15/09/2014

Турботы і пошукі


Пшанічнае поле. Ван Гог
У англійскай мове ёсць дзеяслоў disturb (у перакладзе, перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню), вельмі сугучны беларускаму турбаваць.  Адны і тыя ж турботы яднаюць людзей, замінаюць нармальнаму існаванню: як пракарміцца, што апрануць, дзе знайсці бяспечнае месца...  Празмерны клопат пра гэтыя рэчы можа зрабіць чалавека нявольнікам матэрыяльнага свету, адабраць радасць і пачуццё меры. “Сцеражыцеся прагнасці... Шукайце найперш Валадарства Божага”, – гаворыць Хрыстус. А паміж гэтымі выразамі – прыповесць пра багацея, таго самага, які сказаў сам сабе: “Еш, пі і весяліся” (Лк 12, 13:34).  Які ж добры ён наш знаёмы, нібы родны...
Калі нечакана поле дало шчодры ўраджай, ён ужо быў чалавекам не бедным, і ўспрыняў гэты прыбытак, як заслужаную ўзнагароду за свой жыццёвы клопат. Мне здаецца, ён быў з такіх людзей, якіх сёння  называюць “сэлф-мэйд-мэн” – чалавек, які зрабіў сябе сам. Не так істотна, ці атрымаў ён поле ў спадчыну, ці набыў, рухавіком дзейнасці былі тыя ж самыя турботы, што і ў нас зараз: не галадаваць (што з цягам часу ператвараецца ў “смачней з’есці”), мець добрае адзенне, быць паважаным чалавекам.   

Усё гэта не далося ў рукі само, калі ж змарнаваць лягчэй, чым захаваць і памножыць. Як бачым, ён меў поле, работнікаў, нейкага эканома, напэўна, а таксама прылады працы, жывёлу, ды свірны з засекамі, каб захоўваць  дабро. І кожны год ён рупіўся своечасова засеяць, дагледзець, зжаць і разумна размеркаваць ураджай, каб атрымаць прыбытак. Сякі-такі даход поле прыносіла, лічыўся ж багацеем, але седзячы за сваімі разлікамі, ён бачыў, што не можа дазволіць сабе адпачыць, склаўшы рукі, выдаваць грошай больш, чым у мінулым годзе, і нават даць вялікую вячэру, як, напрыклад, начальнік мытнікаў... А гэта непрыемна, згадзіцеся. Ён ведаў, што не галадуе і напэўна, дзякаваў Богу, што ён не такі, як тыя жабракі пад ягонай брамай, але хацелася большага...

І вось па невядомых прычынах ўраджай сабралі з поля вельмі, проста ашамляльна, вялікі. "Ці то пасеялі ў добры час? Ці надвор’е спрыяла?" – задаваўся пытаннямі ўладальнік. Эканом, спадзеючыся на падвышэнне заробку, напэўна, даводзіў, што гэта сталася вынікам толькі ягонай рупліваці і розуму... Але багацей усведамляў, што гэта – удача. Нарэшце, пашанцавала. Ужо махнуў рукой і скарыўся лёсу, а стаўся цуд. Поле як поле, год як год – а прыйдзецца свірны зруйнаваць, пабудаваць новыя, наняць людзей, заплаціць за ўсё, і пшаніцы яшчэ застанецца на шмат бесклапотных гадоў!.. 

Здавалася б – што не так? Усё спраўна падлічана і спланавана наперад. Пі, еш, гуляй на ўсе. Сумленне? Не, не чуў. Вось парадокс: стурбаваны насцярожаны чалавек – спіць, не фізічна, але духоўна. Сумленне нават не адазвалася ў багацея. Ці ты голы і босы, што табе прызначана гэтае багацце? Ці ты не даядаеш? За многія гады напружанай працы ты навучыўся кіраваць і распараджацца дабротамі, мудра выкарыстоўваць час і сродкі, эканомна выдаваць грошы – і слушна табе дадзена гэтае дабро. Але дадзена дзеля тых, каго Бог хоча таксама накарміць, апрануць, сагрэць, навучыць. Вялікі ўраджай быў запрашэннем увайсці ў Божы клопат.   Сапраўдны шанец вызваліцца з жывёльнага страху, што заўтра Бог не накорміць, адарваць вочы ад разлікаў (і манітораў) і паглядзець на птушак нябесных, на кветкі палявыя, на сваіх бліжніх. Гэта магчымасць выйсці з ізаляцыі багацця, а не будаваць большы свіран і вышэйшы плот. 

З якім трэскам закрыў наш знаёмы ўсе гэтыя дзверы, адчыненыя Богам, і пайшоў за сваёй хцівасцю, за вобразамі будучых гулянак і вечарынак.  На ягонае “от цяпер зажыву” Езус кажа “не тым жывы чалавек, што мае”. І, аказваецца, ад Бога быў бы той чалавек, які б прыйшоў і сказаў багацею: “Дурань! А што, калі заўтра ты станеш на парозе неба, а там ты не сабраў анічога?” Мы-то ведаем, што ўжо сыпяцца, ягоныя апошнія зямныя хвілінкі, як пясочак скрозь пальцы. А ён у сваёй галаве свірны ды каморы будуе... 

Як жа лёгка заўважыць, што не так у людзей, якіх мы лічым багатымі, і як непрыемна пачуць пра ўласную неразумнасць і малавернасць. Але трэба слухаць, разважаць трэба шукаць і стукацца ў неба, пакуль ёсць час.

No comments:

Post a Comment