28/12/2012

Смак добрых успамінаў

Надыходзіць Новы год, нават ужо зазірае ў вокны. То сагрэе адлігай, то зноў павее марозным ветрам... І мы спяшаемся яму насустрач, адлічваем апошнія дні, марым і спадзяёмся на спаўненне пажаданняў. Азіраючыся на пражыты год, што ўспомнім? Якімі вачамі паглядзім наперад?..

Мне сустрэлася вельмі цікавая ідэя для надыходзячага году: марынаваць прыемныя здарэнні. У пачатку года бярэм пустую банку з вечкам і невялічкі нататнік. Кожны раз, калі адбываецца нешта добрае, запісваем гэта і складаем нататкі ў банку. У канцы года мы зможам убачыць і ўспомніць усё добрае, што здарылася за апошнія 12 месяцаў. Мы вельмі лёгка забываем мілыя словы, трапныя жарты, сяброўскія сустрэчы і падарункі, якія прыносіць кожны дзень, бо кепскія і сумныя падзеі выцясняюць іх з нашай памяці.

Так шмат добрых рэчаў застаюцца без увагі, пакуль іх не згубіш. Давайце паспрабуем назбіраць іх як мага больш, каб напрыканцы 2013-га адчуць смак пражытых дзён і сустрэць 2014-ты год з вачамі, поўнымі падзякі і аптымізму.

21/12/2012

Каляндар касцельных святаў на 2013 год

Можна спампаваць, раздрукаваць, зазіраць час ад часу ці, напрыклад, у сваіх календарах адзначыць абавязковыя і важныя святы ў надыходзячым 2013 годзе.

Каляндар 2013

19/12/2012

Чаго можа не быць

Вядома, не кожны дзень, але часта ўспамінаецца мне адна размова з урачом-гінеколагам, якая вяла маю першую цяжарнасць. Першую – самую незразумелую, новую, дзіўную, калі верыш дактарам больш, чым сабе. Вялікі знак пытання, а не 9 месяцаў – ці ўсё добра, ці правільна, а як там дзіця, а што далей, а як там са мной будзе... А тая ўрач таксама любіла розныя даследванні, гіпотэзы, і сумненні, прычым агучвала магчымыя наступствы без пастаноўкі дыягназаў. Статыстыку розную невясёлую ведала. Такім чынам, нашы сустрэчы не дадавалі мне супакою.

Верыфікаваць усе яе словы не было з кім (дакладней кажучы, тады я не шукала іншага доктара). Я шукала падтрымкі ў блізкіх, з першых месяцаў прыдумала сабе вершаваную малітву на кожны дзень за маленства і нашу сям'ю. Нарэшце, усе тыя цьмяныя негатыўныя наступствы і ўплывы пачалі супярэчыць майму даверу да Бога. І аднойчы, выслухаўшы чарговае: "Гэта можа прывесці да ..." з пералікам непрыемнасцяў для дзіцяці, я спыталася: "Але можа і не прывесці?". "Так, – раптам згадзілася яна, нібы і ў яе нешта адлягло ад сэрца, – можа і не прывесці".

Мне палягчэла не на 100 – не менш, чым на 200%, нібы нехта адпусціў на волю. Дзіця нарадзілася здаровым. З той пары аб варыянтах развіцця падзей я стараюся ведаць, але не тануць у пакутлівых здагадках, што яшчэ дрэннага можа здарыцца.

З чалавекам у гэтым свеце можа стацца процьма непрыемнасцяў, нават канец свету паслязаўтра. Старэйшыя людзі так і скажуць: усё можа быць, усюды саломкі не падсцеліш. Але побач з асцярогами часцей за ўсё крочыць шанец "а можа й не быць". А найлепш, слухаць парады, не губляючы здаровага сэнсу, і паволі (або раптам) выйсці з цёмнага лесу выпадковасцяў і шансаў на прастор веры і Божай любові.

14/12/2012

Штодзённыя пытанні да сябе. Рахунак сумлення паводле біскупа Зыгмунта Лазінскага



"Я быў вам сябрам шчырым і адданым, і тым больш застануся ім у жыцці за гробам."

Сын навагрудскай зямлі, як вучань, клерык, а потым студэнт тэалогіі, разам з адметнымі здольнасцямі адзначаўся незвычайнай моцай характару. Ён быў па сваёй натуры чалавекам эмацыйным, жывым, імпульсіўным, амбіцыйным і ўладным, але працуючы над сабой, стаў узорам засяроджанасці і разважлівасці, цярплівасці, пакоры, лагоднасці і сціпласці. <...>

З невялічкай брашуры з біяграфіяй Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага на польскай мове, выдадзенай у 1991 годзе. 

Больш падрабязна пра ягоны жыццёвы шлях – артыкул "Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі"

Нашыя дні лятуць за днямі, часта зліваючыся ў адну невыразную плынь, якая нясе з сабой вялізную частку жыцця. Нездарма на схіле свайго зямнога шляху многія здзіўлена заўважаюць, што жыццё непрыкметна праляцела  невядома куды. Або як герой кнігі Льюіса прызнаюцца, што "большую частку жыцця я не рабіў ні таго, што я павінен, ні таго, што я хацеў". Здараецца і так, што чалавек змяняецца, а не заўважае – калі і ў які бок. Скардзіцца, як пагоршыліся часы, а не бачыць, што дадае ён да гэтых сумных зменаў.

05/12/2012

Як пісаць навіны без мапылак? Ой, без памылак!

Кажуць, не ўмееш – не бярыся. Але трэба дадаць: а ўзяўшыся – дасканалься! У многіх (ці ж бы не ва ўсіх?) прафесіях, трэба ўвесь час працаваць над сабой. Вось і пачынаючыя аўтары Catholic.by з радасцю з'ехаліся на адмысловы майстар-клас Алены Кулыгінай, рэдактара Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны. Як дзяліцца хрысціянскімі навінамі так, каб запомнілася, спадабалася, кранула чытача? І хто іх чытае гэтыя навіны? І як пісаць, каб чыталі больш?

«Мне хацелася расказаць пра тое, як хрысціянскія журналісты могуць лепш працаваць, рэалізуючы сваё пакліканне, кажучы пра Касцёл цікава, яскрава, з любоўю, так, каб гэта перадавалася кожнаму, хто прачытае навіну», — дадала Алена Кулыгіна. 

Працаваць над памылкамі – безумоўная частка гэтага паклікання. А схавацца "мапылкі" могуць там, дзе іх зусім не чакаеш.