
Канешне, больш зразумела было б прыводзіць прыклады, пісаць рэцэнзіі, але я безадказна іх пакіну ўбаку. Увогуле, я рэдка даю парады. На жаль, не з-за прыгожай прычыны "а што пра мяне падумаюць людзі", а з-за сваёй няўважлівасці і ляноты. Пакуль здагадаешся, няма каму казаць :)
Але тлумачыць тое, што кожнаму трэба перажыць самому і прапусціць праз сваю глыбіню? Напэўна, не. Вось як адрозніць: дзе святло маяка, а дзе падманлівыя агні – такіх "падказак" я й сама заўсёды шукаю.
Гэтыя два тыдні вельмі добра паказалі, як можна зрабіць процьму спраў і разбіцца аб іх, застаўшыся без сіл, каманды і надзеі. Ты паспяваеш хадзіць на працу, гатаваць, прыбіраць, загружаць машынку, развешваць, прасаваць і раскладваць, збіраць прылады і набываць неабходнае, зноў гатаваць, цыраваць, прымяраць і дастасоўваць, нагадваць па 2 разы і кантраляваць, вясці за руку, падаваць, адказваць на пытанні, забараняць і дазваляць... Ты такая ж малайчына, як я – на простым правераным шляху ў бездань бяссэнсу, стомленасці і абыякавасці.
У такі момант мне не патрэбны парады, што я павінна зрабіць яшчэ: я на мяжы выжывання, на парозе адчаю. Забярыце сваю слодыч і пазітыўныя эмоцыі, дапамажыце зразумець, што проста не варта было сябе даводзіць да гэтай мяжы. Не было прымусу, каб крок за крокам сваім уласным выбарам набліжаць катастрофу свайго карабля. Была спакуса стаць вельмі занятай, каб заўважаць прысутнасць іншых, адказваць на ўсмешкі, прымаць сваю слабасць, даручаць і дацэньваць, патрабаваць і дзякаваць...
Не рабіце маіх памылак, не ляціце на ўсіх ветразях на падманныя берагавыя вогнішчы, не губляйце сапраўднага Святла. І не стамляйцеся правяраць свой курс Божым Словам, Словам Жыцця.
No comments:
Post a Comment