзы, але будзе смакаваць, як шчасце.

27/07/2014

Запланаваны пераезд

Нарэшце, плануем пераезд у сваё жыллё. Будавалася кватэра 6 год, здоўжылася нам вельмі, і вось – ледзь пачаўся 13-ты год нашага сужэнства, як мы выбіраемся з чужога кута ў свой.
Зноў пачалі збірацца ўздоўж сцен торбы, скрынкі, пакункі. Адны падпісаныя, другія – не, хоць потым, пэўна, прыйдзецца губляць час, каб нешта знайсці.
Зноў, перапрашаючы іх за турботы, забіраем рэчы з месцаў, да якіх яны ўжо прызвычаіліся. Вядома, няпэўнасць. Бярэш у рукі кожную дробязь і выносіш прысуд – узяць з сабой, аддаць камусьці, пакінуць тут ці вынесці на сметнік. Дзякуючы дабрыні Божай, мы мелі ўсё неабходнае для жыцця. Тое, што знасілася і згубіла актуальнасць, складаем у асобным куце, развітваемся з лёгкім сэрцам.

Наперадзе яшчэ шмат клопатаў і працы па ўладкаванні на новым месцы, але гэты пераезд – справа доўгачаканая і прыемная. І ўсё-такі выявілася, што дагэтуль у нас няма яснага ўяўлення, якім чынам мы ў новай кватэры размесцім рэчы і мэблю... Не атрымліваецца з падрыхтоўкай –  будзем разбірацца на месцы. Адзін з пакояў у новай кватэры.


26/07/2014

Малітва да святой Ганны за мужа



Святая Ганна, ты са сваім богабаязным мужам Ёахімам жыла ў няспынным каханні і згодзе, атрымліваючы ад яго толькі заахвочванне да дабрачыннасці, – выпрасі майму мужу, якога люблю і ўсім сэрцам шаную, гэтую ласку, 
каб мяне словам і прыкладам да добрага жыцця падахвочваў і вёў, 
а мае памылкі і недахопы цярпліва зносіў, 
каб мы абодва ў любові і згодзе нашыя абавязкі добрасумленна выконвалі
і маглі пабожна і па-хрысціянску жыць на хвалу Богу і братам на навучанне.
Праз сваё заступніцтва аддаляй ад нас усё, што можа знясіліць любоў і перашкодзіць узаемнаму збудаванню. 
Учыні так, каб паміж сабой мы заўсёды па-хрысціянску жылі і гэтак жа разам у неба да цябе і ўсіх Святых маглі прыйсці. Амэн.

Пераклад з польскай мовы. Калі заўважыце ў тэксце недакладнасці, напішыце мне.
Можна мужу маліцца за жонку. Магчыма, камусьці зручней па-польску: 
 

MODLITWA DO ŚW. ANNY ZA MĘŻA LUB ŻONE

Święta Anno, któraś z twoim bogobojnym mężem Joachimem w ciągłej miłości i zgodzie żyła otrzymując od niego tyle pobudki do cnoty, uproś mojemu małżonkowi (lub: mojej małżonce), którego (ą) z serca kocham i szanuję, tę łaskę, ażeby mnie słowami i przykładami do dobrego pobudzał (a) i prowadził (a), a moje błędy i słabości cierpliwie znosił (a), ażebyśmy obojga w miłości i zgodzie nasze powinności wiernie wykonując, Bogu na chwałę a współbraciom na zbudowanie pobożne i chrześcijańskie życie prowadzić mogli.
Oddalaj przez twoją przyczynę od nas wszystko, coby miłość osłabiać i wzajemnemu zbudowaniu przeszkadzać mogło. Spraw, abyśmy zawsze teraz z sobą po chrześcijańsku żyli, ażebyśmy raz także wspólnie do ciebie i wszystkich Świętych w niebo przyjść mogli. Amen.

25/07/2014

Дотык

Як можна распавядаць пра тое, што можна толькі адчуць? Дотык бывае такім розным: далікатным, пяшчотным, балючым... Досведу хапае ў кожнага з нас. Закрануць жа людзкія сэрцы хацелі б многія людзі, толькі іх мэты вельмі адрозніваюцца. Падпарадкаваць сабе чалавека ці вызваліць яго?..

Успомнім евангельскія натоўпы. Езус прыцягваў людзей так, што яны не зважалі, куды і як надоўга ідуць за Ім. "На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп". Цікава, з якой хуткасцю яны рухаліся? Гаманілі ці йшлі маўчком? Ці дзяліліся ежай, вадой, добрым словам? Што рабілі на адпачынках? Цяжка ўявіць сабе панурых людзей побач з Хрыстом, хутчэй грамаду добразычлівых людзей з адкрытымі ўсмешкамі, калі ж іх сэрцы адгукнуліся на Божую любоў.

23/07/2014

З надзеяй

Хрыстус прайшоў па зямлі і пакінуў сляды,
"Ідзіце за Мною, – гаворыць,
– Я прайшоў перад вамі,
Шукайце, глядзіце, ідзіце наперад".

Дзе ж хуткасць узяць слімакам-небаракам?
Тут хоць бы належны кірунак знайсці,
з ракавінкі адважыцца выйсці,

ды сябе зрушыць з месца 
з надзеяй,
што асабліва нязграбных Езус Сам паднясе непрыкметна.

20/07/2014

Малітва папы Францішка ў мемарыяле Yad Vashem


“Адам, дзе ты?” (Быц3,9)
Дзе ты, о, чалавек? Што ты прыйшоў?
У гэтым месцы мы яшчэ раз чуем рэха Божага пытання: "Адам, дзе ты?"

Гэтае пытанне напоўнена ўсім смуткам Айца, які страціў сваё дзіця.
Айцец ведаў рызыку свабоды; Ён ведаў, што яго дзеці могуць быць страчаныя... і яшчэ, магчыма, нават Айцец не мог сабе ўявіць настолькі вялікае падзенне, такую глыбокую прорву!
Тут, перад бязмежнай трагедыяй Халакоста, гэты крык – "Дзе ты?" – гучыць, нібы рэха, ледзь чутна ў неспасцігальнай бездані...

Адам, хто ты? Я больш не пазнаю цябе.
Хто ты, чалавек? Чым ты стаў?
На які жах ты аказаўся здольны?
Што прымусіла цябе падаць на такую глыбіню?
Вядома, гэта не пыл зямлі, з якой ты зроблены.
Пыл зямлі – добрая рэч, справа рук Маіх.
Вядома, гэта не дыханне жыцця, якое Я ўдыхнуў у цябе.
Гэта дыханне зыходзіць ад Мяне, і яно добрае (Быц 2,7).

