31/12/2013

Абяцанкі і нечаканкі

Абяцанкі на Новы год звычайна даюць дарослыя, а прыемных нечаканак спадзяюцца дзеці. А можа наадварот: Новы год абяцае дзецям падарункі, а дарослыя фармулююць жаданні, якія павінны нечакана пазбывацца ў наступным годзе.

Сёння папа Францішак заклікае "зачэрпнуць з ясляў глыбокую радасць і супакой, што Езус прыносіць свету". Ці не гэтага мы так жадаем сабе і іншым? Але пачынаем толькі бегчы і завіхацца хутчэй, замест таго, каб прыйсці і зачэрпнуць. Парадокс.

Божае абяцанне споўнілася. Плён яго – шматкротны і незлічоны. Дзякуючы за год мінулы, шчыра прыгледземся за нашых дасягненняў, выпрабуем нашыя абяцанні і падарункі – куды яны вядуць? Да глыбокай радасці ці павярхоўнай? Ці прыносяць сэрцу супакой? Не ўспомню зараз, хто, мудра напісаў: "Супакой свету пачынаецца ў тваім сэрцы".

Няхай жа пачынаецца з Новым годам супакой, сапраўдная радасць, дабро і зразуменне!
Мае шчырыя віншаванні!

29/12/2013

Пра веру і сям'ю




З энцыклікі LUMEN FIDEI Сятога Айца Францішка:

Вера і сям'я

52. Пасланне да Габрэяў, калі кажа пра вандроўку Абрагама да будучага горада, згадвае пра благаслаўленне, якое перадавалася ад бацькоў дзецям (пар. 11, 20-21).
Першым асяродкам, у якім вера асвятляе горад людзей, з’яўляецца сям’я. Асабліва маю на ўвазе трывалы саюз мужчыны і жанчыны ў сужэнстве.
Узнікае ён
   з іх любові, якая ёсць знакам і прысутнасцю Божай любові, 
   з прызнання і прыняцця дабра сэксуальнай розніцы, праз што сужэнцы могуць стаць адным целам (пар. Быц 2, 24) i нарадзіць новае жыццё, што з’яўляецца праяўленнем дабрыні Стварыцеля, Яго мудрасці і Яго плану любові. 
Абапіраючыся на гэтую любоў, мужчына і жанчына могуць абяцаць сабе ўзаемную любоў у жэсце, які ахоплівае ўсё жыццё і нагадвае вельмі шмат рыс веры. Абяцанне любові назаўсёды становіцца магчымым, калі мы адкрываем большы за нашыя праекты план, які нас падтрымлівае i дазваляе нам ахвяраваць каханай асобе ўсю будучыню.
Вера дапамагае таксама зразумець усю глыбіню і багацце нараджэння дзяцей і дапамагае нам прызнаць у ім стваральную любоў, якая дае і даручае нам таямніцу новай асобы. Сара менавіта дзякуючы сваёй веры стала маці, разлічваючы на вернасць Бога Яго абяцанню (пар. Гбр 11, 11).

53. У сям’і вера суправаджае ўсе перыяды жыцця, пачынаючы з дзяцінства: дзеці вучацца спадзявацца на любоў сваіх бацькоў. Таму важна, каб бацькі клапаціліся пра супольнае практыкаванне веры ў сям’і, спадарожнічалі дзецям на шляху сталення веры.
Асабліва моладзь, якая перажывае такі складаны, насычаны і важны для веры перыяд жыцця, павінна адчуваць блізкасць і клопат сям’і і касцёльнай супольнасці на сваім шляху сталення ў веры. Мы ўсе бачылі, што падчас Сусветных Дзён моладзі маладыя людзі выказваюць радасць веры, абавязваюцца жыць паводле веры штораз больш трывала і больш велікадушна. Моладзь прагне вялікага жыцця. Сустрэча з Хрыстом, дазвол, каб нас падхапіла і вяла Яго любоў, пашырае гарызонт жыцця, дае моцную надзею, якая не падмане.

Вера – гэта не ўцёкі для малаадважных людзей, але пашырэнне прасторы жыцця. Яна дазваляе адкрыць вялікі заклік, пакліканне да любові, і дае ўпэўненасць, што гэтая любоў вартая даверу, што варта ёй даверыцца, бо яе фундаментам з’яўляецца вернасць Бога, якая мацней за ўсе нашыя слабасці.

---------------------

"...трывалы саюз мужчыны і жанчыны ў сужэнстве ...узнікае з іх любові, якая ёсць знакам і прысутнасцю Божай любові..." 

Сапраўды, калі маладыя людзі сустракаюцца, і нават прызнаюцца адно аднаму ў каханні, яны часта задаюцца пытаннем – што паміж намі: закаханасць ці глыбокае пачуццё? Як не памыліцца? 
А аказваецца, што трэба "проста" ўмець распазнаваць знакі Божай прысутнасці. Бо калі яна ёсць, можна будаваць далей, можна абяцаць сабе ўзаемную любоў, можна застацца "трывалым саюзам мужчыны і жанчыны", а не саюзам жанчыны і дзяцей, мужчыны і ягоных сяброў, жанчыны і кар'еры і г.д.

