02/04/2012

Бацькамі быць


Напісаць пра дзяцей - проста і, адначасова, складана. Пра тое, што яны - супер, цяжка не здагадацца. Пра тое, колькі з імі мітусні - гэта трэба самому перажыць :)

Пра тое, як з імі даць рады, а што больш важна - як іх навучыць даваць рады са сваім жыццём - вось пра што думаю і гляджу на іншых, і шукаю адказу.

Наш першынец – Міколка, Колька – нарадзіўся ў пачатку зімы напрыканцы 2002 года, калі выпаў першы сталы снег. Мне было 25 год, я забяспечыла сябе кніжнымі ведамі пра дзяцей для маладых бацькоў, але далека не лепшымі. А парады бабуль мне здаваліся неактуальнымі, толькі рабіла выгляд, што слухаю. Карацей, была такой курыцай – сумна ўспомніць. Як бы гадаваліся першыя дзеткі ў бацькоў, каб не любоў? Слушна, без яе не было б ні бацькоў, ні дзетак! А калі розуму і вопыту не хапае, то менавіта, любоў не дае зусім разгубіцца і нарабіць непапраўных памылак.


“Жанчына здагадваецца пра ўсё, пакуль не пачынае думаць”, - казаў адзін мудры айцец-пустэльнік. Карысная здольнасць - прыслухацца да сябе, да свайго матчынага інстынктыўнага адчування, як павінна дзіця расці, што яму добра, а што – шкодзіць.

А вось калі дзіця лячыць, а калі – даць пахварэць, без дапамогі добрага доктара і ўласнага вопыту не разабрацца.

Так яно і атрымалася. З нараджэннем дачушкі Янкі я ўжо не была такой упэўненай  і разумнай, больш прыглядалася да дзіцяці, і нарэшце, пачала фільтраваць інфармацыю. А самае галоўнае – Бог паслаў добрага педыятра, які да гэтай пары – наша першая дапамога, крыніца ведаў і здаровага сэнсу.

Нараджэнне Віталькі было радаснай, але ўжо натуральнай і спакойнай падзеяй. “Нарадзіўся – малайчынка!”. Неяк так. Насамрэч, гэта шчасце – дарасці да разумення свайго дзіцяці, калі з першых дзён ведаеш, якім плачам ён просіць тое ці іншае, і можаш заспакоіць яго трывогу, голад ці недахоп. А бывае – не можаш і проста гаворыш, што трэба пацярпець.

Кожнаму дзіцяці трэба спазнаваць гэты свет, і менавіта бацькоўская шчырасць дапамагае адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. Не заўсёды гэта лёгка - захаваць сваё "так" альбо "не". Бывае, вельмі цяжка стрымацца ад якога-небудь пагрозлівага абяцання, якое б прымусіла гэтае маленства, нарэшце, цябе паслухаць!

Але ж праўда ў тым, што дзіця слухае вельмі добра: ці не ператвараецца тваё "так" раптам у "не", ці збываюцца твае пагрозы, ці можна ўвогуле табе верыць... Няхай хаця б з-за бацькоў не будзе ў дзяцей блытаніны ў галовах і сэрцах.

А наконт "гаварыць з дзецьмі" - гэта важна, як і многія іншыя карысныя парады. Але слоў і ўвагі можа быць зашмат, а любові - не.

Дарэчы, выхаванне - гэта працэс, як і любоў. Што ж, будзем вучыцца разам?

No comments:

Post a Comment