28/08/2013

Званы і званочкі

У мінулы панядзелак мы з малодшым сынам Віталікам назіралі, як б'юць званы падчас Эўхарыстычнай працэсіі вакол Ашмянскага касцёла. Прайсці за Хрыстом у Найсвяцейшым Сакраманце мы ўжо паспелі і, задраўшы галовы (а Віталік – яшчэ і заткнуўшы вушы), глядзелі на высокія вежы, дзе электрычная сіла прыводзіла ў рух тры цяжкія званы. Можа, не самыя вялікія ў свеце, але вельмі гучныя. Была радасная парафіяльная ўрачыстасць: свята Маці Божай Чэнстахоўскай, абраз якой ужо каля 100 год прысутнічае ў касцеле.

Б'юць званы, калі здарылася, адбываецца ці мае адбыцца нешта важнае. Як заклік, як напамін, як запрашэнне. Нібы голас сэрца, узмоцнены стакротна. Ён выражае не толькі нашу радасць і праслаўленне, ён адчыняе вочы на надзею. Ён павінен не супакойваць, але абуджаць, не дазваляць забыцца пра Бога і Ягоны голас, які кліча чалавека.

22/08/2013

Марыі Панне Каралеве – Апэль Марыйны

"У Дзень Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы 22.08.13. (чацвер) у 21:00 па беларускім часе ў краіне і па ўсім свеце абвешчаны сімвалічны пачатак рэгулярнай (штовечары ў 21:00) супольнай малітвы Народу беларускага. Дзе б хто ў той самы час ня быў, ён ведае і радасны з таго, што зараз нехта іншы так сама ў духоўнай лучнасці чувае пры Матцы — «два ці тры» з нас, зямных пілігрымаў — схіляемся прад Хрыстом на руцэ Беззаганнай, просячы Яго праз Яе ў тае-ж інтэнцыі. І Ён чуе. І Яму не абыякава.

Найпрасцейшая з формаў нашага заангажавання — любая, як заўгодна вольная ці рытуалізаваная, малітоўная дзейнасць у блізкай да ніжэй пададзенай інтэнцыі, якая — ў супольнай духоўнай лучнасці — прымяркоўваецца да 21-й гадзіны па беларускім часе. "

Чытаць далей: інтэнцыі, намеры, прыклады і тлумачэнні на catholic-by.livejournal.com

14/08/2013

14 жніўня

Як застацца чалавекам у нечалавечых умовах?

Прыклад для наследвання, заступнік і апякун тых, хто шукае адказу, – айцец-францішканін Максімільян Марыя Кольбэ, чалавек, які стаў святым у канцлагеры Аушвіц, 1941-08-14.


Рыма-каталіцкая парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ. Святы Максімільян М. Кольбэ

Rycerz Niepokalanej 

Wikipedia: Кольбе, Максимилиан,
Покровитель заключённых, журналистов, наркозависимых, семьи́.

in the Franciscan church in Szombathely, Hungary


13/08/2013

Гавары, а я паслухаю

У аўтобус, што вёз мяне ў капліцу, зайшлі дзве жанчыны. Можна было здагадацца, што яны добрыя знаёмыя. Селі побач і працягвалі сваю гаворку. Праўда, адна з іх амаль увесь час толькі слухала і згодна ківала галавой, або задавала кароткія ўдакладняючыя пытанні. Другая ж без перапыку апавядала, як учора ў цэнтры горада доўга шукала малавядомую вулічку. Моцным голасам, у падрабязнасцях і асобах, кожны свой крок... На адным з прыпынкаў яе маўклівая сяброўка міла развіталася і выйшла.

Нібыта ўсталявалася цішыня, але заставалася адчуванне, што жанчына працягвае гаварыць, толькі ўжо маўчком, пра сябе. Унутраны аповед, не менш голасны, чым знешні, гучаў у паветры.

Здавалася б, замоўкнуць лёгка: закрыў рот – і цішыня. Але маналог не спыняецца. Увага застаецца падзеленай паміж тым, што (ці каго) стараешся пачуць, і сваімі думкамі, пачуццямі, жаданнямі... Пра ўменне сціхнуць і прыслухацца выпрацаваны тэхнікі, выдадзены кнігі. Толькі пакуль сам навуку не пражывеш, толкам нічога не зразумееш.

Расказваць і дзяліцца – добрая рэч, асабліва як застаецца час на ўважлівае пытанне: "А што ты (Ты) думаеш пра гэта?" І не падказваць адказы! Асабліва Найвышэйшаму.

Як сёння сказаў мне адзін сябра: "Ты не зразумела мяне, бо перабіла і не дала дагаварыць"...

11/08/2013

Друкуй альбо сыходзь?

