22/04/2012

Тата

Сёння яму магло б споўніцца 80 год. Толькі пражыў тата 76. Гэту гісторыю пра яго я публікавала аднойчы ў Сеціве. І сёння змяшчаю тут. 
 
Гэтыя ўсмешлівыя людзі са старых фотаздымкаў… Ці былі яны насамрэч? Няўжо яны, як мы, адчувалі водар майскіх садоў і пах першых суніцаў, страсалі з плячэй мяккі снег, уваходзячы ў хату, прыслухоўваліся да спеву птушак, апякалі пальцы гарачай бульбай, чулі ў сабе біццё закаханага сэрца… Ці магло ўсё прамінуць разам з адыходам чалавека ў іншы свет? Нават Сонца і Месяц, водары і краскі засталіся. І душа, дадзеная чалавеку на вечнасць, куды падзенецца…
Тое, аб чым памятаюць ужо нешматлікія бацькоўскія сябры: як былі яны ўсе маладымі, як збіраліся разам не толькі ў нядзелю на імшы, але й пасля, пры стале або за мястэчкам (бо Астравец і зваўся мястэчкам) на зялёнай траве, якую засцілалі пасцілкамі. Яны гутарылі і спявалі, дзялілі клопаты і спадзяванні, а самыя блізкія сябры размаўлялі аб горычы, аб страху, аб няўдачах. Веруючыя людзі заўсёды былі навідавоку і ў ворганаў, і ў сапраўдных савецкіх грамадзян. Адзін з лепшых сяброў казаў: “Трэба ведаць, з кім піць і колькі піць”. На жаль, трэба было вельмі пільнавацца ў размовах і ўчынках, бо данесці мог нават той, на каго ніколі ніхто б не падумаў.

Расказвала мама, што весела жылі, не сумавалі, не адчайваліся. Аж 16 год была ў іх толькі адна дачушка Аня, а потым нарадзілася я. Казалі, ксёндз Алёйзы ўвесь час дакараў іх за тое, што ў такой добрай сям’і толькі адно дзіця : ) Ён жа і пахрысціў мяне ў Астравецкім касцеле святых Космы і Дам’яна. Маме было 35 год, тату – 45. Зразумела, цёплыя дзяцінныя ўспаміны вельмі часта звязаны з ім.

З ім было спакойна. Тата заўсёды ўсміхаўся. Вельмі рэдка ў яго не знаходзілася добрага позірку і лагоднай прывітальнай усмешкі для дзяцей. Няшчасці і перажыванні маглі азмрочыць яго, але ніколі сваю горыч ён не спаганяў на іншых. Ён няшмат гаварыў, не любіў настаўляць, што каму належала б рабіць, меў вялікую павагу да іншага чалавека. І прабачаў - зноў і зноў. Не таму, што наіўна не бачыў, што адбываецца, ці летуценна лічыў усіх добрымі. Не, ён ведаў, на што людзі здольны, і хто хлусіць, і хто пагарджае ці пасмейваецца. Думаю, штодзённае ўзіранне ў Хрыста, моцная вера і згода з Божай воляй, рабілі такія змены ў характары і захаванні, што тата не стаў фанатыкам ці крывадушнікам, а наадварот, ставаўся больш мяккім, шчырым, зычлівым, ціхім… У тым, што ён прабачыць мне ўсё, я ніколі не мела ніякага сумневу, але часта штосьці ўтойвала, каб толькі не бачыць, як яму стане балюча.

Малой я лянілася ўставаць рана ці працаваць многа, і ён ведаў усе мае хітрыкі, дараваў мне, ківаў і йшоў сам. А потым ў размове з мамай ён даваў мне сціслую і вычарпальную характарыстыку, а я разгублена “прасвятлялася”, як добра ён мяне ведае, хоць так мала гаворыць.

Але падрастаючы, мы з сястрой хутка зразумелі, што не можам адмовіць яму практычна ні ў чым, што выкананне ягоных просьбаў прыносіць радасць.

Вядома ж, я захаплялася ім, асабліва, як ён іграў у касцеле і спяваў на ўвесь голас. Што дзіўна, здаралася гэта не так часта. Бо адной з мэтаў сваёй працы тата лічыў спеў усяго касцёла, а не толькі арганістага з хорам. Таму ён моцным голасам пачынаў песню, а потым спяваў і граў так, каб толькі падтрымліваць вернікаў, якія прыйшлі на імшу. І зараз, бываючы ў Астравецкім касцеле, дзе, дарэчы, за 3 гады так і не знайшлося новага арганіста, я чую, як людзі спяваюць тыя ж самыя песні, якія гучалі праз ўсё маё дзяцінства і маладосць…

Вельмі ўражвала мяне Пасхальная рэзурэкцыя на лаціне, а-капэла, калі ксёндз толькі падыходзіў на Гробу Пана пры ўваходзе ў касцёл. Ранішняе веснавое сонца свяціла праз высокія вокны, я стаяла звычайна на хорах, нічога не разумела і не спявала, а толькі слухала, як перагукаюцца святар і татаў хор. І пасля гэтай уступнай рэзурэкцыі пачыналі біць званы ў касцеле (не вялікі, бо за савецкім часам нельга было яго нават мець), і ажываў пасля Вялікага Тыдню арган, і пачыналі гучаць велікодныя песні…

Тата таксама вельмі любіў сваю прафесію, радаваўся свайму таленту дапамагаць музыкай людзям маліцца, служыць Богу. І гэта не было простым захапленнем. Вера ягоная прайшла цяжкія выпрабаванні за савецкім часам.

