19/12/2012

Чаго можа не быць

Вядома, не кожны дзень, але часта ўспамінаецца мне адна размова з урачом-гінеколагам, якая вяла маю першую цяжарнасць. Першую – самую незразумелую, новую, дзіўную, калі верыш дактарам больш, чым сабе. Вялікі знак пытання, а не 9 месяцаў – ці ўсё добра, ці правільна, а як там дзіця, а што далей, а як там са мной будзе... А тая ўрач таксама любіла розныя даследванні, гіпотэзы, і сумненні, прычым агучвала магчымыя наступствы без пастаноўкі дыягназаў. Статыстыку розную невясёлую ведала. Такім чынам, нашы сустрэчы не дадавалі мне супакою.

Верыфікаваць усе яе словы не было з кім (дакладней кажучы, тады я не шукала іншага доктара). Я шукала падтрымкі ў блізкіх, з першых месяцаў прыдумала сабе вершаваную малітву на кожны дзень за маленства і нашу сям'ю. Нарэшце, усе тыя цьмяныя негатыўныя наступствы і ўплывы пачалі супярэчыць майму даверу да Бога. І аднойчы, выслухаўшы чарговае: "Гэта можа прывесці да ..." з пералікам непрыемнасцяў для дзіцяці, я спыталася: "Але можа і не прывесці?". "Так, – раптам згадзілася яна, нібы і ў яе нешта адлягло ад сэрца, – можа і не прывесці".

Мне палягчэла не на 100 – не менш, чым на 200%, нібы нехта адпусціў на волю. Дзіця нарадзілася здаровым. З той пары аб варыянтах развіцця падзей я стараюся ведаць, але не тануць у пакутлівых здагадках, што яшчэ дрэннага можа здарыцца.

З чалавекам у гэтым свеце можа стацца процьма непрыемнасцяў, нават канец свету паслязаўтра. Старэйшыя людзі так і скажуць: усё можа быць, усюды саломкі не падсцеліш. Але побач з асцярогами часцей за ўсё крочыць шанец "а можа й не быць". А найлепш, слухаць парады, не губляючы здаровага сэнсу, і паволі (або раптам) выйсці з цёмнага лесу выпадковасцяў і шансаў на прастор веры і Божай любові.

No comments:

Post a Comment