"...фундаментам з’яўляецца вернасць Бога, якая мацней за ўсе нашыя слабасці." Таму Божая прысутнасць, Божая любоў не выветрыцца, колькі б год не праляцела над сям'ёй і колькі б горычы не спазналі мужчына і жанчына.

Вера пашырае прастору жыцця... Жыцця ўласнага і жыцця іншага чалавека, калі ж мы ўсе звязаныя нябачнымі ніткамі. Сям'я як пакліканне да любові і даверу – сапраўды, адкрываюцца бясконцыя гарызонты.

26/12/2013

Майдан. Неба над і неба побач

У панядзелак 23-га – ненаўмысна, але з аказіяй – паўдня прабыла на кіеўскім майдане Незалежнасці. А на нешматлікіх здымках, па большай частцы, неба – над плошчай, над Дняпром, над вакзалам. А ва ўспамінах – шчырасць і вольнасць. Калі падыходзіш да майдана, бачыш барыкады. Ствараецца ўражанне, што людзі ўзвялі агароджу ад усяго свету. Але насамрэч, уваход і выхад вольны, і менавіта ўнутры існуе прастора, дзе няма межаў і муроў паміж людзьмі, дзе прысутнасць чалавека і ёсць праверкай на сапраўднасць. Чаму ты тут стаіш? Чаго ты хочаш? Навошта? За каго, за якую будучыню? Што далей? І адказы патрабуюць ад кожнага чалавека шчырасці. І ад тых, хто прыехаў ненадоўга здалёк, і ад сталых удзельнікаў. І ад святароў таксама. Пад самай стэлай стаіць грэка-каталіцкая капліца-намёт. Унутры – прыцемак. Пад нагамі – бетонныя пліты майдана. Крыж, стол, некалькі іконаў са свечкамі пад імі, печка-буржуйка. Хрыстос і Маці Божая ў дрыготкім святле. І святары, сёстры, звычайныя веруючыя, якія на галасы спяваюць малебны. На фоне прамоў, што гучаць са сцэны, тут – ціхае "Маці, ты ведаеш нашае гора..." Побач, так блізка...

21/12/2013

Няпоўныя шклянкі

Пра няпоўныя вочы ўсе ведаюць, што гэта дрэнна, таму што чалавек з такімі вачмі ўсім і ўсяму зайздросціць. Але са шклянкамі – іншая гісторыя. Яе таксама многія чулі. Чалавек, напоўнены самім сабой даверху, падобны на шклянку з вадой, у якую Бог не можа дадаць ані кроплі. Таму "хрысціянін – гэта пустая шклянка", г.зн. той, хто чакае ўсяго ад Бога.

Тады што насамрэч значаць нашы падзенні? Ці не аказія яны для таго, каб пазбыцца эгаізму, якім мы напоўнілі сябе? Часам дастаткова стаць на калені перад Панам, каб ганарлівасць адпусціла душу. А бывае, апамятаешся толькі лежачы на зямлі пасля балючага падзення. Кожны раз – гэта шанец не хадзіць па замкнутым коле, але прыйсці са сваёй пусткай да Таго, Хто можа яе запоўніць Сабой.

15/12/2013

Не сядзі

не сядзі ў фатэлі
склаўшы рукі
чакаючы
невядома на што
калі хочаш
споўніць мары
мусіш зрабіць гэта сёння
заўтра няпэўнае
можа не стацца
ці пайсці бокам
зусім іншым шляхам
у другую хату
тваё толькі сёння
трывае хвіліну
неспадзявана
адыйдзе бясследна
калі ўжо пойдзе
яго не дагоніш
бо ўсе сляды
хавае дакладна
ніхто да яго
не пакажа дарогі

маеш толькі сёння
што трывае хвіліну

той жыў сапраўдна
хто не прадаў мары

кс.Вацлаў Бурыла

06/12/2013

Дзіцячае супер-пытанне

Усе ведаюць, якое гэта пытанне? Лёгка здагадацца: гэта пытанне называецца "Чаму?" Дарослым таксама нельга пра яго забывацца.
Учора перад сном. Казка прачытана, святло выключана. Віталік (4,5 гады):
– А можна "Купалінку"?
– Можна.
Ціха спяваю "Купалінку".
– А чаму песня такая сумная?
– Так, сумная. Людзі такую злажылі калісьці даўным-даўно.
Хвіліна маўчання.
– А-а. Напэўна таму, што нехта застаўся адзін у садочку... Яго не забралі, а ўжо цёмна... І кветка рукі коліць. Ведаеш, ёсць такія кветкі, што толькі падсунеш палец, а яна "гам" і ўсё?
– Не, не ведаю.
– Ёсць-ёсць. Вось і сумная песня...

Так, панове, задавайцеся пытаннямі, шукайце адказы, разважайце, наколькі дазваляюць межы вашага разумення. І здзіўляйце сваіх жанчын :)