Якія? Прэтэнзіі, што ён тунеядзец і нідзе не працуе, зрабілі яго начным вартаўніком. І пасля ночы на холадзе, без сну, ён без без снядання на 8 гадзін на ранішнюю імшу, каб паспець, бо тагачасны ксёндз-дзекан Юзэф Інгелевіч ніколі не спазняўся. Але гэта яшчэ можна было вытрымаць. І нават насмешкі камуністаў не былі такімі ўжо нязноснымі, хоць і крыўдна было. Але й плёткі пра яго распускалі, нібыта з касцельнай касы грошы забірае. Бо тым, хто такое казаў, нецікава было пэўна даведацца, што сабраныя грошы высыпалі на стале і лічылі тры прадстаўнікі касцельнага камітэту. Нават у галаву не магло прыйсці нешта з касцёла ўзяць ды вынесці.

Але вярбоўка… Каб даносіў на святароў, на сяброў, на сваякоў… Божа, як ён вынес тыя бясконцыя размовы з чэкістамі, тыя пагрозы, калі нават даходзіла да выбару альбо – альбо: “альбо ты падпісваеш згоду на супрацоўніцтва, альбо мы зараз растраляем цябе”- і клалі на стол рэвальвер. Яго маглі выклікаць з хаты ўночы, ён прасіў маму не запальваць святло, каб думалі, што іх няма дома… “Згаджайся! Падпісвай!”

Унутраны стан чалавека пад такім прэсінгам мне нават цяжка ўявіць. Аднаго разу тата не вытрымаў і, падыйшоўшы да кс.Юзэфа, вымавіў: “Прашу адправіць за мяне святую імшу і памаліцца за мяне, бо я магу не вытрываць” “Я ўжо даўно малюся за цябе”, - ціха адказаў ксёндз.

І праз нейкі час “яны” адчапіліся… Падпісваючы пратакол, што ён адмовіўся (гэта са слоў мамы), тата паставіў подпіс пад апошнім радком, а пустую частку паперы загнуў і акуратна павольна адарваў. Каб не дапісалі нічога. Можа й наіўна. Але больш яго не выклікалі.

Ён працаваў далей, дапамагаў ксяндзам. Яны не баяліся пры ім гаварыць аб касцельных справах, і тое, што ён пачуў, так і засталося пры ім. А часы яшчэ доўга былі безнадзейна цяжкімі для хрысціян… Заходнія галасы праз шум і трэск у старэнькім радыё – адзіная крыніца праўды. Я добра памятаю схіленую да самага дынаміка татаву галаву познім вечарам. Найлепш было б, каб я нічога не ведала, бо ў школе пыталіся: “У каго бацькі слухаюць замежныя хлуслівыя станцыі?!” Неяк хапіла розуму змоўчаць…

Мне падабалася, калі ён браў мяне за руку. Калі пераходзілі праз дарогу, напрыклад. Ці падчас падарожжаў у Вільню… Так, найперш, Вільня – гэта горад бацькоўскай далоні, моцнай і цёплай. А ездзілі часта, можа штомесяц, бо нейкія былі касцельныя справы ўвесь час. Адразу з чыгуначнага вакзала мы ішлі ў Вострую Браму. Падымаліся па сходах, стаялі перад вялікім абразам Маці Божай са спагаднымі вачыма, маліліся. Заўсёды нейкія капейчыны тата даваў бабулькам-жабрачкам, якія сядзелі на вуліцы пад Брамай. Потым ішлі далей. На каляды ён вадзіў мяне па віленскіх касцёлах і паказваў “жлубкі” – інсталяцыі біблейскіх ясляў. Яны проста захаплялі мяне сваёй прыгажосцю, памерамі і разнастайнасцю. Ён мог нават зайсці ў закрыстыю і папрасіць, каб дзеля мяне ўключылі гірлянды, лямпачкі і механізмы. І ўсё зіхцела, рухалася і … захапляла, вядома. Аднойчы летам мы нават ускараскаліся на тую Гедымінаву гару, адкуль відаць ваколіцы далёка-далёка. І такімі смачнымі мне падавался сасіскі з таматным соусам і чорным хлебам у буфеце чыгуначнага вакзала ў Вільні, што вам не расказаць. Дарэчы, за імі заўсёды стаяла вялікая чарга. Але я кожны раз ўпрошвала пакарміць мяне менавіта імі.

З тых далёкіх напаўзабытых часоў і да самай татавай смерці найбольш каштоўнай рэччу была ягоная прысутнасць, бо яна заўсёды азначала любоў, спагаду, дараванне, радасць, падтрымку. Прысутнасць чалавека, ціхмянасць і шчырасць якога мы не цанілі так, як належыць, жыццё якога было вялікім Божым дарам. І адыйшоў ён таксама ціха, як і жыў, без скаргаў і страху. Але гэта ўжо іншая, наступная гісторыя…

На Камчатцы падчас службы ў войску


З дзяўчатамі-харысткамі. Лучай
Музыкант на вяселлі

Таксама на вяселлі
У Астравецкім касцеле. 60-я гады

Лета 2006 года. З любімым акардэонам

3 comments:

  1. Бываюць такія аўтары, творы якіх чытаеш і забываешся... Нібы трапляеш у рэчаіснасць, апісаную словамі. Чытаеш і з лёгкасцю, і ў той жа час удумліва. І вось гэтае ўдумліва - нібы пашана да кожнага слова, да кожнай думкі, якая не можа быць без сэнсу.

    ReplyDelete
  2. Вялiкае шчасце быць дачкой такога таты...

    ReplyDelete