18/04/2012

Агонь

Вочы людзей глядзяць на агонь… Ён адбіваецца ў іх тысячы год, адзін і той самы, а яны не стамляюцца ўзірацца ў яго і нават сумуюць, шукаюць сустрэчы з ім, ціхім паслухмяным полымем на паленнях дроў. Нібыта, прыручылі яго…

Я расла ў простай вясковай хаце, дзе трэба паліць печку большую частку года, каб было цёпла. Агонь і цяпло былі непарыўна звязаны. А зараз маім дзецям дзіўна і цікава глядзець, як гараць дровы, як успыхваюць і гаснуць кінутыя імі паперкі. Чаму паленцы становяцца вугалькамі, куды знікае агонь і чаму потым чорна ў печцы і нельга кідаць зноў паперу? Але хутка забываюцца на ўсе свае пытанні і бягуць па сваіх справах. “Дзеці ўвесь час гойсаюць, бо хацелі б лётаць” (з верша Яна Твардоўскага). А я ў гэтыя рэдкія зімовыя прыезды сяджу і ўглядаюся ў агонь праз напаўадчыненыя дзверцы. Такая ўжо ў нас печка, што ўсё павінна быць адчынена напалову: юшка, дзверы, паддувала. Дровы гараць ціха і разважна, ўгараюцца, чырванеюць і зноў чарнеюць, становячыся вугалькамі і попелам.
Я ўзгадваю сваё жыццё тут, перавітае зімамі каля гэтай печкі. Увогуле, паліць яе была татава работа. І ягоны светлы вобраз - на гэтым зэдлічку, з водблескамі полымя на твары - паўстае адразу перад вачыма…

Школьнiцай я любіла сама “кіраваць працэсам”. Трэба было прынесці дроў, удала іх скласці, дадаўшы пару смалячковых трэсачак, каб лепш угарэлася, і потым назіраць, каб гарэлі роўна. Своечасова падкладаць і зачыніць юшку не раней і не пазней, як дагарыць апошняя галавешка. Добра было глядзець на агонь і думаць аб розных рэчах, нешта сабе вырашаць, дзівіцца, што такія розныя паленні стануць урэшце тым самым попелам…

Агонь падаецца такім нячутным, нават ласкавым да дроў. Так лёгка перабягае з аднаго канца на другі, робіць іх чароўна прыгожымі ў вогненным ззянні – і пакідае іх чарнець, атрымаўшы нешта новае на спажыву. Так, бывае, вада пакрысе зменіць аблічча валуна, а лагодны ветрык спакваля паверне галіны дрэва ў іншы бок… Стыхійныя ж з’явы змяняюць, руйнуючы…

У гэтай печцы калісьці згарэлі лісты хлопчыкаў, якія мне пісалі. Хто з войска, хто так. Дарагое сэрцу – не пыльным каробкам ці чужым вачам, а вагню, вырашыла я. Мабыць, якраз начыталася Булгакава. На іншым вогнішчы прыкладна ў тым самым часе згарэлі і ўсе дзіцяча-юнацкія дзённікі, і пакуль што няма шкадавання. Сапраўднае не забудзецца і выстаіцца ў добрае віно, а лішняе хай размятае вецер часу.

І кожны дзень зараз мама паліць печку ў хаце, з якой я збегла ў горад і не думаю вяртацца. “Як лёгка адрачыся і як цяжка страціць…” – сумна казаў той жа мудры паэт. І стратам гэтым – яшчэ толькі пачатак…

No comments:

Post a Comment