18/06/2014

Пяць спосабаў стварыць добрае месца для малітвы

Раней ці пазней мы пачынаем разважаць, дзе і як стварыць добрыя ўмовы для малітвы. Вініта Хэмптон Райт (Vinita Hampton Wright) – аўтар і рэдактар выдаўніцства Loyola Press у ЗША – напісала ў сваім блогу аб значнасці месца малітвы і вылучыла пяць крокаў, пры дапамозе якіх можна вызначыць і стварыць адпаведную прастору. Застанецца толькі знайсці час. 

У хрысціянскім свеце – ці то ў малым мястэчку, ці то на вуліцах Рыма – існуе мноства месцаў для малітвы. Са старажытных часоў людзі, якія шукалі Бога, ведалі, што месца мае значэнне. Мае значэнне, ці з'яўляецца яно перапоўненай залай, ці кляштарнай келлю, ці напоўнена рэхам галасоў, цішынёй, музыкай ці птушыным спевам. Мае значэнне, як пахне ў месцы малітвы, якія колеры навокал, якія тэкстуры, ці адчуваецца лёгкі ветрык з акна або холад каменнай лавы. 

Мы выдаткавалі стагоддзі на стварэнне адпаведных месцаў, якія дапамагаюць нам маліцца. Многія з іх захаваліся як велічныя храмы або ціхія кляштары. Некаторыя з іх зараз нагадваюць музеі. І ўсё ж дагэтуль мае значэнне, дзе мы прабываем падчас размовы з Богам. Гэта істотна ў маім горадзе, на маёй вуліцы і нават у маім доме.

Лета – выдатная магчымасць паназіраць за сваімі адчуваннямі ў розных месцах і ў розных абставінах і нават на рознай хуткасці – падчас шпацыраў пехатою, на ровары і г.д. Можна пачаць з наступных пытанняў:
  • Як я фізічна адчуваю сябе ў гэтым месцы? Ці магу я расслабіцца, ці штосьці выклікае трывогу? Адчуваю бадзёрасць ці нуду, камфорт ці знэрваванасць?
  • Што мне б хацелася рабіць у гэтым месцы? Заплюшчыць вочы і адпачываць? Або пачытаць?  Падумаць? Працаваць? Паразмаўляць з кім-небудзь?
  • Ці не нагадвае гэтае месца аб нейкіх істотных падзеях, людзях, мясцінах з майго мінулага? Калі так, то якім чынам?
Прапаную пяць крокаў, якія дапамогуць вам пачаць ствараць добрыя ўмовы для малітвы. Дайшоўшы да пункта №3, вы самі зможаце вынайсці свае спосабы, які будуць працаваць толькі для вас.


  1. Выберыце – у памяшканні ці звонку. Калі вы падобныя на мяне і многіх іншых людзей, то прабыванне на адкрытым паветры асвяжае і дапамагае расслабіцца, а значыць, гэты варыянт вам падыходзіць больш. Калі на адкрытым паветры ўсё, што адбываецца навокал, занадта адцягвае ўвагу падчас малітвы, тады ваш выбар – закрытае памяшканне. Акрамя таго, добрых умоў адкрытага паветра ў вас можа проста не быць. Таксама, напрыклад, тэраса можа выдатна аб'яднаць абодва варыянты – унутры і звонку.
  2. Вызначце – гук або цішыня. Гэта так рэдка здараецца ў наш час: мець доступ да месцаў, дзе абсалютна ціха, што я зараз кажу аб адноснай цішыні. Звярніце ўвагу, музыка дапамагае або перашкаджае вашай малітве. Ці паглыбляюцца вашыя перажыванні пад плёскат вады або спеў птушак? Нават калі вы не можаце пачуць жывыя гукі прыроды, існуюць розныя запісы, якія могуць замяніць іх на даволі добрым узроўні. Ваша малітва ўключае спевы, рэцытацыю або вусную малітву? Большасць з нас не будзе рабіць адно і тое ж кожны раз. У адзін цудоўны дзень я спяваю псальм, але на наступны дзень я канцэнтруюся на цішыні і ўнутраным спусташэнні.
  3. Вылучыце значныя аб'екты. Ёсць лаўка ці крэсла ў вашым садзе, што зробіць гэтае месца выдатным для малітвы? Магчыма, вы запальваеце свечку і стараецеся быць паблізу абразоў або ставіце каля сябе іншыя візуальныя падказкі, якія могуць ператварыць стандартнае працоўнае месца ў малітоўную прастору? Адчуваеце патрэбу ахінуцца малітоўным покрывам, узяць у рукі ружанец, або скарыстацца іншымі прадметамі, такімі як камяні, ракавінкі, кветкі?
  4. Не грэбуйце сваім нюхам. Лаванда, язмін, бружмель робяць для мяне дзіўныя рэчы. Часткова – гэта водар, а часткова – гэта эмацыйная сувязь з дзяцінствам. Бружмель рос па ўсім нашым двары, а язмін вяртае мяне ў дом, дзе я жыла калісьці даўно на Блізкім Усходзе. Водар можа стымуляваць або расслабляць арганізм чалавека. Калі вы яшчэ не мелі дачынення з водарамі, варта паспрабаваць. Ёсць і іншыя, не толькі тэалагічныя, прычыны, па якіх на працягу стагоддзяў у месцах малітвы выкарыстоўваюць кадзіла.
  5. Абярыце час сутак і тып святла. Маё хатняе месца малітвы змяняецца ў залежнасці ад сезону, паколькі я рэагую на натуральнае асвятленне і даўжыню дзён. Я звычайна выкарыстоўваю свечкі ў зімовы час, а летам мая малітва адбываецца ў ранішнім святле. Звярніце ўвагу, як вашае цела і розум рэагуюць на розныя віды асвятлення.
Што б вы дадалі да гэтых ідэй па стварэнні малітоўнай прасторы?

No comments:

Post a Comment