09/04/2012

Бацькi. Знаёмства

Ёй было 17 год. Гэты была яе 17-я вясна, звычайная і такая непаўторная, новая і смелая. Усё яшчэ наперадзе, яна ўсё яшчэ паспее, думаецца кожнай у 17 год. Яна – у сваёй роднай вёсцы Лукашэвічы, з бацькамі, малодшым братам, куляжанкамі і суседзямі, са сваім касцёлам, пільным позіркам у жыццё. Ён – здалёк ад родных мясцінаў і сям’і на Віцебшчыне (Зазер’е), але з любімай прафесiяй арганiста, са сваім талентам, які цешыў і палохаў, з любоўю да жыцця і прыгажосці, вельмі добры i тактоўны.

Быў красавік 1960 году.


Напярэдадні фэсту святога Юр’я дзяўчаты з Лукашэвіч прыехалі ў касцёл у Канстантынова, каб упрыгожыць свой аўтарык, які меліся несці падчас працэсіі: нейкім чынам прычапіць на яго вянок з жывых кветак, бо такая была ў той час завядзёнка. Заўтра яны будуць несці яго ўчатырох, апранутыя ў белыя доўгія сукенкі з велюмамі на галовах, апушчаных на твар… Нявіннасць, ахвяраваная Богу.

Оля, нахіліўшыся, чапляе вянок. Падыходзіць арганіст. Генэк (Эўгеніуш) Манчынскi. І пытаецца:


- Дзяўчаты, хто можа мне ўшыць гузікі ў касцюм? Толькі пашыў на фэст.

Оля моўчкі чапляе вянок, нічым не выдае сваіх швацкіх здольнасцяў. Але ж, прабачце, 3 гады адвучыўшыся ў краўца… Тут яе “здае” знаёмая дзяўчына арганіста (усе ведалі, што яны "дружаць" - так называліся заляцанні) з Багацькаў, Стася:

- Дык во, Оля табе няхай ушые, яна ж вучылася на швачку!

- Ну добра, - згадзілася Оля, бо яна апынулася ў вельмі годным стане: яна сама не “цягнула руку”, не напрашвалася, адным словам, наадварот, аказвае паслугу чалавеку, якому трэба заўтра апрануць адзежыну, а гузікаў няма. Чаму той ягоны кравец аддаў гарнітур з непрышытымі гузікамі? Яны пайшлі ў ксяндзоўскі дом у пакой арганіста, дзе ён даў ёй іголку і ніткі.

Яна шыла. Ён глядзеў.

Нарэшце, ўсё. Зрабіла як магла лепш, каб насіў і не наракаў. І помніў, канешне ж… Ён аддзячыў цукеркамі. Грам 200, не менш. Салодкія былі…

На другі дзень, перад імшой, дзяўчаты, якія ішлі да працэсіі, пераапраналіся ў бель… у пакоі арганіста Генкі. Як заўсёды. Бо не было дзе. Оля ўжо ўбралася і ўпэўнівала сябе, што ўсё добра (ці любавалася сабой) з люстэрачкам у руцэ. Раптам люстэрка падае з рук і каціцца- каціцца аж да дзвярэй, якія якраз у гэты момант адчыняе арганіст уласнай персонай і, уваходзячы, нагой наступае на тое люстэрка! Але рэчы ў тыя часы былі не тое, што зараз. Яно вытрымала, Оля падняла яго цэлым.

А потым неўпрыкмет Генэк пачаў прыходзіць да яе дадому. Вельмі ўдала суседам аказаўся старшыня касцельнага камітэту, да якога ў арганіста знаходзіліся справы, а знаёмай прыгажуні Олі трэба было абавязкова зайсці перадаць, што чарга падыйшла ў касцеле падлогу памыць… Але яна сцвярджае, што і думкі нават пра яго не было, што вы, ён жа са Стасей.

І вось мылі яны падлогу, і зной была там якраз тая Стася. Неяк зышоўшыся каля студні ўдваіх, Стася не стрымалася:

- Нашто ён табе? Ты маладая. Мы з ім дружым, аддай яго мне.