Не, гэтая бездань – праца не толькі тваіх рук і твайго ўласнага сэрца ... Хто пашкодзіў цябе? Хто цябе знявечыў?
Хто навёў цябе на думку, што ты – гаспадар дабра і зла?
Хто пераканаў цябе, што ты стаўся богам? Мала таго, што ты катаваў і забіваў сваіх братоў і сясцёр, але ты ахвяраваў іх сабе, таму што ты зрабіў сам сябе богам.
Сёння, у гэтым месцы, мы зноў чуем голас Бога: "Адам, дзе ты?"

Тут з зямлі ўзнімаецца ціхі плач: "Змілуйся над намі, Пане".
Табе, Пане Божа наш, належыць справядлівасць; а на нашых тварах сорам і ганьба (Бар 1,15).
Вялікае зло напаткала нас, якога не было пад небам (Бар 2,2). Цяпер, Пане, пачуй нашу малітву, пачуй нашу просьбу, выратуй нас у Сваёй міласэрнасці. Выратуй нас ад гэтага жаху.
Усемагутны Пане, душа ў журбе кліча Цябе.
Пачуй, Пане, і злітуйся!
Мы зграшылі супраць Цябе. Ты валадарыш вечна. (Бар 3,1-2).

Узгадай нас у міласэрнасці Тваёй. Дай нам ласку саромецца таго, што мы, людзі, зрабілі, саромецца гэтага масавага ідалапаклонства, і таго, што мы пагарджалі і знішчалі сваё цела, якое Ты стварыў з зямлі, якое Ты ажывіў Сваім дыханнем жыцця. Ніколі зноў, Пане, ніколі зноў!
"Адам, дзе ты?"

Вось мы, Пане, асаромленыя тым, што чалавек, створаны па Твайму вобразу і падабенству, быў здольны зрабіць. 

Памятай пра нас у Сваёй міласэрнасці.


http://www.catholicnewsagency.com/news/pope-prays-at-holocaust-memorial-western-wall/

25/06/2014

Ігнацыянскі спосаб кантэмпляцыі ў дзейным жыцці


Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць. (Марк 6, 30-34)

Аўтар: Andy Otto SJ.
Ігнацыянскі дух адчуваецца ў кульмінацыйным пункце гэтага фрагмента Евангелля: Спыніся. Паразважай. Зноў вярніся да працы. І паўтары.

Мы жывем у паспешлівым свеце раскладаў, тэрміновасці і зубрэння. Амаль заўсёды спраў занадта шмат, каб іх перарабіць, і няма часу спыніцца. Звычайна я планую свае дзеянні і складаю спісы спраў, якія хачу скончыць, і турбуюся, калі гэта не атрымліваецца дастакова хутка. У карпаратыўным свеце адбываецца тое ж самае. Дасягненне мэтаў і планаванне пакідаюць няшмат часу для адпачынку ці паўзы. Езус і Ягоныя вучні зведалі нешта падобнае. Куды б яны ні пайшлі, натоўпы сціскалі іх, людзі прасілі аздараўлення, малітвы, мудрасці. Вучні былі загружаныя так, што амаль не было калі паесці. Так здараецца і ў нашым жыцці. Калі я вяртаюся дадому, а мяне чакаюць нейкія справы, я вячэраю паспешліва. Наступствы могуць быць малапрыемнымі.

23/06/2014

Развязаныя рукі

Звычайна гэтым выразам карыстаюцца, каб акрэсліць адмоўныя паводзіны. Бандыт, які адчувае, што яму развязаныя рукі, здольны на любыя злачынствы.
Добра было б, каб хрысціяне часцей заўважалі, што ў іх развазаныя рукі на ўчынкі добрыя, міласэрныя, стваральныя.
Гляджу на свае рукі – не, не звязаныя, працаздольныя, паслухмяныя... Паслухмяныя рашэнню, якое прымаецца недзе ў глыбіні: што зрабіць або не зрабіць, каго прытуліць, каго адпіхнуць. замахнуцца на кагосьці ці схаваць нечыю далонь у сваіх далонях.  

Як мы ехалі пад небам

Ехалі мы тыдзень таму ў Астравец, а на небе змяняліся хмары, воблакі, промні і самыя розныя адценні. Непаўторныя выявы, якія трываюць імгненне, – як іх запомніш, калі назаўтра будзеш заглядацца на іншыя воблачныя гмахі?





18/06/2014

Пяць спосабаў стварыць добрае месца для малітвы

Раней ці пазней мы пачынаем разважаць, дзе і як стварыць добрыя ўмовы для малітвы. Вініта Хэмптон Райт (Vinita Hampton Wright) – аўтар і рэдактар выдаўніцства Loyola Press у ЗША – напісала ў сваім блогу аб значнасці месца малітвы і вылучыла пяць крокаў, пры дапамозе якіх можна вызначыць і стварыць адпаведную прастору. Застанецца толькі знайсці час. 

У хрысціянскім свеце – ці то ў малым мястэчку, ці то на вуліцах Рыма – існуе мноства месцаў для малітвы. Са старажытных часоў людзі, якія шукалі Бога, ведалі, што месца мае значэнне. Мае значэнне, ці з'яўляецца яно перапоўненай залай, ці кляштарнай келлю, ці напоўнена рэхам галасоў, цішынёй, музыкай ці птушыным спевам. Мае значэнне, як пахне ў месцы малітвы, якія колеры навокал, якія тэкстуры, ці адчуваецца лёгкі ветрык з акна або холад каменнай лавы. 

Мы выдаткавалі стагоддзі на стварэнне адпаведных месцаў, якія дапамагаюць нам маліцца. Многія з іх захаваліся як велічныя храмы або ціхія кляштары. Некаторыя з іх зараз нагадваюць музеі. І ўсё ж дагэтуль мае значэнне, дзе мы прабываем падчас размовы з Богам. Гэта істотна ў маім горадзе, на маёй вуліцы і нават у маім доме.

