20/05/2014

Псальм 136

"Як мы можам зрабіць гэты псальм нашай малітвай?” Бэнэдыкт XVI
Гэтае пытанне, маючы на ўвазе Псальм 136 (135), задаў цяперашні папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI  падчас агульнай аудыенцыі 19-га кастрычніка 2011 года. Змест катэхэзы перадавала ў той дзень Ватыканскае радыё, але мне трапілася на вочы толькі зараз. З дапамогай Гугла-пошуку я хацела знайсці тэкст псальма, каб не набіраць яго рукамі з Бібліі, выдадзенай на падставе рукапісаў кс. У.Чарняўскага. Мне хацелася пра яго напісаць. Тэкст я не знайшла, затое з радасцю ўбачыла глыбокае і светлае разважанне папы Бэнэдыкта XVI. Прачытайце абавязкова.

У мяне атрымалася такая вось паслядоўнасць. Спачатку ціхім ранкам я прачытала псальм 136, нібы ўбачыла яго ўпершыню. У форме ўзнёслай літаніі пералічваюцца "шматлікія дзеі Бога адносна свайго народа і праслаўляецца Яго “вечная любоў, любоў, якая згодна са значэннем яўрэйскага тэрміна уключае ў сябе вернасць, міласэрнасць, дабрыню, ласку, лагоднасць” (Бэнэдыкт XVI) 

А потым у галаве пачалі ўзнікаць свае радкі, зусім простыя і пра сябе:
"Ён даў мне добрых продкаў, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён паклікаў мяне да жыцця на гэтай зямлі, ...
Ён адарыў мяне здольнасцямі і здароўем, ...
Ён паставіў на маім шляху сяброў і добрых людзей, ...
Ён прабачае мае правіны, ...
Ён выратаваў... дапамог... падтрымаў...

бо Яго міласэрнасць вечная.

Ні разу не знайшлося нагоды сказаць: "Бо я вельмі добрая і гэтага годная". Нягледзячы на тое, што заслужыць гэтыя ласкі немагчыма, Бог акружае кожнага чалавека шматлікімі дабротамі. Паспрабуйце дадаць свае радкі, хаця б на падставе аднаго пражытага дня.

І яшчэ два абзацы з катэхэзы:
"У супольнай гісторыі, прысутнічае памяць аб дабрыні Бога, і яна дапамагае нам, становіцца зоркай надзеі; таксама і ў жыцці кожнага з нас існуе гісторыя уласнага збаўлення. І мы павінны заўсёды памятаць аб скарбе гэтай гісторыі, заўсёды памятаць аб вялікіх цудоўных рэчах, якія Бог учыніў у нашым жыцці і мець давер да Яго. Калі сёння знаходзімся пасярод цёмнай ночы, то заўтра Ён вызваліць нас, бо Яго міласэрнасць вечная”.

Папа адзначыў, што калі чалавек здольны забываць, Бог назаўсёды застаецца верным, і заклікаў вернікаў заўсёды памятаць аб словах са св. Яна Евангеліста “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі!”

Псальм 136 (135)


Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо Яго міласэрнасць вечная.
Вызнавайце Бога над багамі, бо Яго міласэрнасць вечная.
Вызнавайце Госпада над валадарамі, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён адзін учыніў цуды вялікія, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён стварыў нябёсы прамудра, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён распасцёр зямлю над водамі, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён стварыў свяцілы вялікія, бо Яго міласэрнасць вечная;
сонца, каб днём кіравала, бо Яго міласэрнасць вечная,
месяц і зоры, каб кіравалі ноччу, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён пабіў Егіпет у першародных яго, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён вывеў Ізраэля з асяроддзя іх, бо Яго міласэрнасць вечная;
магутнай далонню і шырокай рукою, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён Чырвонае мора падзяліў на часткі, бо Яго міласэрнасць вечная.
І правёў Ізраэля пасярод яго, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён скінуў фараона і сілу яго ў мора, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён правёў народ свой праз пустыню, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён пабіў цароў вялікіх, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён пабіў цароў магутных, бо Яго міласэрнасць вечная.
Сэгона, цара амарэяў, бо Яго міласэрнасць вечная.
І Ога, цара Басана, бо Яго міласэрнасць вечная.
І аддаў зямлю іх у спадчыну, бо Яго міласэрнасць вечная.
У спадчыну Ізраэлю, слузе Свайму, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён помніў пра нас у паніжэнні нашым, бо Яго міласэрнасць вечная;
і адкупіў нас ад непрыяцеляў нашых, бо Яго міласэрнасць вечная.
Ён дае ежу кожнаму целу, бо Яго міласэрнасць вечная.
Вызнавайце Бога нябеснага, бо Яго міласэрнасць вечная. 


Але насамрэч прычын праслаўляць Бога  – проста безліч. Гэтая думка гучыць у самай папулярнай – паводле апытання радыё Premier Christian –  песні ў Велікабрытаніі.

10,000 Reasons (Bless the Lord). Аўтар – Matt Redman (Мэт Рэдман)


No comments:

Post a Comment