17/01/2016

Нічога не змянілася

На мінулым тыдні ездзілі на пару дзён у Літву. У Вострую Браму апошнім вечарам мы прыйшлі, калі ўжо добра звечарэла. На віленскіх марозных вуліцах было мала людзей, як і ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай, і ў касцеле св. Тэрэсы ад Дзіцятка Езус. Для мяне гэтыя месцы, як само дзяцінства. І калі ў Астраўцы, дзе я нарадзілася, шмат што змяняецца, то прысеўшы каля фігуры сваей патронкі, я адчула палегку: тут не адчуваецца ніякіх уплываў часу. Калі гэта толькі ілюзія, то таксама няблага. Змены бываюць розныя ж, некаторыя спробы паляпшэння спрычыняюцца да згубы, а сур'ёзныя працы часта застаюцца нябачнымі звычайнаму воку.

Св. Тэрэска стаяла ў ценю, на ўзбоччы, як даўней. Дзесьці там у галоўным алтары – залатыя калоны, аздабленні, электрычная яркасць і рух. Яна сціпла і ціха застыгла з крыжом і ружамі, не на першых месцах, але затое так блізка да людзей. Каб можна было прыстаць побач і памаўчаць у літасцівым паўзмроку...

Па слядах няўдалых прымірэнняў

Што перашкаджае двум людзям памірыцца? Вось сядзіш, думаеш пра абодвух, згадваеш іхнія лепшыя рысы характару, здольнасці, цеплыню ўсмешак адно да аднаго, калі ўсё яшчэ было паміж імі добра, і паддаешся ілюзіі: трэба проста ім расказаць пра іх саміх, бо яны забыліся, выпусцілі з-пад увагі і вось... Так-так, хто яшчэ не хадзіў, схадзі, раскажы ім. Можа, нават не надта балюча паб'юць. А ўсе прыгожыя словы – як аб сцяну гарох, ці ты аб прабачэнні будзеш распінацца, ці аб дабрыні і чуласці іншай асобы.

Мінулае не становіцца выратаваннем. Можна аднаўляць там фарбы, спяваць старыя песні, ажыўляць успаміны – апалае лісце не прыклеіш на дрэва, і няма сіл спадзявацца на вясну. Яны згаджаюцца, што ў іх павінны папрасіць прабачэння, а тым часам кожны з пакрыўджаных няспынна правярае і ўмацоўвае свае муры. Ці на месцы ўсе ліхія пачутыя словы, ці дакладна складзеныя вялікія і малыя чужыя правіны, ці выкрытая падступнасць добра бачная ўсяму наваколлю? Кожны каменьчык замацаваны такімі эмоцыямі, што ніякага цэменту не трэба.