Лета – выдатная магчымасць паназіраць за сваімі адчуваннямі ў розных месцах і ў розных абставінах і нават на рознай хуткасці – падчас шпацыраў пехатою, на ровары і г.д. Можна пачаць з наступных пытанняў:
  • Як я фізічна адчуваю сябе ў гэтым месцы? Ці магу я расслабіцца, ці штосьці выклікае трывогу? Адчуваю бадзёрасць ці нуду, камфорт ці знэрваванасць?
  • Што мне б хацелася рабіць у гэтым месцы? Заплюшчыць вочы і адпачываць? Або пачытаць?  Падумаць? Працаваць? Паразмаўляць з кім-небудзь?
  • Ці не нагадвае гэтае месца аб нейкіх істотных падзеях, людзях, мясцінах з майго мінулага? Калі так, то якім чынам?
Прапаную пяць крокаў, якія дапамогуць вам пачаць ствараць добрыя ўмовы для малітвы. Дайшоўшы да пункта №3, вы самі зможаце вынайсці свае спосабы, які будуць працаваць толькі для вас.

08/06/2014

"Перад сівой галавой устань..."

"Перад сівой галавой устань і шануй старога ды шануй Бога твайго. Я – Пан." Кніга Святарская 19,32
Пасля гэтай пастановы наступная гучыць больш абгрунтавана: "Калі ў вашай зямлі паселіцца побач з табою чужынец, не крыўдзі яго, але хай будзе пасярод вас як тутэйшы, і любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай." Запаведзь аб павазе да старых, як і шэраг іншых, – дадзена без тлумачэння, ды яшчэ ў адным радку з пашанай да Бога, нібыта для раўнавагі. Незразумелыя і рызыкоўныя рэчы гаворыць Бог. Гледзячы на палітычныя працэсы ў свеце, у тым ліку сучасныя, можна заўважыць, што і чужынцаў не вельмі рады бачыць, і ад старасцi ўцякаюць, не шкадуючы сродкаў.

03/06/2014

Падчас кожнай буры...

Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы. Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і спыніліся, і настала ціша.  (Лк 8, 23-24)
Падчас кожнай буры – у Касцеле, грамадстве, ва ўласным сэрцы – дзве рэчы павінны адначасова быць дапамогай: уласная праца і ўзмоцненая малітва. Каб уласная праца дала вынікі, ёй патрэбна Божая дапамога. Яна мацнейшая за ўсе чалавечыя намаганні, але звычайна Бог не дапамагае, калі я сам сур'ёзна не стараюся. Многа зла можна было б пазбегнуць у Касцеле, калі б людзі, якія выконваюць адказныя абавязкі, былі энэргічнымі, і ў адпаведны час выступілі б і працавалі. Таму ўсюды, дзе я сустракаю цяжкасці, ці то ўласныя, ці то ў Касцеле, ці ў выкананні якой-небудзь даверанай мне справы, я павінен сабрацца з сіламі, не забываючыся пры гэтым пра малітву. ...і настала ціша. Пан можа дапамагчы за адну хвіліну.


З разважанняў кардынала Аўгустына Бэа SJ

http://img.encyc.yandex.net/illustrations/men/pictures/01-114-01.jpg

20/05/2014

Псальм 136

"Як мы можам зрабіць гэты псальм нашай малітвай?” Бэнэдыкт XVI
Гэтае пытанне, маючы на ўвазе Псальм 136 (135), задаў цяперашні папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI  падчас агульнай аудыенцыі 19-га кастрычніка 2011 года. Змест катэхэзы перадавала ў той дзень Ватыканскае радыё, але мне трапілася на вочы толькі зараз. З дапамогай Гугла-пошуку я хацела знайсці тэкст псальма, каб не набіраць яго рукамі з Бібліі, выдадзенай на падставе рукапісаў кс. У.Чарняўскага. Мне хацелася пра яго напісаць. Тэкст я не знайшла, затое з радасцю ўбачыла глыбокае і светлае разважанне папы Бэнэдыкта XVI. Прачытайце абавязкова.

У мяне атрымалася такая вось паслядоўнасць. Спачатку ціхім ранкам я прачытала псальм 136, нібы ўбачыла яго ўпершыню. У форме ўзнёслай літаніі пералічваюцца "шматлікія дзеі Бога адносна свайго народа і праслаўляецца Яго “вечная любоў, любоў, якая згодна са значэннем яўрэйскага тэрміна уключае ў сябе вернасць, міласэрнасць, дабрыню, ласку, лагоднасць” (Бэнэдыкт XVI) 

А потым у галаве пачалі ўзнікаць свае радкі, зусім простыя і пра сябе:

13/05/2014

Неўмеркаванасць у згрызотах


Sad Shadow by groversofine Ці знаёмыя вам пустыя згрызоты? Я нават не маю на ўвазе "сама прыдумала – сама пакрыўдзілася", але тыя надакучлівыя перажыванні "хто што падумаў, як паглядзеў ды што сказаў". Сапраўды, ахвотных выказацца на тэму свайго бліжняга (у вочы ці за спіной) заўсёды хапае. Калі гавораць нешта не вельмі прыемнае, хочацца неяк абараніцца, апраўдацца. Часцей, праўда, атрымліваецца прамаўчаць ці пакрыўдзіць чалавека ўзаемным "кампліментам", а потым доўга яшчэ сам-насам фармуляваць ў галаве разумныя адказы ды вострыя слоўцы.


А нават калі мы так дружна з жывем, што дрэннага пра сябе не чуем, то тады з'яўляецца маленькае пытанне, чаму так мала хваляць? Калі я такая файная, то можна было б гэта часцей заўважаць. Вось жа чэрствыя людзі вакол...

06/05/2014

Забытае. Кнігі альбо працадні

У адным пакуначку ляжалі ў бабулі Браніславы побач дзве эпохі: 1925 год і 1961. З першай захаваліся карткі з бібліятэкі. Па якой прычыне, невядома, але засталіся некалькі невялічкіх аркушаў: "Прашу пазычыць мне кнігу..." і "Вяртаю кнігу..." Пад лінейку чырвоным адведзены таблічкі, відаць імкненне да акуратнасці... Напісана не бабунінай рукой. Вось скан чатырох з такіх картак:

І другая эпоха: нечыя працадні ў калгасе... Магчыма, майго бацькі ці дзеда Вінцэнта. Поўная супрацьлегласць. Абы-якія карткі, памылкі, нядбайнасць, і такая тужлівая бессэнсоўнасць... Голад і нявыкрутка стаяць за імі. Нездарма дзядуня часта мусіў выбірацца на заробкі.






05/05/2014

"Адкуль жа ў Цябе вада жывая?"