Оля не зразумела: ён жа і так з ёй, са Стасяй.

- Бяры. Я яго не дзяржу. – сказала яна. Але задумалася.

Потым, калі ён і праўда пачаў прыязджаць адназначна і мэтанакіравана, Оля расказала яму пра гэты выпадак. Генэк сказаў, што не меў сур’ёзных намераў да Стасі, што проста на танцах разам былі.

Чэрвень. Прыехаў Генэк і на кухні завёў размову чамусьці з маці, а Оля сядзела ў пакоі і чула ўсё.

- Аддайце Олю замуж за мяне, - папрасіў ён.

- Але ж яна надта маладая, нічога не ўмее рабіць…

- Нічога, я буду рабіць.

- Яна есці варыць не ўмее.

- Я сам буду варыць, я ўмею.

Размова зайшла ў тупік. І прычыны не знаходзілася, і аддаваць не хацелася. Але калі Генэк спытаўся ў самой Олі, яна сказала тое ж самае: “Я маладая надта”. Чамусьці ў гэтым пытанні яна разважыла так, як маці.

Усё лета яны былі здалёк. Сустракаліся на гуляннях. Генэк часта іграў на танцах і на вяселлях, добры быў музыка, і танцаваць любіў, і вясёлы быў, і падабаўся ёй…

Увосень арганіст прыехаў па вядомай патрэбе да Олінага суседа і трэба ж было паведаміць пра чаргу мыць касцёл самой Олі. І ён зайшоўся да іх, да Сарокаў. Зайшоў, каб зразумець, што ён не адступіцца, бо і яна чакала яго.

Яе радня ў Варашылках была супраць. Добрым жаніхом быў дзяцюк багаты (пажадана адзін у бацькоў), добрым замужжам – пераход у заможную сям’ю, з зямлёй, жывёлай, хатай… А Оля ведала, што Генэк проста добры і спадзявалася, што па гэтай прычыне і замужжа будзе проста добрым. Але сваякі пачалі адгаворваць яе ад гэтых сустэч, якія набліжалі вяселле, нават высміхалі з яго, намагаючыся ўтрымаць яе. Толькі дзядзька родны, Німка, станоўча і ўпэўнена сказаў:

- Калі пойдзе - не пашкадуе. Будзе жыць.


Вось на здымку той пары тата з мамай і маміны бацькі з малодшым маміным братам Люцыянам.

Оля пайшла за Эўгеньюша ў тую ж восень, на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі 9 дзён таму ёй споўнілася 18 год. І была шчаслівай. Ён і праўда шмат працаваў, і есці варыў, і стаў ёй і бацькам, і маці, і мужам, і сябрам. Другой паловай, другім я. Нібыта ўсё выконваў тое сваё абяцанне: “Не пашкадуеш”. Як ні крыўдна, яна потым казала яму, што шкадуе, бо … і далей ішоў пералік прычынаў. Ці ведаў ён, што гэта толькі словы, эмоцыі, накшталт дзіцячых капрызаў? Насамрэч не шкадавала...

Ужо потым, праз пэўны час пасля вяселля, Генэк прызнаўся сваёй цешчы, што яму пляткарылі на Олю, што яна глухая. Чуткі мелі пад сабой падставу, бо ў дзяцінстве і праўда была ў яе такая загана, але бацька Адоль вазіў да дохтара ў Вільню, дзе яе вылечылі. Дык Генэк шляхам, так бы мовіць, навуковага эксперыменту (бо чыйму слову ў такой далікатнай справе можна верыць) высвятляў, ці гэта праўда. “Я, - казаў, - гавару з ёй ціха і як найцішэй, а яна адказвае мне.”

Што ты там шаптаў ёй, татачка?

Потым былі шчаслівыя першыя вёсны… Зрэшты, я помню, калі мне было ўжо гадоў 20 з нечым, а гэта значыць амаль праз 40 год жыцця побач, мае бацькі абняліся, седзячы на канапе вечарам, і мама пяшчотна сказала: “Як нам з табой добра...” Магчыма, такія хвіліны асвятляюць жыццё, як промні.

No comments:

Post a Comment