14/08/2014

Падтрымка непатрэбнага

І вось адбыўся пералёт за межы Мінска. Ляскоўка – ціхая вёска (прынамсі, пакуль што). Пераехаць аказалася намнога працей, чым пазбыцца непатрэбных рэчаў. Выкідаеш адзін вялікі пакунак – здзіўляешся, як шмат. Потым незаўважна ладуецца яшчэ адзін, і яшчэ адзін. І ты ўжо з ціхім жахам думаеш: "А навошта я столькі часу жыла са смеццем у хаце?"

Справа нават не ў тым, што ніхто не падказвае, калі і што выкідаць. Нейкі ж здаровы сэнс есць у кожнага чалавека, ідэя прыбірання перад вялікімі святамі таксама не новая. Справа ў адкладанні і ў ляноце. Ніхто, акрамя цябе, не возьме кожную рэч у рукі і не вырашыць: выкінуць ці пакінуць. Ну, магчыма, толькі тады, калі ты ўжо не здолееш сам гэта  вырашаць. Працей за ўсё – запхнуць у скрыню пад умоўнай назвай "а можа яшчэ спатрэбіцца калі-небудзь". Потым месца ў адной скрыні канчаецца, і ты заводзіш яшчэ адну. І даглядаеш, каб вакол гэтага смецця было чыста і суха, каб не сапсаваць ...непатрэбнае.

Так што "глыбокае" прыбіранне – не заўсёды азначае марнаванне часу. Каб не апынуцца сярод сметніка, трэба рэгулярна ад лішняга пазбаўляцца, а не ствараць для яго ідэальныя ўмовы. Вядома, усё вышэй сказанае не датычыцца антыкварыяту і таму падобных рэчаў, дарагіх, перш за ўсё, сэрцу...

06/08/2014

Ціхі ветрык

Аўтар  BeatAltenbach SJ
 "Выйдзі і стань на гары перад Панам..." 1 Вал 19, 9а. 11–13а
А навошта мне пакідаць сваю пячору? Можа, я да яе ўжо прызвычаілася і не згадваю нават, што такога запудзіла мяне ў гэтую ракавінку. І што прымусіць мяне выйсці? Моцны вецер? Землятрус? Агонь? Не. Ціхі ветрык любові, які спагадліва абдымае навокал і лагодзіць кожны боль. Тады можна выйсці, прабываць і слухаць...

Толькі па ціхім ветрыку можна ўзняцца вышэй у неба. Па-птушынаму зрабіць адно кола, потым яшчэ, па спіралі вышэй і вышэй. Моцны вецер не будзе чакаць, пакуль ты раздумаешся і будзеш павольна ўзбівацца ўверх. Сядзі, дзе сядзіш, або ляці, зацяўшыся, да наступнай схованкі.

Лагодны ветрык пакідае рэчы такімі, якія яны ёсць. Не пераносіць будынкі, не вырывае з каранямі дрэвы, не сыпле пяском у вочы. Ён дорыць прахалоду ў спёку, калыхае галінкі, дапамагае дрэвам гаманіць між сабой і няспешна выказаць усё, што ёсць на душы.

Ціхі вецер не раздзьмухае пажар, каб выпаліць агнём эмоцый сэрца, пакінуўшы папялішча. Неўзабаве за спагадай пачнецца выратавальны дождж. Напэўна, ён крыху салёны, як слёзы, але будзе смакаваць, як шчасце.