Вадзіца чыстая, халодная...
Каб астудзіць гарачыя галовы, згасіць полымя нянавісці, змыць бруд, а галоўнае – напаіць сасмяглых, стомленых варажнечай людзей...

Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Ян 4, 13-14

03/05/2014

Маёвая

Pieśnią wesela witamy,
O Maryjo, miesiąc Twój!
My Ci z serca cześć składamy,
Ty nam otwórz łaski zdrój.
W tym miesiącu ziemia cała
Życiem, wonią, wdziękiem lśni.
Wszędzie Twoja dźwięczy chwała,
Gdy majowe płyną dni ...

 
Гэтую песню я добра памятаю з дзяцінства, яе часта спявалі падчас маёвых набажэнстваў. На гэтым тыдні я знайшла на гарышчы з дзесятак старых занядбаных папер, яны аказаліся маленькай часткай страчанага архіва, які старанна збірала татава мама .

Пісаць пра гэтыя папяровыя сведчанні мінулага стагоддзя мне хочацца з маёвай радаснай песні, запісанай рукой бабуні Браніславы Манчынскай. Пэўна і ў вашых бабуль знойдуцца такія сшытачкі з перапісанымі малітвамі, песнямі, апокрыфамі, якімі яны дзяліліся адна з адной, і бераглі, нібы нейкі скарб...



18/04/2014

Тым, якія страцілі сваю надзею і сваё валадарства

Так кажа Пан:
Я звяртаюся да цябе, маё любае дзіця,
Таму што твае малітвы і твае нараканні
дасягнулі маіх вушэй:
"Божа мой, чаму мяне пакінуў?.."
Як злодзей, уночы,
гаспадар вінаградніка адведаў сваю ўласнасць,
падрэзаў галінкі,
спаліў няплодныя бутоны.
Вось ён, без ззяння і славы,
без прывабнага выгляду,
нібы ўдараны перуном Божым
і знішчаны з зямлі жывых.
Гледзячы на цябе, сябры высміхалі тваё цярпенне:
ківалі галовамі, кажучы:
"Хваліўся Богам! Няхай Бог яго збавіць!"
...Ці ж бы Айцец мог забыцца
пра плод сваёй любові?..
То адчыні ж свае вушы на агонь маіх слоў,
каб я залячыў твае раны,
і аддай мне сваю веру,
каб падняць цябе з зямлі,
бо ты страціў усю надзею.
– Так кажа Пан –
Панясеш маю надзею.
Напішу маё імя на тваіх ранах,
і яны расцвітуць,
як ружы вясной.
Новымі сокамі напоўняцца твае бутоны,
каб прынесці багаты плён.
Учыню цябе маім сведкам.
Назаву цябе: "Мой Світанак і мая Радасць".
Зноў мой народ наблізіцца да твайго дому,
стане тваёй крэпасцю.
Як нашыйнік, атуліць цябе хвалой.
І загучыць голас:
"Прыйдзіце ўбачыць цуды Пана!
Выбраў слабога, каб быць нашай сілай,
перамяніў яго цярпенне ў гімн любові!"
І скажаш тады сабе ў сэрцы:
"Адкуль прыйшло да мяне гэтае другое жыццё,
да мяне, высмаглага і пакінутага?
Хто напоўніў мяне шчасцем?
Благаслаўлёны будзь, о, Пане,
Які адчыніў сваё валадарства
ўсім тым, якія згубілі свае!"

ks.Hilaire Léonard-Etienne

Пераклад з польскай мовы.
 З блогу сястры Малгажаты Хмялеўскай
Вельмі... Але, магчыма, я зрабіла пераклад з перакладу.

17/04/2014

Адзінка

Што такое адзін чалавек? Што ён можа? Што значыць адзін з сотні? Адна манетка ў параўнанні з дзесяццю? Адзінка выглядае зусім мізэрнай на вялікай схеме рэчаіснасці...

Але паглядзім з іншага боку: адзін гол, які прыносіць перамогу,  адно слова, з якога пачалося прымірэнне, адно новае жыццё, непаўторнае і каштоўнае,... Столькі важных імгненняў існуюць у адзінкавым экземпляры. А калі мы кагосьці моцна любім?

У вачах Божых кожны чалавек мае вялікую вартасць. Аднаго па адным Езус лячыў людзей ад хвароб. Аднаго па адным Ён кліча нас да больш глыбокай сувязі са Святой Тройцай. Аднаго па адным запрашае на Вячэру. Збавіў свет Ён Адзін – Езус Хрыстус.

Дзеля адной авечкі, якая згубілася, Ён ідзе ў далёкі шлях і нясе знойдзеную на Сваіх плячах. Толькі Ён ведае, чаго гэта каштуе. Як тая жанчына, што ператрэсла ўсю хату, шукаючы драхму, Ён гатовы шукаць нас па заблытаных лёсах. З прычыны навяртання (усяго толькі!) аднаго грэшніка пачынаецца на нябёсах вялікая радасць.

Адзінка можа шмат чаго змяніць у лепшы бок, і прыкладаў кожны з нас ведае шмат. Адкрываючы ж сваю ўнікальнасць, трэба вучыцца цаніць і вялікую каштоўнасць сваіх бліжніх. Перад вачамі Божымі няма натоўпаў.

http://www.ophirworld.com/33-2b.jpg

Маскі

У пачатку зімы Янка прынесла з заняткаў па выяўленчаму мастацтву гэту прыгожую маску. Не ведаю, як, але нават 7-гадовыя дзеці на тых занятках могуць зрабіць нешта падобнае.


Некаторыя дарослыя думаюць, што яны ўмеюць вырабляць маскі і насіць іх так, нібыта іх няма. І прыгожыя там ёсць, і ўпэўненыя, і добрыя, і са стразамі, і паважныя... Нутро адных людзей выдае іх жа язык, а многіх дэмаскуюць учынкі. Але прафесіяналы маскіроўкі ведаюць, што ў масак – пустыя вачніцы. Таму вочы не хлусяць. Кажуць, калі чалавек адводзіць позірк і пачынае ўглядацца ў правы верхні кут – збіраецца штосьці змахляваць. А народная прымаўка кажа, што вачэй пазычыць можна – у сабакі. Сорамна людзям паказацца, дык вочы пазычыў – і нармальна.

Вочы... Вокны... Каб не бачыць залішне, часам, адводзіш позірк.

