13/05/2014

Неўмеркаванасць у згрызотах


Sad Shadow by groversofine Ці знаёмыя вам пустыя згрызоты? Я нават не маю на ўвазе "сама прыдумала – сама пакрыўдзілася", але тыя надакучлівыя перажыванні "хто што падумаў, як паглядзеў ды што сказаў". Сапраўды, ахвотных выказацца на тэму свайго бліжняга (у вочы ці за спіной) заўсёды хапае. Калі гавораць нешта не вельмі прыемнае, хочацца неяк абараніцца, апраўдацца. Часцей, праўда, атрымліваецца прамаўчаць ці пакрыўдзіць чалавека ўзаемным "кампліментам", а потым доўга яшчэ сам-насам фармуляваць ў галаве разумныя адказы ды вострыя слоўцы.


А нават калі мы так дружна з жывем, што дрэннага пра сябе не чуем, то тады з'яўляецца маленькае пытанне, чаму так мала хваляць? Калі я такая файная, то можна было б гэта часцей заўважаць. Вось жа чэрствыя людзі вакол...


Калі б можна было замовіць раздрукоўку сваіх разважанняў, то мы б убачылі, колькі часу гэтыя згрызоты займаюць. А колькі забіраюць эмоцый ды ўнутраных сіл?

Чамусьці мы так не пераймаемся Хрыстовымі дакорамі, якія таксама ёсць у Евангеллі. Езус ведае нас найлепш, і Яму не ўсё роўна, што з намі будзе далей. А тым жа знаёмым і незнаёмцам, якія на роўным месцы крытыкуюць ды зневажаюць, насамрэч няма справы, станем мы лепшымі пасля гэтага ці не. Магчыма, ім залежыць на тым, каб нас выкарыстаць, як мага лепш, у сваіх мэтах, ці спагнаць сваю злосць. А сапраўдных добрых дарадчыкаў мы часта пачынаем цаніць і слухаць вельмі позна.

Зрэшты, а з намі што? Калі зазірнуць у сваё сэрца, то ці не нараджаюцца там "ліхія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупота. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым." (Мк 7, 22-23) Ды яшчэ як выходзіць...

Толькі хтосьці самы блізкі адважыўся б такое сказаць мне ў вочы... І не адвярнуцца, але працягнуць руку дапамогі, як робіць гэта Хрыстус.

Тут з'яўляюцца новыя пытанні і сумневы. Не ўлічваць свае эмоцыі – сапраўды шкодна. Зусім не зважаць на тое, як да цябе адносяцца людзі, таксама нядобра. Часам яны якраз агучваюць тое, пра што даўно гаворыць сумленне. Магчыма,  варта ўспомніць прыярытэты: найперш  у Божай ласцы трэба ўзрастаць, а толькі потым – у людзей.

No comments:

Post a Comment