21/11/2018

Размова



Часта людзі называюць размовай простую перадачу інфармацыі. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі, асабліва электронным, можна цэлы дзень правесці ў такіх “размовах” і не сказаць ніводнага жывога слова. З розным поспехам мы нечым запаўняем гэтую пустку, але ці сапраўднымі сустрэчамі, адносінамі, сяброўствам? Туга не дае спыніць гэты пошук, які, калі будзе шчыры і трывалы, прывядзе да Суразмоўцы, якога прагне душа. Горш, калі чалавек вырашае заглушыць гэты незразумелы, у пэўнай мэры, балючы покліч, адвярнуцца ад запрашэння на Сустрэчу.

04/11/2018

Каб бачыць



Калі Езус выходзіў з Ерыхона
са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам,
Бартымэй, сын Тымэя,
сляпы жабрак,
сядзеў ля дарогі. 
(Мк 10,46)

Гэты ўрывак можна чытаць, як верш, глядзець, як фільм, перажываць, як раман аб трагедыі і выратаванні. Тымчасам, апыніся мы там, на ерыхонскай дарозе, якая верагоднасць таго, што ўвогуле звярнулі б увагу на сляпога жабрака? Ці прыйшло б у галаву спыніцца, уяўляючы, як гэта – страціць зрок? Як ён жыве ў цемры, поўнай небяспек і пагроз, у няпэўнасці і галечы? Здавалася б, можна падыйсці бліжэй, пільна паўглядацца, не баючыся праніклівага позірку ў адказ. Ды толькі цяжка пазбавіцца ад уражання, што ён чуе не толькі гукі, але і думкі, і ведае свет намнога лепей за нас, відушчых, якія альбо стараюцца не глядзець у ягоны бок, альбо хутчэй кінуць дробны грош і адыйсціся.