08/04/2014

Кава без цукру

На мінулым тыдні я сядзела побач з чалавекам, які нядаўна страціў вельмі блізкага чалавека. Ён папрасіў чорнай гарбаты, сабе я ўзяла каву. Не хацелася дадаць цукар, засталося некранутым печыва. Мы гаварылі пра нейкія падзеі і справы, але найбольш адчувальнай была  цішыня, якая стаяла за словамі. Побач з трагедыяй імкнешся хоць крыху злагодзіць чужы боль, шукаеш спосаб "паднесці" той цяжар, які лёг на плечы іншаму чалавеку, цешышся, калі можаш нешта зрабіць. Не заўсёды гэта магчыма... І тады застаецца горкая кава, цішыня, прысутнасць.

...

І вось дзень за днём праходзіць Вялікі пост, які павінен быць часам падвышанай адчувальнасці да цяжараў нашых бліжніх, да Хрыстовага Крыжа, да свайго ўнутранага жыцця. Мне думаецца, што сярод нашых велікапосных пастаноў і ахвяр павінна быць хаця б адна своеасаблівая "кава без цукру" дзеля Езуса, якая ідзе з глыбіні сэрца. Ці сапраўды мы падыходзім бліжэй да Яго за гэты час? Гэта вельмі асабістая справа, скажаце вы, і будзеце мець рацыю. Справа зачыненых пакояў, глыбокай малітвы, прабывання побач з Тым, Хто з-за любові выбраў крыжовую смерць. Каб мы мелі жыццё... Напоўненае чым?.. Яшчэ ёсць час для асабістых пытанняў Укрыжаванаму.

28/03/2014

Малітва караля акрыляе народ

Калі зусім робіцца сумна, успамінаецца Вільня. Яе не так шмат у маім жыцці, але яна затое – з тых рэчаў, з якіх складаецца мой падмурак. У рэшце рэшт заўсёды да іх вяртаешся.

І сёння трапілі на вочы здымкі 8-гадовай даўніны. Марозны студзень, нашыя чырвоныя насы, блакітнае чыстае неба, Вострая брама, старыя вулічкі, утульныя кавярні...

І вось віленская катэдра. Капліца святога Казіміра.

25/03/2014

Звеставанне. Фрэска з львоўскага армянскага храма




Сёння яскрава ўспамінаецца гэтая фрэска са старадаўняй армянскай царквы ў Львове. Ніякія здымкі, канешне ж, не перадаюць таго ўражання, якое робіць сузіранне роспісаў сцен. Нават 3D-панарама.
Тонкія лініі, лёгкасць, глыбіня колераў, прыгажосць... Калі я там была, якраз каля алтара спяваў хор: гэта былі жанчыны ў чырвоных доўгіх сукенках, такія ж загадкавыя, як і сама царква.
Чым больш дэталяў я заўважала, тым даўжэй хацелася пабыць побач, асабліва чамусьці са "Звеставаннем". І незямны Анёл, і ціхая Марыя, і крыжовы шлях, у які ўжо вырушыў Хрыстос – усё адбываецца тут і зараз.

Фотография: Благовещение2

Калі будзеце ў Львове, абавязкова зайдзіце, іншыя роспісы таксама "трымаюць" пры сабе.
 Вось тут – нечый альбом фотаздымкаў.

І цытата:
"Розписи стін в стилі Модерн для Вірменського собору, в період з 1925 по 1929 рр., виконав художник Ян Генрик Розен. Він продемонстрував майстерне володіння рисунком та кольором. Вірменський архієпископ Юзеф Теодорович був персоною суперечливою, серед його рис були надзвичайна сміливість і харизматичність. Він замовив розписи цього собору, хоча й обдарованому, але зовсім невідомому на той час художникові-містику. У підсумку вийшло щось неймовірне. Фрески Розена стали, якщо не найціннішим елементом цієї споруди, то точно найефектнішим." Чытаць больш.

21/03/2014

Рэалізм

Ёсць такая байка, што адна жанчына прыйшла да святара і пытаецца:
– Якую мне пастанову ўзяць на Вялікі пост? Ад чаго мне, ойча, адмовіцца?
– Не абмаўляй нікога, – кажа той у адказ. – Хай будзе ў цябе пост на плёткі.
Разважала жанчына нядоўга:
– О, не. Гэта зацяжка. Лепш адмоўлюся ад шакаладу.

Гэта я не да таго, што мы пляткуем, як дыхаем. Тая жанчына хоць не зрабіла вялікія вочы: "Я? Абмаўляю? Што вы!"

Мне здаецца, падобная прапанова часта гучыць з вуснаў святароў. Цікава, хто-небудзь згадзіўся/згадзілася "падпісацца"? Гэта ж трэба яшчэ датрымаць...

20/03/2014

Будоўля на ўсе часы

Нездарма кажуць будаўнікам: "Памагай Бог!" Зычаць і іншым працоўным людзям гэтак жа, але ж калі гаворка пра будоўлю, многія пераканаліся ў праўдзівасці псальма: "Калі Пан не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго..." (Пс 127.1) А вельмі крыўдна дарма высільвацца. А вось калі Бог памагае...  Праца не робіцца лягчэйшай, і рукі баляць не менш, і на холадзе задубееш, і на сонцы спячэшся, але справа ладзіцца, і сэрца ціха спявае ўнутры. Будоўля ж сэрца чалавека пачынаецца з першым уздыхам і вядзецца ўсё жыццё.

Зараз многім ад навінаў адбірае мову. Як той казаў: "Думаў я, што гэта ўжо дно, але знізу пастукаліся"... Нібыта і хочаш нешта сказаць, а адчуваеш, што аднадумцы разумеюць без слоў, а тых, хто мяркуе інакш, не пераканаеш. На жаль, голас прапаганды грамчэйшы. Хочацца сказаць некаторым людзям, каб неяк берагліся расійскай афіцыйнай інтэрпрэтацыі падзеяў, бо гэтыя іхнія навіны і прамовы падобныя на камняпад. Свядома стаяць пад ім – шкодна для здароўя. Куды потым з параненай галавой? Пакінем прапагандыстам іх марную працу, не ў стане яны будаваць.

Застаюцца ж незаўважныя, нябачныя разбурэнні, раскіданыя камяні... Часам так карціць схапіцца за камень і шпурнуць у бліжняга, праўда? Словам вострым з інтанацыяй крыўднай замахнуцца так, каб дайшло, нарэшце... Але чакай, трэба успомніць пра прыстойнасць і захаваць чарговасць: "Хто з вас без граху, няхай першы кіне камень..."

