28/05/2015

Расою Духа Твайго

Desktop Images на сайце http://www.loyolapress.com 
"Таму просім Цябе, асвяці гэтыя дары расою Духа Твайго..." Эўхарыстычная малітва

У Нядзелю Спаслання Духа святога неяк асабліва прагучала для мяне слова "расою". Крыху разгублена я падумала, што жыццё ў горадзе пазбаўляе адчування значэння расы, у першую чаргу як атмасфернай з'явы. Узнікаюць нейкія ўспаміны аб прыгожых кроплях на зялёных лісціках і ў пялестках кветак. Толькі ці дзеля прыгажосці выкарысталі натхнёныя складальнікі малітваў вобраз расы? Яго можна сустрэць ў шматлікіх месцах Старога Запавету як сімвал дзеяння Святога Духа. Для людзей, якія жывуць бліжэй да прыроды, гэты вобраз значыць больш, чым фотаздымак ранішняй расы. 

З увагай да плённага ўдзелу

Калісьці, не так і даўно, каля паўстагоддзя таму, вернікі слухалі святую Імшу, а зараз Касцёл заклікае да ўдзелу ў святой Імшы. Вельмі раю пачытаць, што азначае плённы ўдзел у святой Імшы.
І калі напрыклад, рахунак сумлення ў малітоўніку 1914 года пытаецца " Ці слухала святую Імшу з увагай?", то ў сучасных дапаможніках мы сустрэнемся з пытаннем: "Ці належным чынам удзельнічаў у Святой Імшы, адказваючы, спяваючы, стараючыся лепш зразумець сутнасць і значэнне паасобных частак?" Розніца адчуваецца адразу, але мне здаецца, што пазнаванне сутнасці частак святой Імшы прыводзіць да той увагі, пра якую дбалі ў мінулым і без якой адказы і спеў не маюць значэння.
Са мной пакуль што ёсць так, што чым больш я даведваюся пра Літургію, тым мацней узрастае адчуванне набліжэння да Таямніцы, але не разумення яе. І менавіта гэтыя глыбіня і вышыня прыцягваюць і з'яўляюцца адказам на пошукі.
Толькі падумайць, колькі натхнёных твораў – музычных, мастацкіх, паэтычных, архітэктурных і іншых – стварылі пакаленні славутых і невядомых хрысціянаў... Пэўна не для таго, каб іх патомкі прыходзілі на святую Імшу, каб перабіраць у галаве свае думкі, пакуль "нешта там" каля алтара адбываецца. Таму трэба і варта пазнаваць багацце Літургіі, набліжацца, а таксама – перажываць прачытанае, каб веды не заставаліся словамі на паперы, радуючыся нават дробязям, якія Пан Бог адкрывае чалавеку.

Добра перажыць Эўхарыстыю дапамогуць 5 парадаў з сайта katolik-gomel.by

20/05/2015

Выбраныя тлумачэнні і разважанні пра Эўхарыстыю

Нашая актыўнасць – гэта знешняе праяўленне ўнутранага перажывання Ахвяры святой Імшы, таму проста неабходна пазнаванне тэкстаў малітваў, песняў і акламацыяў, якія ўжываюцца падчас Літургіі.

Эўхарыстыя — крыніца міласэрнасці

“Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены” (1 Кар 11, 23), устанавіў Эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы св. Паўла з’яўляюцца не толькі ўспамінам той падзеі ў Вячэрніку, але ўзнаўляюць сакрамэнтальную прысутнасць Езуса Хрыста і Яго Крыжовую Ахвяру.

16/05/2015

Неасвоеныя абшары

"Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора..." (Кніга Лічбаў 34)

Узнікае дзіўнае пачуццё анімацыі ў гэтым раздзеле, калі межы праходзяць, робяць павароты і спыняюцца без удзелу людзей. Нібы ў 3D-графіцы аловак крэсліць на зямной паверхні жывыя лініі. Што б ні прыдумалі людзі, хоць бы выракліся свайго краю, межы застануцца там, дзе яны ўсталены. "Хай будзе мяжа тут... хай пойдзе там... хай спыніцца... Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол".

Так і трывае гэты няскончаны рух... Зямля Абяцаная, за якую трэба змагацца, засяляць, вяртацца зноў, і зноў будаваць, губляючы, узнімаць з руінаў. Не абмежаванне, але прастора для вольнага жыцця ў еднасці з людзьмі і Богам, месца бяспечнае, мілае сэрцу.