22/10/2018

Не бойся, верабейка

Як добра адчувае Езус наш страх за ўласнае цела. Мы баімся нават усяго, што нагадвае аб нашым прамінанні на гэтай зямлі: маршчын, сівізны, слабіны ў руках; што ўжо казаць аб рэальнай пагрозе жыццю. Чаму мы павінны выбіраць штосьці іншае, чым ратаванне сябе, патуранне сабе? 

“Не бойцеся тых, хто забівае цела,” – кажа Езус (Лк 12, 4). Пільнавацца ж трэба таго, ці не пагражае душы небяспека. Можа пакрысе мы ўжо згадзіліся ненадоўга забыцца пра сваё хрысціянства за нейкія даброты, крышку камфорта, трошкі прызнання? Хто там сказаў, што за ўсё трэба плаціць? Не, толькі трохі пакрывіць душой раз-другі. Ніхто звонку і не згледзіць. Часам, можа, давядзецца адсунуць бліжняга з дарогі, можа, нават сілай сапхнуць, калі не саступіць… Хвіліначку, ці не надта кароткі крок да мяжы, якую й не думаў пераходзіць? “Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мц 16, 26)

Але баімся мы ўсё ж за цела, і здаецца, гэта нават крыху весяліць Езуса. Бо Ён пераводзіць наш спалоханы позірк на вераб’ёў і прапануе ўявіць, як Бог падлічвае валасы на галовах, хоць аб тым ніхто не здагадваецца. Прыслухайцеся, можа, якраз зараз – нашыя?..

17/10/2018

Пакуль і пасля

"Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць..." (Лк 11,9). Не чакаючы, пакуль народ – хаця лепей казаць за сябе –  пакуль я збяруся ўся цалкам, засяроджуся, пакіну лішнія згрызоты, стану дасканалай і гэтак далей, Езус пачынае гаварыць. Ён ідзе, як некалі Ена, вуліцамі і плошчамі, абвяшчаючы, заклікаючы, ацаляючы. Гэта пасля Яго слоў я "збіраюся" ў цэлае з асобных кавалкаў, пасля Яго закліку я пачынаю верыць у Добрую Вестку аб Божай Любові, пасля сустрэчы з Ім я загараюся жаданнем не губляць Яго ні за якія багацці свету. Пакуль я толькі збіраюся, патанаючы яшчэ ў сваіх звыклых мітуслівых думках, няспынна крочыць Слова, як маленькая іскра, як сонечны промень лагодна і нячутна; ды так "прапальваючы" сабе дарогу, так асвятляючы цёмныя сутарэнні сэрца, што ўжо нельга сказаць, што не чула той голас "Вярніся і вер".

Заўвагі не для ўсіх

Зрэшты, больш трапна выказаўся кніжнік, калі сказаў Езусу: "Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас" (Лк 11, 45). Сапраўды, хіба ж гэта проста заўвага, назваць чалавека нябачнай магілай? Чалавека, які не адзін дзясятак год аддаў дбайнаму вывучэнню Пісання і разнастайных усеабдымных правілаў. Гады адзінага свайго жыцця не змарнаваў, як многія іншыя, але прысвяціў захаванню веры і навучанню народа. І прыходзіць з нейкай не то вёскі, не то мястэчка былы плотнік, які не можа нават некалькі сваіх вучняў навучыць абмываць рукі перад ежай, і кідае ў вочы рэлігійнай эліце "Гора вам". Грэшнікам кажа адно, а людзям, якія штосьці робяць, зусім іншае.