Толькі Хрыстос можа камяні забраць з нашых рук.

Каб жа хутчэй настаў час збіраць і будаваць...

Не вязьніцы, якія рассыпяцца, а дамы, якія будуць імкнуцца ў вышыню...

18/03/2014

Утульнае мінулае, якое мы трымаем за гузік

Тата з гармонікам у кагосьці на вяселлі
Шэсць год таму мой бацька адыйшоў у вечнасць, але здаецца, што мінулі якія-небудзь гады два. Вядома, накрывае хваля ўспамінаў, і зноў – адчуванне страты. Справа нават не ў тым, што не цэнім людзей, пакуль яны жывыя, – святла і любові заўсёды не хапае. Сёння, калі мы робімся ваяўнічымі і разгубленымі адначасова, надыходзіць час успомніць нашых бацькоў і часы, у якія ім выпала жыць і верыць.

Свет змяняецца за апошнія дні вельмі імкліва. Цяжка нават вылучыць, чаго зараз больш: новых выклікаў, вяртання савецкай імперыі або праяўлення таго, што нікуды не знікала, проста мы не хацелі гэтага бачыць. Якія б выпрабаванні ні чакалі нас наперадзе, вера будзе выпрабоўвацца ў першую чаргу. Захаваем мы яе? Напрыклад, нам толькі "не рэкамендуюць" удзельнічаць у любых мітынгах, калі яны не праўладныя, і мы не ходзім. А калі б з'явіўся кіраўнічы наказ "не хадзіць" у храм? Альбо хадзіць у строга вызначаныя дні? І без дзяцей, і пад страхам "самі ведаеце чаго"?  Нашыя бацькі засталіся людзьмі веруючымі, а нашае "лайт"-хрысціянства можа і не вытрымаць. Добра, што вера – Божая ласка, а не наш высілак... Як і надзея, якой нам ужо не хапае (а ці просім мы Пана аб ёй?), як і дабрыня (дарэчы, а куды яна падзелася?...)

Я не магу ўявіць, што тата альбо ягоныя сябры бяруць ў рукі зброю, хоць, вядома, служылі ў войску. Добра ведаю, што ўмелі нікога не здрадзіць, не выдаць, умелі падтрымаць, застацца вернымі сваёму слову. Магчыма, зараз наша чарга даведацца, ці нашая вера і любоў змогуць вытрымаць цёмныя няўтульныя часы.

Мы яшчэ трымаем мінулае за гузік, бо там было цепла і спакойна, з коцікамі ў стужках сацыяльных сетак, з дробязямі і лянотай. Нібыта назаўтра прачнемся, а ўсё так, як было. Трэба гэта былое адпусціць і паглядзець у вочы цяперашняму часу і падумаць пра магчымае будучае. Спакойна. Божая воля на ўсё.

07/03/2014

Пра веру, боль і надзею

Снежань 2013. Капліца, якая ў лютым згарэла на Майдане
 З папярэдняга ўрыўка: "Калі пакутуе частка Цела, я таксама павінен адчуваць страту. Боль дасца ў знакі самотнасцю, адчаем, фізічнымі пакутамі, нянавісцю да сябе."

Калі верыць, што мы – часткі Хрыстовага Цела (а незалежна ад нашага стаўлення, так і ёсць), то спачуванне, узаемадапамога, салідарнасць паміж хрысціянамі павінны быць звычайнай з'явай, справай зразумелай і не патрабуючай нейкай асаблівай адзнакі. Часта так і ёсць. На самой справе, не так часта, як магло б быць.

Атрымліваецца, што мы пакліканыя перажываць чужы боль, як свой. Але ў жыцці мы ведаем, што за блізкіх і сяброў мы хвалюемся мацней, і да евангельскага братэрства яшчэ нам ісці і ісці. Але ўсё ж такі ад таго, што мы адмахнемся ад пакутаў незнаёмых людзей, створым сабе панцыр накшталт "самі вінаваты, палезлі куды не трэба", пачуццё страты не абміне нас... Магчыма, адсюль гэтае надакучлівае "нешта не так". Бо замест адгукнуцца, замыкаем сэрца, стараемся не думаць небяспечных думак, зберагаем камфорт.

Можа стварыцца ўражанне, што  можна патануць у болі і адчаі, перажываючы за ўсіх і ўсё. Але мне здаецца, гэта якраз-такі магчымасць стаць (ці застацца) чалавекам. Без Хрыста, Крыніцы надзеі, сапраўды змрок можа зрабіцца нязносным, апусцяцца рукі, але  – "Не бойцеся..."

Што найбольш уражвае ў стаўленні некаторых знаёмых да падзей ва Ўкраіне, – калі пачынаюць гаварыць, як дыктары дзяржаўных тэлеканалаў. Не заўважаюць, наколькі бязлітасныя іх прысуды...  Магчыма, мне проста пашчасціла мець сяброў і добрых знаёмых ва Ўкраіне і глядзець на падзеі іхнімі вачамі, пачынаючы з лістапада 2013-га. Кажуць, нельга нікому верыць, але гэта просты шлях у безнадзейнасць, а нам туды не трэба. Бог дае чалавеку магчымасць сустрэць людзей, якім можна давяраць. Менавіта яны без красамоўства, але ад сэрца, пішуць, гавораць пра свае перажыванні, якія адлюстроўваюць стан рэчаў лепш, чым любая афіцыйная інфармацыя. Дзякуй вам, Оленка, айцец Мікола, Леша і многія іншыя, адважныя і сапраўдныя...

Глядзець вачамі сяброў на пакуты Ўкраіны цяжка, таму што вельмі часта глядзець даводзіцца праз іхнія слёзы. І не прыдумалі такі "панцыр", каб гэтыя слёзы не сталі і тваімі,..

Сопричастность и сострадание

...Мы — Тело, а потому совершенно естественно Бог полагается на то, чтобы одни клетки восполняли нужды других. Нужные органы моего тела очень быстро откликаются на крик о помощи, издаваемый больной тканью. В Теле Христовом Дух поддерживает единство, взывая к соседним клеткам. Дух открывает наши глаза на человеческую нужду, подсказывает, когда нужно перенаправить ресурсы оттуда, где их много, туда, где их недостаточно.

