26/12/2018

Няспынная праца Бога


Даволі шмат год мінула з заканчэння школы, і за гэты час мяне не тое, што не цікавіла фізіка, я свядома трымалася ад яе здалёк. Але сталася так, што мяне прыцягнуў погляд П’ера Тэйяра дэ Шардэна на эвалюцыю, на яе духоўнае вымярэнне, якое ён бачыў і імкнуўся перадаць іншым. 
Неабачліва чытаць я пачала кнігу пра Тэйяра, напісаную фізікам (“Teilhard's Mysticism: Seeing the Inner Face of Evolution” Kathleen Duffy SSJ). Аўтар выбрала спосаб асягнення Духа праз пільнае ўгляданне ў матэрыю, што немагчыма зрабіць без мовы фізікі. А гэтая ўважлівасць датычыцца макра- і мікракосмасу, самых розных з’яў, таямніц, адкрыццяў, парадоксаў… Нібы хтосьці ўзяўся паказаць мне ўвесь вядомы Сусвет, не турбуючыся, што ў мяне можа закруціцца ў галаве нават ад краёчку ўбачанай бязмежнасці. Як змясціць гэта ўсё чалавечаму розуму? Гэтую “сімфонію Сусвету”? Тэйяр быў адным з тых, якім дадзена бачыць “партытуру” сімфоніі, ахапіць позіркам неверагодны “габелен” стварэння. 

13/12/2018

Быць сабой, але не ў самоце



Ён быў народжаны ў вялікай небяспецы, гэты прыгожы, як Божы дар, хлопчык, хаваны ад смерці, пушчаны па вадзе ў кошычку, уратаваны дачкой фараона, гадаваны ў палацы на ўсім гатовым. “У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх…” (Зых 2, 11 паводле перакладу на падставе рукапісаў кс.Уладзіслава Чарняўскага). Усе мы ўжо выраслі, выйшлі са сваіх “палацаў” дзяцінства, хто раней, хто пазней, і можам зразумець гэтае жаданне Майсея знайсціся сярод сваіх. Магчыма, гэта пошук адказу на пытанне: “Хто я?” 

Але знаёмства з рэальнасцю пачынае ён, здаецца, не вельмі ўдала. “…і ўбачыў смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго” (там жа). Майсей кідаецца на дапамогу і ратуе брата. Так напісана ў Бібліі? Не, не так. “І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску” (Зых 2,12). А на другі дзень выйшаў зноў і хацеў штосьці зрабіць, каб не сварыліся між сабой ягоныя браты. І зноў яскрава да болю ў вачах паказвае Біблія, у каго ён ператвараецца, прыводзячы пытанне брата: “Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?” (Зых 2, 14). Нават фараон, даведаўшыся аб усім, хацеў спыніць Майсея не пакараннем, не вязьніцай, але смерцю. Аж так небяспечны зрабіўся хлопчык з добрымі намерамі? Ён вырашае ўцякаць, далей ад абодвух народаў, якія не прынялі яго. 

08/12/2018

З Табою

Які дзівосны ў вітанні анёла Габрыэля выраз "Пан з Табою"! Сцвярджэнне, суцяшэнне, абяцанне, пахвала... На што падобна гэтае "з"? На прабыванне побач, якое не нудзіць, не гняце, але ўзбагачае і сілкуе. Яно ахоплівае ўсё, што было ў мінулым, дарагія сэрцу ўспаміны, цяперашнюю радасць, імкненне заставацца разам у будучыні, нават калі яна невядомая.

Калі Пан побач, ты можаш не баяцца Яго пасланца. Не баяцца гэтаксама стаць пасланцам.

Калі Пан з Табою – чаго яшчэ трэба? Мы захапляемся Марыяй, глядзім з замілаваннем, а Яна так дасканала заўсёды прабывае з Панам, бачная з Нябачным.

І ёсць яшчэ адно адценне ў гэтай фразы, ужо не так сцісла звязанае са Звеставаннем. Вымаўленае ў форме пытання з-за глуха зачыненых дзвярэй сэрца. Так пытаюцца ў таго, хто ціха стукаецца ноччу ў шчыльна замкнёны дом. Пытаецца гаспадар, які баіцца ўпусціць абы-каго, або ўвогуле не хоча бачыць нікога, хіба што... "Пан з Табою?" - коратка спытае, прыслухоўваючыся пільна да адказу. Так, з Марыяй Пан ёсць заўсёды. Таму Яна не баіцца шукаць нас упоцемку, а нам не трэба баяцца ўпускаць Яе. Што б ні ўбачыла, Яна не завернецца і не збяжыць.