Напэўна, усе ведаюць анекдот пра чалавека, які хваліўся, што падмануў кантралёра.
–  А як ты яго падмануў?
– Купіў квіток і не паехаў.

Так, часам, людзі падманваюць і сацыяльныя сеткі: прыдумаюць допіс і не надрукуюць. На першы погляд, смеху варта – ну, і каго ты падмануў? Каму горш зрабіў, і каго хвалюе твой "падман"? Мяркуючы па тым, як сацсеткі, форумы (і ўвогуле вэб 2.0) удасканальваюць і спрашчаюць публікацыю думак, каментароў і заўваг карыстальнікаў, то менавіта сеціўныя рэсурсы гэта і хвалюе. Раскажы, дзе ты, што маеш на думцы, што адбываецца і як гэта выглядае, што ты робіш і што будзеш рабіць... Прачытай, што  (як, дзе і з кім) іншыя людзі. Напішы каментар і вярніся, каб прачытаць. Даўно заўважылі, што той, хто каментуе, вяртаецца на месца "злачынства" :)

І ўсё ж шмат людзей думаюць і не друкуюць. Я таксама, і сярод тых першых, і сярод гэтых другіх. Ці гэта адназначна добра? Таксама ёсць пытанні... Калі справа вартая таго, каб выказацца на баку дабра, абараніць іншага чалавека, праславіць Бога, карацей кажучы, то маўчанне выглядае маладушнасцю. І зноў жа – што ў сэрцы таго, хто гаворыць ці маўчыць?

Сёння мне сустрэліся 2 цытаты, якія ўносяць больш яснасці ў гэтую справу, хоць напісаны былі зусім пра іншае. Першая – айца Аркадзя Куляхі OCD у адказе на пытанне на catholicnews.by:

"На вартасць чалавечага чыну паказваюць тры элементы: прадмет, мэта і акалічнасці. Ёсць учынкі па прадмеце добрыя, злыя і нейтральныя. Іх маральную вартасць могуць змяніць як мэта, так і акалічнасці. Напрыклад дапамога бліжняму – па прадмеце добры чын, аднак яго вартасць можа зменшыць або знішчыць жаданне паказацца ці спадабацца якойсці асобе, каб пазней яе выкарыстаць. Падобным чынам можна паглядзець на малітву. Сам Езус асудзіў пабожныя чыны крывадушнікаў, якія іх выконвалі, каб паказацца людзям."

Святая Тэрэса ад Дзіцяткі Езус:

"У нашых учынках важнай з'яўляецца не іх аб'ектыўная вартасць, ці яўная святасць, а толькі любоў, якую мы ў іх укладваем.
Самы маленькі ўчынак, найбольш укрыты, але народжаны любоўю, часта атрымлівае большую ўзнагароду, чым вялікія здзяйсненні.
Будзем старацца толькі любіць."

08/08/2013

Не


“Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта ”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не”.
Нам, калі мы слугі Пана, павінна было б хапіць гэтага простага "Не". Але нават пасля міласэрнага тлумачэння "каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы", мы сунемся да бліжніх і дальніх, каб прапалоць іх душы ад пустазелля... Трывала, заўзята і чуйна гатовы выкараняць і паляпшаць. Вядома, на чужым полі – больш ахвотна, чым на сваім.

Наконт свайго поля мы спадзяемся на Езусава "Не". На Ягоную руку, што захавае нас ад нязваных "аграномаў", што йдуць на праполку.

Хрыстовае "Не" справядлівае для кожнага чалавека. Не чапайце Валадарства Божага ў чужым і ў сваім сэрцы. Яшчэ не пара. Не забывайцеся, Хто – Гаспадар. Для пшаніцы на гэтай зямлі яшчэ  час сонца, дажджу і ветру, блакіту і зор, цяпла і жыцця, – усё задарма, усё дзеля росту, дзеля плёну.

А рукі слушна просяць працы, і найлепшае, што можна рабіць – падрыхтаваць раллю для Сейбіта, хоць не ведаем дакладна, калі Ён выйдзе сеяць. Карчаваць свой цемны лес, раўняць яміны-недахопы, вызваляць поле ад камянёў-крыўдаў, рабіць цвёрдую зямлю лагоднай і мяккай...

І паважаць іншага чалавека, бо і ягоны шлях – пошук, праца і змаганне. Можна ж ісці разам і ў душу не лезьці. Насіць цяжары адно аднаму і не хадзіць па пятах, каб выцягнуць бервяно з чужых вачэй. Разумець пад аднымі і тымі ж словамі розныя рэчы і не пабіцца насмерць за адценні сэнсу.

Кожны каласок палічаны, кожнае зярнятка – каштоўнасць.