Чтобы описать таинственные пути, которыми мы, клетки, собраны в Тело, Чарльз Уильямс использовал слово «сопричастность». Это слово звучит очень высокопарно, но на деле ответ на нужду соседней клетки может вылиться в совершенно прозаическое действие: поделиться едой, посочувствовать скорбящему, убраться в доме. После фонтанирующего Духа Пятидесятницы члены раннехристианской церкви почувствовали: им нужно Божье водительство в делах чисто практических: при помощи бедным, распределении «гуманитарной помощи».

Слова «друг друга» предполагают сотрудничество клеток. Они лейтмотивом проходят по всему Новому Завету. «Принимайте друг друга», — говорят нам, «служите друг другу». Нам надлежит исповедовать друг другу свои грехи, молиться друг за друга, прощать друг друга, учить и наставлять друг друга, утешать друг друга, носить бремена друг друга. И, конечно же, самую объемную заповедь оставил нам Иисус: «Любите друг друга, как Я возлюбил вас». Наше послушание и наша чуткость по отношению друг к другу являются теми точками взаимного соприкосновения, через которые проникает в нас Дух Божий. Это межклеточное взаимодействие — знак Его присутствия. Христос взращивает Свое Тело в мире, укрепляет Свое присутствие, благодаря Духу, Который служит для нас главной силой притяжения.

04/03/2014

Пачынаецца...

...Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.

Апошнім часам гэтыя тры радкі верша Яўгеніі Янішчыц часта прыходзяць у галаву. Чаму не ўвесь верш – такі чулы, гарачы, шчыры?.. Не ведаю, але з гэтых трох пачынаецца Вялікі пост.

Азірнемся ж назад: з чым прыйшлі? Што за цяжар нясём на плячах? Іншым можам сказаць, што крыж, а перад Богам? Бывае, што пустка прыцісне горш, чым выпрабаванні.

Вось гэтыя "сто дарог" – напэўна пачыналіся з любові, а ці захавалі мы ёй вернасць?.. Куды штурхала нас маладушнасць? За якімі міражамі мы гонімся з апошніх сіл? А сколькіх бліжніх самі сапхнулі з добрых шляхоў... Не тое каб яны перашкаджалі, але ж зайздрасць... Можа, горш, калі зусім не заўважылі? Суседзяў, блізкіх? І нават Паэта Рыгора Барадуліна, з якім развітваемся сёння? Не мелі часу. Ці цанілі сяброўства, любоў без карысці, хараство простых рэчаў? Што ж мы тады прыдбалі? Што растрэслі па дарозе? А прызначаны былі на што?

Бог вызначае людскія шляхі любоўю... Яны й пачынаюцца так, і доўжацца, і адраджаюцца – з любові. Кажуць, са страху людзі навяртаюцца. Дзе там! Бягуць па глухіх сцежках да якой-небудзь варажбіткі... Або спрабуюць адкупіцца: "Вазьмі, Пане, грашыма". Нашыя цвёрдыя каркі не возьмеш страхам, мы нават з болем прызвычаіліся жыць. Таму інакш пачынаецца пакаянне. Інакш пачыналася дарога дадому блуднага сына.

Хрыстос прыйшоў на зямлю і стаў Святлом на шляхах чалавецтва. Не дзесьці там далёка і даўно, але тут, у жыцці кожнага чалавека, сям'і, грамадства. Вялікі пост дае магчымасць разам з Езусам прайсці Ягонымі дарогамі – праз прыняцце рашэння, праз Крыжовы шлях, праз цішыню Голгофы аж да Уваскрасення – каб убачыць, зразумець, вымаліць адчуванне, як Бог любіць чалавека. "Адчуйце, нарэшце, сэрцам", – заклікае псальміста. І там, у сэрцы, прыняць рашэнне выправіць свае шляхі, нешта змяняць кожны дзень, патроху, з надзеяй на Бога, з любоўю, якая не стамляецца пачынаць усё нанова.

25/02/2014

Зямля, поўная талантаў

Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё”. Мц 25,24-25

"Слуга нягодны і лянівы!" Але ён, прынамсі, усведамляў, што атрымаў талант, багацце. Не захацеў асвоіць яго, не рызыкнуў карыстацца ім, не наважыўся памножыць яго. Спалоханы і пануры, чакаў, калі пазбудзецца гэтага цяжару (Вось, вазьмі сваё) перад незразумелым і жорсткім гаспадаром.

Многія з нас, калі б зараз запатрабаваў Пан рахунку, сказалі б іначай: "Пане, а чаго Ты спадзяваўся ад мяне? Ты ж нічога мне не даў! Ты не сеяў, не рассыпаў, умоў не стварыў, таленту пашкадаваў. Што я мог зрабіць?"

Нешта засляпляе нам вочы: ці то прагнасць, ці то зайздрасць, ці фальшывая сціпласць – нічога я не маю, абняць і пашкадаваць. Таксама, можа стацца, "справы Божыя" ўяўляюцца недасяжна вялікімі для нашых невялічкіх магчымасцяў. Тут бы выжыць, дзе ўжо больш...

Вяртаючыся да "жорсткага" гаспадара. Мне здаецца, у яго напэўна быў план для кожнага свайго слугі. Даючы вялікія дары, ён спадзяваўся, што чалавек зменіцца сам і зробіць нешта добрае для свету, памножыць дадзенае багацце з ахвотаю і радасцю, укладаючы ў гэты працэс сваю працу і сэрца. Гаспадар быў рэалістам, не надзяліў кожнага па-роўну, дасканала ведаў магчымасці, умовы і перашкоды. Але давяраў нават ляніваму.

Будзьма ж уважлівымі да Божых падарункаў. Каб не здарылася так, што спытаецца Пан: "Хто-небудзь ведае, што Я люблю цябе?", а мы даўно і глыбока закапалі гэты неверагодны дар, нікому не сказалі, стаміліся і зажурыліся-замаркоціліся, як ад цяжару...

19/02/2014

Як гэта працуе

Не маю абгрунтавання, але заўважаю, што ўсё часцей спраўджваецца: калі хочаш дапамагчы дальнім, зрабі штосьці добрае для бліжніх.

Так, можна гэты прынцып падвесці пад "Любі бліжняга свайго", так бы мовіць, скараціць. Яшчэ ёсць такое паняцце, як "ахвяраванне" – сваёй працы, свайго болю, высілку і малітвы за нейкую справу, у пэўнай патрэбе, за людзей...

