30/10/2023

Мова радасці

 

Гімн «Магніфікат» хрысціяне з пакалення ў пакаленне спяваюць разам з Марыяй. Словы яго поўняцца зместам, які адкрываецца не адразу і не да канца, але ў радасці, якая пераліваецца ў радках, памыліцца немагчыма.

«Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу» — гэтая радасная плынь, здольная падхапіць ледзь не кожнага за сабою, мае свой выток ва ўдзячным сузіранні таго, што «ўчыніў Усёмагутны». Марыя глядзіць у мінулае і ў той жа час думкамі ахоплівае ўсе пакаленні, дзівіцца Божым справам у сваім сэрцы і ва ўсім свеце, схіляецца перад Богам і захапляецца Яго моцаю і міласэрнасцю. Ці стала Марыя нам блізкаю настолькі, каб адчуваць Яе хваляванне? Мы просім Яе заступніцтва, клічам, тулімся, дзякуем, але ці імкнемся пазнаваць Яе лепш?

Евангеліст Лука адкрывае нам сцэну Звеставання, у якой Марыя прамаўляе ўсёю сваёю істотаю Богу «так». Але згаджацца з Божаю воляю Марыя павінна была навучыцца значна раней, а значыць, Яна адрознівала Божы голас сярод гаманы свету і невымоўных рухаў сэрца, хоць была юнаю, як кажа Традыцыя. Калі б і мы ўсур’ёз захацелі навучыцца слухаць і быць паслухмянымі Богу, то менавіта з радасці давялося б пачынаць. «Давялося б», бо не так лёгка даецца нам радасць. Паскардзіцца, зажурыцца, задумацца над сваёю доляю неяк само сабою атрымліваецца, а вось выбраць радасць і не ўцячы ў звыклае сутонне маркоты — справа не такая простая.

Так, Божая мова — мова радасці, у першую чаргу. Яна не заўсёды афарбаваная ў веся­лосць і лёгкасць, але нясе спакой, схаваны ў Божым запрашэнні, як прадчуванне, што споўніцца жаданне сэрца. Марыя пачула яго і прыняла: «Няхай мне станецца…»

Людзям уласціва нават хвілінную невядомасць адразу ж запаўняць трывогаю і страхам, а што ўжо казаць пра выбар, які паўплывае на ўсё жыццё! На першы погляд, большая радасць павінна мясціцца ў той прапанове, дзе больш бяспекі, адназначнасці, але насамрэч так ёсць нячаста. Дарэчна будзе скарыстацца сваім досведам прыняцця рашэнняў, азірнуцца на свае скрыжаванні і альтэрнатывы. Ці часта нам хапала смеласці выбраць тое, што было па сэрцы і потым прынесла трывалую глыбокую радасць і спакой? Добрыя рашэнні сапраўды часта звязаныя з пераадольваннем перашкодаў. Выбар Божай волі не заўсёды лягчэйшы, але і неабавязкова непрыемны. Часцей ён незразумелы, але ў нейкім таямнічым сэнсе — прыняты сэрцам. Чаму толькі грэх лічыцца прывабным? Няўжо прыгажосць, чысціня, дабро страцілі сваю прыцягальнасць?

На жыццёвыя раздарожжы лепш вяртацца думкамі разам з Маці Божай. Яна – заўсёды юная Сталіца Мудрасці — паказвае, як выбіраць не з прымусу (знешняга ці ўнутранага), не дзеля таго, каб дагадзіць, улагодзіць кагосьці, а слухаючы, што Бог дае як радасць для духу. Больш за тое, Марыя, шчаслівая ў сваёй вялікай веры ў тое, «што збудзецца, сказанае Панам», вучыць захоўваць вернасць той радаснай згодзе. Святы Базыль трапна заўважыў, што нават да найвялікшай на свеце радасці дамешваецца смутак...

Можна спытацца, ці відавочнаю была Яе радасць, калі Яна ўбачыла першую рэакцыю свайго Юзафа? Калі разгублена разважала словы Езуса-падлетка, вяртаючыся ў Назарэт пасля трохдзённых пошукаў? Калі не ведала, якім чуткам пра Езуса ўрэшце верыць? Калі выходзіла да Яго на Крыжовы шлях? Напэўна, не. Але ці прамяняла б Яна гэты шлях на любы іншы?

Яе крокі нячутныя, але ласкам і дабротам, выпрашаным у Бога, няма ліку і меры. Яна заўсёды выходзіць на шлях цярпення кожнага свайго дзіцяці, і гэта таксама выбар Яе сэрца. Благаслаўлёны выбар, які падабаецца Пану!

Спачатку апублікавана тут: https://ave-maria.by/faith/bible/2282-mova-radastsi

06/06/2023

Верш аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса

Пераклад верша а. Майка Марцінэза SJ "Найсвяцейшае Сэрца Езуса, дапамажы мне пражываць (а не проста чытаць) Святое Пісанне".

Немагчыма пераацаніць значэнне сэрца ў юдэа-хрысціянскіх пісаннях. Слова “сэрца” сустракаецца 858 разоў у Старым Запавеце і 156 разоў у Новым Запавеце. Без сумневу, нашыя сэрцы займаюць цэнтральнае месца ў таямніцы таго, хто мы ёсць. Яны месцяць у сабе шмат адказаў – і бясконца больш пытанняў.

Падчас маіх 30-дзённых ігнацыянскіх рэкалекцый у навіцыяце мяне захапіў адзін вобраз – Найсвяцейшае Сэрца Езуса. З Найсвяцейшым Сэрцам я заўсёды пачынаў і заканчваў усе мае разважанні. Калі я маліўся з дапамаогай сваёго ўяўлення, Хрыстус мог вырваць Сваё сэрца з грудзей і працягнуць яго мне. Тады я вымаў сваё сэрца і працягваў Яму. А мая малітва  была сузіраннем працэса павольнага зліцця нашых сэрцаў на працягу рэкалекцый. Да канца рэкалекцый я ўжо не мог адрозніць, якая частка сэрца належыць мне, а якая Богу. Хаця было страшна “страціць” сваё сэрца (Мц 10, 39), адначасна было радасна “здабыць” сэрца Хрыста! (Гал 2, 20)

Гэты верш адкрывае, як глыбока пашана Найсвяцейшага Сэрца ўкаранёная у Святым Пісанні, і агучвае жаданне нашых сэрцаў не проста чытаць, але жыць Святым Пісаннем.