28/09/2014

"Разбудзіце мяне, калі скончыцца верасень..."

Ёсць такая песня ў Greenday, і я кожны год яе ўспамінаю і згаджаюся, што лепш было б да кастрычніка спаць салодкім сном, чым пачынаць новы навучальны год. Вось 2 гады таму я пісала пра празрыстасць, пра вяртанне да рэальнасці... А сёлета нават няма прыгожых словаў, каб акрэсліць гэтае напружанне, гару працы і няяснае адчуванне, што нешта ўсё роўна не паспела, не дагледзела. Магчыма, толькі цяпер, апоўначы, я здагадваюся, што найбольш недагледжанай засталася я сама.

Пра што першы клопат? Каб сям'я не была галоднай. Гэта сняданні, абеды, вячэры. Раней праблему сняданняў і абедаў вырашала школа, але ў новай школе дзеці атрымліваюць толькі адзін гарачы пасілак, які, вядома, імкнуцца не есці, бо ім, глядзі ж ты, нясмачна. Раніца: прыгатаваць нейкі сняданак, разбудзіць дзяцей, заплясці Янку, сабраць Віталю, даць заданні Міколку. На працягу дня – праца, пераплеценая дзіцячымі званкамі і пытаннямі, напамінамі і просьбамі – з рога ўсяго многа. Але горш, калі дзеці перастаюць браць слухаўку... Вось як тады іх дазвацца?


Вячэра, праверка ўрокаў, хатнія незлічоныя спрвы. Бывае доўга, бывае эмацыянальна... Усё, мыемся, чысцім зубы і спаць. Таксама можа прайсці не вельмі гладка, бо ў кватэры холадна, гарачай вады пакуль што няма, ахвоты мыцца гэта не дадае. Але, нарэшце, цішыня, спім... Як снапы, усе па падушках.

Нарэшце, падыходзіць да канца гэты клапатлівы месяц, калі заняткі у звычайнай і музычнай школах зваліліся пасля лета, як снег на галаву. Ніякая маральная падрыхтоўка не ратуе ад вераснёвай стомленасці. Спрабуем неяк выплываць усе разам. За кастрычнік расклады ўсталююцца, з дрыгокіх зробяцца сталёвымі. Час перастане ціснуць сваёй незразумелай хуткасцю, зноў знойдзецца, калі не на ўсё, што хочацца, то на самае неабходнае.

Але аўтара ўсіх гэтых аптымістычных спадзяванняў, здаецца, так і няма каму дагледзець, акрамя яе самой. І не тое, каб жадання не было, але ёсць яшчэ лянота, якая мае такі салодкі голас, калі намаўляе паспаць яшчэ 5 хвілінак, махнуць на сябе рукой, адкласці сябе (і малітву, канешне ж) на потым... "Калі-небудзь потым" – гэта такі неіснуючы край, дзе нібыта робяцца ўсе справы, пішуцца адказы на ўсе лісты, адбываюцца сустрэчы з сябрамі і роднымі, вучацца мовы і пішуцца кнігі, заканчваюцца рамонты, рэалізуюцца творчыя планы і цікавыя праекты. У дарослых павінны ж быць свае казкі.

І сапраўды, верасень у гэтым сэнсе – рэалістычны месяц, таму што многія рэчы павінны рабіцца сення або заўтра і не могуць пачакаць, пакуль з'явіцца настрой імі займацца. Але занадта шумны, як для мяне, месяц. Назіраючы, як сціхае прырода, як без лішняй мітусні надыходзіць залатая восень са сваім багаццем плёнаў і колераў, хочацца запаволіць хаду, прыслухацца да цішыні, а плёны кожнага дня і ўсе рознакаляровыя свае думкі аддаць з падзякай Пану Богу. Толькі з Ім сэрца застанецца гарачым і жывым сярод халоднай зімы, якая заўсёды наступае нечакана (я маю на ўвазе не толькі астранамічную зіму). Але мала таго, трэба, каб хапіла сэрца і яшчэ каго-небудзь сагрэць. Як кажуць старэйшыя людзі: "Калі Бог пазволіць, дажывём да вясны". Спадзяюся, што і абагрэем, і накормім, і падтрымаем...

No comments:

Post a Comment