Але зараз я маю на ўвазе адчай і трывогу, калі перажываеш за чалавека, які зараз далёка ад цябе, якому зараз кепска, а ты нічым дапамагчы не можаш.

Здавалася б – маліся, ахвяруйся. Толькі... Трывожная малітва вельмі нясталая, нават можна сказаць, сляпая, а нездарма любоў патрабуе дзеяння. Таму ад засяроджання на сваіх перажываннях, а часцей за ўсё, калі быць шчырымі, на сабе, трэба павярнуцца тварам да тых, хто побач. Магчыма, іх турботы і патрэбы здадуцца дробнымі ў параўнанні з глыбінёй трагедыі і вялізнай трывогай, але! Зрабі гэта з любоўю. Падымі і падай камусьці пальчатку ў тралейбусе. Выслухай уважліва. Накармі смачна. Усміхніся, дапамажы. Дзеясловаў – безліч, як і спосабаў выказаць любоў.

Проста часам мы баімся страціць гэтыя свае "высокія" пачуцці і перажыванні, нібыта праз іх мы робімся часткай жыцця тых, за каго хвалюемся. Не-а. З'яднаць нас можа толькі любоў. Неверагодна, але праз бліжніх і далёкім палягчэе. Спрабуйце.

09/02/2014

Не перайначвай цытаты

Шукаючы ў сеціве, хто сказаў вядомае: "Працуй так, нібыта ўсё залежыць ад цябе і спадзявайся на Бога, калі ж усё задежыць ад Яго", вельмі здзівілася, прачытаўшы, што мы часта карыстаемся перайначаным выказваннем айца Хэвэнэсі з XVIII ст. А напісаў ён наступнае:
"Спадзявайся на Бога, быццам бы поспех цалкам і поўнасцю залежыў ад цябе, а не ад Бога, пры гэтым, так прыкладай намаганні, быццам бы не ты, але толькі адзін Бог здзяйсняе ўсё".

Далей знойдзеная тут цытата без перакладу:

"Уповай на Бога, как если бы успех целиком и полностью зависел от тебя, а не от Бога, при этом, так прилагая усилия, будто бы не ты, но лишь один Бог совершает все". (о. Хевенеси, XVIII век).

Поначалу оно (это высказывание) может привести читателя в замешательство. Ему непроизвольно захочется перевернуть все с головы на ноги: "Уповай на Бога так, как если бы все зависело от Него, а не от тебя..." Эти слова неоднократно пытались соответствующим образом изменить, однако в результате они становились банальностью. Первоначальная формулировка считается сегодня исконно игнатиевской. В чем же смысл этого парадоксального выражения?
Упование на Бога и деятельность человека представляет собой единое целое. Одно требует другого и пронизывает его. Деятельность человека – это сотрудничество с Богом. Однако необходимо сознавать, что, несмотря на отношения сотрудничества, все совершает Бог. И при всем уповании на Бога нельзя забывать о том, что сам человек должен принимать участие в трудах Божьих. Возможно, сегодня это выражение можно было бы перефразировать так "Уповай на Бога, но ни на минуту не забывай о сотрудничестве, которого требует от тебя это упование. Трудись таким образом, чтобы вся деятельность была исполнена знанием и всемогуществом Божьим. У Бога есть только твои руки, чтобы преобразовать землю. Однако, в конце концов, все зависит от Его благодати. Согласно Игнатию, уповающий на Бога всей душой может и должен использовать все средства, служащие к достижению благой цели. Но при этом он должен уповать не на эти средства, а на одного Бога".

06/02/2014

Выратавальныя ўцёкі


 

Цяжка выпраўляцца ў дарогу, калі не ведаеш, дзе яна скончыцца. З абжытага месца, з прыемнага кола знаёмых рэчаў, адрываючыся ад людзей, з якімі паспеў пасябраваць, Цяжка паверыць, што трэба ўцякаць, калі навокал усё выглядае бяспечным. І людзі, як людзі, і ціхія зоркі, і ласкавае сонца, і хлеба хапае...

Кожнаму чалавеку ў момант небяспекі Бог дае розныя знакі, індывідуальна дабраныя і досыць адназначныя. Часцей за ўсё, яны паўтараюцца. Святому Юзафу быў сон: "Бяры Дзіця і Маці Яго і ўцякай". Папярэджанне праз сон, якое "спрацавала" добра адзін раз, паўтараецца зноў. І яму, сумленнаму чалавеку, які стараўся жыць з Богам праўдзіва і шчыра, хапіла гэтага знаку.

Ці хацелася Юзафу з Марыяй развітацца з сябрамі? Памарудзіць? З якімі думкамі ім прыйшлося звіваць гэтую ўтульнасць і свой жаль у валізкі? Мы ведаем толькі, што яны пакінулі Бэтлеем так хутка, як толькі змаглі. Евангелле гаворыць, што ў тую ж ноч. На англійскай мове ўцёкі ў Егіпет – "Flight into Egypt". Яны не проста ехалі, яны ляцелі, не чуючы пад сабой ног. Спадзяванне на Бога і ўласная самаахвярнасць акрылялі іх.

"Бярыце прыклад са Святой Сям'і", часта чуем мы ў касцеле. Але што ж стала з нашай гатоўнасцю? А з нашай успрымальнасцю да Божай волі? "Так – так, не – не", аказваецца, вельмі няпростым вымаганнем... Мы спім далей, мы марудзім нават тады, калі пагражае сур'ёзная небяспека. Курсы валют мы адсочваем вельмі чуйна, а што адбываецца з душой, не заўважаем увогуле. Так, нейкія цмяныя знакі, невядома што...

Каб ад Святой Сям'і навучыцца, трэба выправіцца разам, падзяліць з уцекачамі горыч пераследавання, стому, нястачу. Каб навучыцца слухаць і давяраць, трэба наважыцца падыйсці бліжэй. Дапамагаючы ім, знойдзем сябе. Бо пакуль ты разважаеш аб даверы да Бога, яны давераць табе паднесці Дзіця ў дарозе.

Калі маленькі Езус будзе спаць, ты будзеш ісці асярожна і ціха, нягледзячы на збітыя аб камяні ногі. Зусім не такі Ён лёгкі, які здаецца. (Святы Крыштаф, дарэчы, пацвердзіць). Але, сапраўды, што ж будзе, калі Ён прачнецца? Ведаеш, як малыя дзеці глядзяць дарослым у вочы – душу пранікаюць да дна... Не бойся, потым Ён усміхнецца.